15 снежня 2025, панядзелак, 23:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрты высветлілі, як мутацыя каранавіруса паўплывае на вакцыны

2
Экспэрты высветлілі, як мутацыя каранавіруса паўплывае на вакцыны

Спецыялісты вывучылі змены ў геноме COVID-19.

У Вялікай Брытаніі выявілі новы штам каранавіруса, які выклікае хваробу пад назвай COVID-19. Праз гэта паўсталі турботы аб тым, як гэта паўплывае на сучасныя вакцыны супраць хваробы. Што цяпер кажуць экспэрты пра гэтую праблему?

Як піша Newsweek (пераклад - unian.net) новы варыянт каранавіруса называюць B.1.1.7 або VUI-202012/01. Яго ўпершыню выявілі на паўднёвым усходзе Англіі яшчэ ў верасні. Ён змяшчае некалькі мутацый. Навукоўцы ў Вялікай Брытаніі кажуць, што патэнцыйна гэты перайначаны каранавірус можа быць на 70% больш заразны, чым арыгінальны. Хоць прыкмет таго, што ён выклікае больш цяжкія сімптомы, пакуль няма.

Некалькі экспэртаў таксама патлумачылі, што пакуль няма довадаў, якія б паказвалі на памяншэнне эфектыўнасці вакцын супраць новага штаму SARS-CoV-2. Аднак, навукоўцы дагэтуль спрабуюць даведацца больш пра новы варыянт віруса. Таму не выключана, што сітуацыя зменіцца, калі з'явіцца больш звестак.

Вірусолаг з Універсітэта Лестэра доктар Джуліян Танг заявіў: «Мы не бачым ніякага павышэння вірулентнасці або якіх-небудзь вялікіх змяненняў у бялках шыпоў, якія б скарацілі эфектыўнасць вакцын». Навукоўцы ўсё яшчэ спрабуюць высветліць, як генетычныя змены дапамогуць каранавірусу пераадолець імунітэт, набыты з дапамогай прышчэпкі ці праз натуральнае заражэнне.

«Спадзяюся, што новы штам не зменіць імунную рэакцыю на столькі, каб перашкодзіць з'яўленню аховы праз вакцынацыю. Хоць наступствы з'яўлення новага штаму дагэтуль высвятляюцца, цалкам разумна спрабаваць скараціць яго распаўсюджванне ў Брытаніі і іншых краінах свету», - сказаў прафесар новых інфекцыйных захворванняў Лонданскай школы гігіены і трапічнай медыцыны Марцін Гіберд.

Адмірал Бэрэт Жыраар - чалец адміністрацыі Дональда Трампа, адказны за правядзенне тэстаў у ЗША - сказаў ABC News, што «цяпер прычын для трывогі няма». А Дэпартамент аховы здароўя сочыць за распаўсюджваннем каранавіруса, які мутаваў.

«Мы не ведаем, ці небяспечны ён. І, што больш важна, мы не бачым ніякай мутацыі, якая дапамагла б яму пазбегнуць дзеяння вакцыны. Я не магу сказаць, што гэтага дакладна не адбудзецца ў будучыні. Але цяпер здаецца, што вакцыны справяцца з усім, што мы бачым», - сказаў Жыраар.

У Францыі міністр аховы здароўя Аліўе Веран сказаў радыёстанцыі Europe 1, што сучасныя вакцыны ад COVID-19 павінны быць эфектыўнымі і супраць мутаванай версіі каранавіруса.

«Тэарэтычна няма прычын, з якіх вакцына не павінна быць эфектыўнай супраць яе», - сказаў Веран.

Newsweek тлумачыць, што ў будучыні навукоўцам давядзецца змяніць вакцыны ад COVID-19. Паколькі каранавірус SARS-CoV-2 і ў далейшым будзе мутаваць і мяняцца. Аналагічным чынам даследчыкам даводзіцца мяняць формулу вакцын ад сезоннага грыпу, каб яна адпавядала самым свежым яго мутацыям.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках