«Калі несправядлівасць становіцца законам, супраціў пераходзіць у абавязак»
1- 22.12.2020, 16:53
- 27,620
ФОТА: РАМАН ЧМЕЛЬ/BINKL.BY
Нас сапраўды шмат.
Усяго за тры дні беларусы сабралі грошы на вучобу берасцейцы Аляксандры Гаўрусік, сям'я якой апынулася ў складаным матэрыяльным становішчы, піша «Брестская газета». Гэта тая самая студэнтка, якую затрымалі ў нядзелю 11 кастрычніка на берасцейскай набярэжнай пасля яе адзіночнага пікету з плакатам «Калі несправядлівасць становіцца законам, супраціў пераходзіць у абавязак» і даволі працяглай пагоні АМАПу. Дзяўчына правяла ў ізалятарах часовага ўтрымання Берасця і Століна 15 дзён.

У суботу Аляксандра падзялілася ў Інстаграме, што яе сям'я цяпер знаходзіцца ў вельмі цяжкім матэрыяльным становішчы, у сувязі з чым яна ўпершыню прадае свае карціны.
Дзяўчына патлумачыла, як так здарылася. Яна вучыцца на лінгвіста ў гарадзенскім універсітэце на пятым курсе. За два дні да затрымання Саша паспяхова прайшла сумоўе на працу, якая ёй патрэбная, каб аплачваць вучобу. Пасля вызвалення яна прайшла стажыроўку, але захварэла на каранавірус. Была на самаізаляцыі тры тыдні, працаваць пачала толькі 7 снежня. У мамы Аляксандры адчувальна ўпалі даходы на фоне пандэміі: не стае нават на здымную кватэру, у якой яна жыве. Самой жа студэнтцы пагражае адлічэнне праз нявыплату, якая складае 980 рублёў. Аплаціць рахунак трэба да 30 снежня.
«Баюся, што я не паспею сабраць гэтыя грошы», - напісала дзяўчына і дадала, што магчымасцю растэрміноўкі аплаты, якую пры неабходнасці надаюць ва ўніверсітэце, яна ўжо карысталася.
Мастачка абвясціла аўкцыён сваіх карцін, а тым, хто не можа ці не хоча набываць карціну, але хоча дапамагчы, прапанавала пералічыць якую-небудзь суму на карту, замовіць у яе новую працу або зрабіць рэпост публікацыі.




У выніку сабралі больш, чым трэба: блізу 2 000 рублёў. Аляксандра расказала, што грошы прыходзілі ледзь не кожныя 15 хвілін. Хтосьці нават пералічыў сімвалічныя 23.34 рубля (паводле матываў папулярнага ў Беларусі артыкула КоАП).

Саша падзякавала ўсім, хто дапамог, і захапілася спагадлівасцю беларусаў.
«Напраўду грошы, якія мне прыйшлі, прасякнутыя крывёй, потам, праз пакуты тых людзей, якія адседзелі, памерлі, былі збітыя, зняважаныя, на чые каштоўнасці наплявалі», - мяркуе яна.
Дзяўчына просіць беларусаў прадаўжаць дапамагаць, узаемадзейнічаць з людзьмі, цікавіцца тым, што адбываецца.
«Гэта паказвае, што нас сапраўды шмат і што ўсё атрымаецца. Я веру, што сапраўды ўсё атрымаецца», - кажа яна.
Паколькі Аляксандра сабрала больш, чым ёй неабходна, астатнія грошы яна плануе накіраваць на патрэбы тых, хто таксама пацярпеў ад рэпрэсій. Аўкцыён яе работ прадаўжаецца. Пераможцы будуць вядомыя ўжо сёння, 22 снежня.