15 снежня 2025, панядзелак, 23:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жаўнер тэрміновай службы: Калі дэманстранты прыціснуць, усё абрынецца за секунду

54
Жаўнер тэрміновай службы: Калі дэманстранты прыціснуць, усё абрынецца за секунду
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Адкрыты аповед пра настроі ў шэрагах сілавікоў.

Што адбываецца за кардонам сілавікоў, якія б'юць, затрымліваюць і катуюць дэманстрантаў у Беларусі? Пра гэта журналісту інтэрнэт-газеты naviny.by распавёў жаўнер экс-тэрміновай службы, які асабіста бачыў, што адбываецца па іншы бок барыкад. Мы пераказваем самае галоўнае з ягонай гісторыі.

Уладзімір (імя героя змененае) трапіў у войска ў 22 гады. Служыў з восені 2019 да восені 2020-га ў вайсковай частцы 3310 у вайсковым гарадку Аколіца. Жаўнеры тэрміновай службы з гэтай часткі таксама ўдзельнічалі ў разгонах пратэстаў, хоць Уладзіміра на сумоўі на службу пераконвалі ў зваротным, калі ён казаў, што не з'яўляецца прыхільнікам улады.

У першыя паўгода службы Уладзімір часам ахоўваў «важныя аб'екты». Напрыклад, некалькі разоў стаяў у лесе, калі нехта з высокіх службовых асобаў ехаў у аэрапорт - у тым ліку, Лукашэнка. А яшчэ ў яго частцы былі людзі, якія адказвалі за хобі Лукашэнкі - касьбу травы.

Рыхтаваць да жнівеньскіх пратэстаў жаўнераў тэрміновай службы пачалі яшчэ ў канцы вясны. Частка іх выкарыстоўвалася АМАПам у якасці сімуляцыі дэманстрантаў. Уладзімір кажа: «Нас рыхтавалі зусім не да таго, з чым давялося сутыкнуцца на вуліцы. Меркавалася, што будзе жорсткі сілавы сцэнар з боку дэманстрантаў, забойствы <...> Гэта значыць, яны не трэніраваліся бегаць за людзьмі, як гэта робіцца цяпер. Трэніраваліся біць гумовымі палкамі, якія бываюць, дарэчы, розныя па масе - ад 800 грамаў да паўтара кілаграма <...> На вуліцах Менска пасля выбараў выкарыстоўвалі ўсё, што я бачыў на вучэннях, за выключэннем атрутнага газу, які выклікае ваніты».

9 жніўня Уладзімір разам з іншымі жаўнерамі прыехаў у Менск. Да дзявяці гадзін яны проста сядзелі ў адным пункце, ужо пачалі думаць, што пратэстаў наогул не будзе. Але потым ім далі каманду на выхад.

Уладзімір распавядае: «Ужо тады дэманстранты крычалі ўслед: «Ганьба! Фашысты». Мы не разумелі, за што, пакуль не ўбачылі, што робіць АМАП, з якім людзі нас атаясамлялі <...> Потым каля Нямігі ўбачылі, як працуе АМАП. Добра памятаю, як супрацоўнік АМАПа з шалёнымі вачыма (іх шарэнга ў нейкі момант была перад намі) сказаў нам матам у перакладзе на беларускую мову: «Хлопцы, забівайце іх. Альбо яны, альбо мы. Яны вас шкадаваць не будуць, і вы іх не шкадуйце».

У нейкі момант сказалі выкарыстоўваць балончык. Я дастаў і тут жа паклаў назад, апусціў і палку. І зразумеў, што павінен быць не з таго боку барыкад.

<...> Асабіста я нікога не біў, ні разу не падняў руку на чалавека. Большасць маіх таварышаў па службе таксама гэтага не рабілі».

Раніцай 10-га жніўня, паводле слоў Уладзіміра, у яго частцы пачалася паніка. Жаўнеры абмяркоўвалі, што павінна здарыцца, каб яны апусцілі шчыты. Уладзімір кажа, што ніхто не хацеў ісці ў бой. А калі жнівеньскія пратэсты скончыліся, са слоў Уладзіміра, з часам пратэсты сталі часткай руціны.

«Мы ў адзін з дзён стаялі ў Малінаўцы. Нас папярэдзілі, што з дарогі матацыклісты могуць кідаць кактэйлі Молатава <...> Варта праехаць матацыклісту - уціскаеш плечы ў галаву, бо ў кожную секунду чакаеш, што табе ў спіну прыляціць. Было вельмі страшна. Здавалася, што горад на цябе палюе, але потым усё змянілася».

Уладзімір кажа, што яму шкада, што людзі 9-га «апынуліся не гатовымі да рашучых дзеянняў - нам было зразумела, што калі дэманстранты прыціснуць, усё абрынецца за секунду». Але ён захоўвае аптымістычны настрой: «Убачыўшы сітуацыю знутры, я думаю, што калі людзі зноў стануць масава выходзіць у горад, многае зменіцца».

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках