Рэжым дазволіў мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу вярнуцца ў Беларусь
63- 22.12.2020, 21:34
- 56,776
ФОТА: CATHOLIC.BY
Арцыбіскуп мае намер прыехаць у Беларусь заўтра ці паслязаўтра.
Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч не мае перашкод для вяртання на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Апостальская нунцыятура паведамляе, што 22 снежня атрымала інфармацыю пра гэта з кампетэнтных дзяржаўных органаў.
«Нунцыятура выказвае падзяку дзяржаўным уладам Рэспублікі Беларусь за станоўчы адказ на просьбу Папы Францыска адносна магчымасці вяртання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча для здзяйснення ўрачыстасці Божага Нараджэння з вернікамі, пастырам якіх ён з'яўляецца», - гаворыцца на сайце прадстаўніцтва каталіцкай царквы.
Такім чынам, арцыбіскуп Кандрусевіч мае намер прыехаць у Беларусь заўтра ці паслязаўтра, каб удзельнічаць у Калядных набажэнствах.
Кандрусевіча нечакана не пусцілі ў Беларусь 31 жніўня. З тых часоў кіраўнік беларускай каталіцкай царквы чацвёрты месяц жыве ў вымушанай эміграцыі. 74-гадовага мітрапаліта гэтая сітуацыя вельмі засмучала. Ён нават паведаміў, што найбліжэйшым часам папросіць аб адстаўцы.