12 студзеня 2026, панядзелак, 6:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пісьменнік Андрэй Горват купіў палац Горватаў у Нароўлі

5
Пісьменнік Андрэй Горват купіў палац Горватаў у Нароўлі

Найбліжэйшым часам Андрэй Горват, а таксама яго сябры маюць намер правесці частковую кансервацыю будынка.

Пакупнікамі галоўнай славутасці Нароўлі, палаца Горватаў, сталі пісьменнік Андрэй Горват і яго сябры.

Пра гэта Горват паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook у аўторак.

«Нядаўна з’явілася інфармацыя, што палац у Нароўлі быў прададзены юрыдычнай асобе. Некалькі журналістаў звярнуліся да мяне з пытаннем, як я ўспрыняў гэтую навіну. Здаецца, цяпер я гатовы даць адказ. Навіну ўспрыняў нармальна, таму што гэтую юрыдычную асобу заснаваў я сам і мае сябры: Аляксандр Баранаў і Пётр Кузняцоў», - гаворыцца ў паведамленні.

Пісьменнік падкрэсліў, што нягледзячы на блізкасць прозвішчаў, ён не з'яўляецца прамым спадчыннікам яго ранейшых уладальнікаў, і што яго сямейнае гняздо - Прудок, якому Андрэй Горват прысвячае свае творы.

«Я ўпершыню ўбачыў нараўлянскі палац, калі мне было дваццаць тры. Мы з ім пазнаёміліся познім вечарам, пад чорна-сінім нараўлянскім небам. Я ўбачыў яго, аслупянеў і адразу палюбіў. Потым кожны месяц прыязджаў у Нароўлю з Менска, каб пастаяць побач, спакойна пагаварыць з ім на ўсялякія нязначныя тэмы. Ён стаў для мяне як блізкі чалавек», - адзначыў ён.

Найбліжэйшым часам Андрэй Горват, а таксама іншыя новыя ўладальнікі палаца, бізнэсовец Аляксандр Баранаў і аналітык Пётр Кузняцоў, маюць намер правесці частковую кансервацыю будынка і пачаць антыаварыйныя працы. Таксама пісьменнік звярнуўся да сваёй аўдыторыі па дапамогу ў гэтай справе.

Палац Горватаў быў прададзены на электронных таргах, якія праводзіліся на пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць» 12 лістапада бягучага года. Цана продажу аднаго з найпрыгажэйшых палацава-паркавых ансамбляў беларускага Палесся склала Br53 357,63 (пачатковы кошт плюс 5%). Згодна з умовамі электронных таргоў, будынак палаца і зямельны ўчастак, на якім ён размяшчаецца, павінны выкарыстоўвацца для размяшчэння аб'ектаў грамадскага харчавання або турызму.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках