Менскі таксіст спалохаўся каронавірусу і не ўпусціў у аўтамабіль казаха
- 11.02.2020, 15:31
- 10,298
Ён падумаў, што той - кітаец.
Нурсултан прыбыў з Казахстана. Учора раніцай у Менску ён выклікаў «Яндэкс.Таксі», але не змог трапіць у аўто: кіроўца прыехаў на выклік, але не разблакаваў дзверы. Убачыўшы пасажыра, ён адмоўна пакруціў галавой і з'ехаў. Як гэта разумець?
- Таксоўку я выклікаў учора а 6 гадзіне раніцы. Прыехала аўто, чорны Volkswagen Polo. Я падышоў, тузаю за ручку задніх дзвярэй - не адчыняецца. Спрабую адчыніць пярэднія - тая ж гісторыя. Кіроўца на мяне паглядзеў, пакруціў галавой і з'ехаў, не сказаўшы ні слова, - распавёў карэспандэнту onliner.by Нурсултан.
Хлопец наважыў патэлефанаваць таксісту (нумар жа паказаны ў дадатку): трэба ж было высветліць, з чым звязаныя такія нестандартныя паводзіны.
- Слухаўку кіроўца не ўзяў, але напісаў мне ў адказ SMS. Ён палічыў, што я кітаец, і дадаў, што не бачыць сэнсу рызыкаваць за 3 рублі. Магчыма, спалохаўся каронавірусу, - выказаў меркаванне суразмоўца.

Нурсултан стараецца ставіцца да гэтага з гумарам, хоць выпадак для яго непрыемны. Ён выклікаў іншае аўто, праблем з наступным кіроўцам не ўзнікла.
- Распавёў яму пра тое, што адбылося, разам пасмяяліся. Думаю, чалавек спалохаўся каронавірусу, але па факце праявіў расізм (што відаць у перапісцы).
Наш чытач звярнуўся ў службу падтрымкі «Яндэкс.Таксі», у яго папрасілі прабачэння.

Карэспандэнт Onliner, дарэчы, звязаўся з кіроўцам, але той не захацеў каментаваць гэты выпадак.