Мітынг пад офісам «Белнафтахіма»: беларусы спыталі пра кошты бензіну
50- 25.02.2020, 14:35
- 150,384
(Абноўлена) Акцыя сабрала некалькі дзясяткаў чалавек.
У Менску пад офісам «Белнафтахіма» прайшла сустрэча, ініцыяваная блогерам MozgON. Асноўнае пытанне, якое блогер прапанаваў задаць супрацоўнікам кампаніі, гэта як фармуюцца кошты паліва.
«Белсат» вёў жывую трансляцыю з сустрэчы.
«Кожнага чалавека ў краіне цікавяць кошты бензіну. Нават калі ў вас няма аўто - яны ўплываюць на кошты ў крамах. Я хачу сказаць прадстаўнікам «Белнафтахіма», што мы хочам зразумець, чаму гэтыя кошты растуць. Ніхто не можа назваць прычыны. Калі ёсць сумневы ў народа - трэба тлумачыць. Мы хочам, каб кошты зніжаліся», - распавёў адзін з удзельнікаў акцыі.
«Дзяржаве патрэбныя грошы на апарат. Даходы падаюць, людзі з'язджаюць з краіны, прадпрымальнікі сыходзяць. Грошы ляцяць у адзін бок, а ва ўладзе не застаецца кармавой базы. Таму адзіная магчымасць зарабіць - паліва, ежа, ЖКГ», - заявіў блогер MozgON.
Нагадаем, у Беларусі ўжо другі год запар рэгулярна даражэе бензін. Толькі за няпоўныя два месяцы 2020 года бензін падаражэў восем разоў. Экспэрты адзначаюць, што на фоне неразвязаных цяжкасцяў з пастаўкамі нафты з Расеі «Белнафтахім» можа перайсці на новую схему - аўтамабільнае паліва будзе даражэць некалькі разоў на тыдзень.