Хроніка каранавіруса: у Еўропе - значны рост колькасці хворых
13- 16.03.2020, 11:11
- 42,125
Якія захады зрабілі краіны?
Буйныя краіны Еўропы - Гішпанія, Францыя і Нямеччына - узялі прыклад Італіі і ўвялі жорсткія абмежаванні, каб змагацца з распаўсюджваннем каранавіруса. Увесь свет упершыню «выперадзіў» Кітай паводле колькасці заражаных. Пра гэта сведчаць звесткі онлайн-маніторынгу Даследчага цэнтра сістэмных навук і інжынерыі (CSSE) універсітэта Джонса Хопкінса (ЗША), піша tut.by.
Са звестак на 16 сакавіка, у свеце зарэгістравана больш за 162 тысячы выпадкаў каранавіруса, 6065 смяротных вынікаў. Прыкладна палова пацыентаў ачуняла (блізу 75 тысяч).
Колькасць выпадкаў хваробы за межамі Кітая ўпершыню перавысіла колькасць ўнутры краіны: 81,1 тысячы выпадкаў у Кітаі - і 81,7 тысячы ў іншых краінах.
У Кітаі ачунялі ўжо 67 тысяч чалавек - гэта 75% усіх тых, хто захварэў за ўвесь час. Загінулі 3,2 тысячы чалавек, 3,9% ад усіх пацыентаў. У Паўднёвай Карэі колькасць выпадкаў захворвання дасягнула 8,1 тысяч (з іх 75 смерцяў і 510 акрыянняў).
У Італіі лік заражаных перавысіў 27 тысяч (+2,8 тысячы за дзень). За адзін дзень загінулі 368 чалавек, агульная колькасць ахвяр хваробы дасягнула 1,8 тысячы. Ва ўсёй краіне - строгі карантын, але мясцовыя жыхары ўмудраюцца спяваць песні з балконаў.
У Іране ўжо 13,9 тысячы заражаных, 724 загінулых і 4,6 тысячы ачунялых. Віцэ-прэзідэнт краіны Эсхак Джахангір паправіўся пасля захворвання і вяртаецца да працы.
У Гішпаніі зафіксавана 7,7 тысячы выпадкаў каранавіруса. Усяго за дзень колькасць заражаных павялічылася на дзве тысячы, у краіне ўжо 289 смяротных зыходаў (+100 за дзень). Улады Гішпаніі ўвялі рэжым падвышанай гатоўнасці, абмежаваўшы рух людзей на 15 дзён. Дазволена выходзіць на двор, толькі каб набыць прадукты, лекі, прадметы першай неабходнасці, а таксама дабрацца да працы. Вірус выяўлены ў жонкі гішпанскага прэм'ера, а таксама ў двух міністраў. Заражаныя апынуліся 5 футбалістаў і трэнераў футбольнага клуба «Валенсія».
У Нямеччыне зарэгістравана ўжо 5,8 тысячы выпадкаў (1200 за дзень), 11 смерцяў і 46 акрыяння. Улады Нямеччыны прынялі пастанову закрыць мяжу з Аўстрыяй, Даніяй, Люксембургам, Францыяй і Швайцарыяй. Новыя захады ўваходзяць у дзеянне раніцай 16 сакавіка.
У Францыі заразіліся ўжо 5,4 тысячы чалавек (900 за дзень), памерлі - 120. Прэм'ер-міністр Эдуар Філіп абвясціў пра закрыццё кавярняў, рэстарацый, кінатэатраў і нехарчовых крамаў. Адкрытымі застануцца аптэкі, прадуктовыя крамы, банкі, АЗС і тытунёвыя шапікі.
Чатыры краіны - суседкі Беларусі - Польшча, Літва, Латвія і Украіна - увялі абмежаванні на межах. Да прыкладу, Літва (12 заражэнняў) забароніць уезд замежным грамадзянам з 16 сакавіка, але яшчэ тры дні краіну можна будзе перасекчы транзітам, каб вярнуцца дадому. Польшча (119 выпадкаў) ужо закрыла мяжу для ўсіх легкавых аўтамабіляў.
У Расеі агульная колькасць выяўленых выпадкаў заражэння каранавірусам павялічылася да 63 (4 за дні).
Нагадаем, што ў Беларусі, паводле апошніх звестак Міністэрства аховы здароўя, 27 пацыентаў з каранавірусам. Папярэднія аналізы яшчэ пецярых далі станоўчы вынік, праводзіцца ўдакладняльная дыягностыка. Каранцін ўсё яшчэ не ўведзены.