Злодзея аўтамабіля са стралянінай затрымалі ў Менскай вобласці
5- 18.03.2020, 11:45
- 13,084
Распачатая крымінальная справа.
Супрацоўнікі міліцыі са стралянінай затрымалі мужчыну, які скраў аўтамабіль у Берасці, паведамляе БелТА са спасылкай на Telegram-канал афіцыйнага прадстаўніка МУС Вольгі Чамаданавай.
Заява аб крадзяжы ў УУС Берасцейскага аблвыканкама паступіла 17 сакавіка на 102. Берасцеец паведаміў, што ўначы з неахоўнай стаянкі на Партызанскім праспекце невядомы скраў аўтамабіль Volkswagen Transporter.
На месца здарэння выехала следча-аператыўная група. Неўзабаве людзі з крымінальнага вышуку УУС высветлілі, што выкрадзены аўтамабіль ужо знаходзіцца ў сталіцы. У працу для вышуку жоўтага фургона ўключыліся аператыўнікі ГУУР МУС. Было ўстаноўлена, што аўто рухаецца ў Лагойскім раёне па трасе М3 ў кірунку Віцебскай вобласці.
Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі Менскай вобласці, аператыўнікі і ўчастковы інспектар міліцыі Лагойскага райаддзела пачалі пераслед. Кіроўца патрабаванням аб прыпыненні не падпарадкоўваўся. Пасля неаднаразовых папярэджанняў аб выкарыстанні зброі рушылі следам некалькі папераджальных стрэлаў у паветра, затым - па аўтамабілі. Калі Volkswagen спыніўся, кіроўца паспрабаваў уцячы ў лес, але яго дагналі аператыўнікі.
Затрыманым быў раней судзімы 50-гадовы жыхар Віцебскай вобласці. Мужчына змешчаны ў ІЧУ. Распачатая крымінальная справа.