Каардынатару «Еўрапейскай Беларусі» заблакавалі тэлефоны і інтэрнэт
10- 18.03.2020, 12:16
- 16,695
Максіма Вінярскага папярэдзілі пра тое, што ў яго будзе апісаная маёмасць.
Ужо некалькі дзён каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі пазбаўлены ўсіх сродкаў сувязі. Пастнаова аб блакаванні тэлефонаў і інтэрнэту прынятая судовым выканаўцам Аддзела прымусовага выканання Маскоўскага раёна Юліяй Пацкавай праз нявыплачаныя штрафы за ўдзел у акцыях у падтрымку незалежнасці, паведамляе прэс-служба «Еўрапейскай Беларусі».
Актывіст расцэньвае гэтыя дзеянні, як рабаванне на дзяржаўным узроўні.
- Мне прыйшло паведамленне ад аператара МТС пра тое, што мой нумар блакуецца, а з балансу спісваюцца сродкі, - распавёў Максім Вінярскі. - На наступны дзень аналагічнае паведамленне прыйшло і ад аператара Лайф. Судовая выканаўца таксама папярэдзіла аб тым, што найбліжэйшым часам да мяне прыйдуць апісваць маёмасць.
Ведаю, што блакаваннем тэлефонаў пагражаюць і іншым актывістам «Еўрапейскай Беларусі».
Гэта верх цынізму - блакаваць сувязь цяпер, калі праз пандэмію каранавіруса няма магчымасці рэгулярна бачыцца са сваякамі. Я нават не магу замовіць дастаўку прадуктаў для сваёй мамы.
Штрафы вынесеныя за тое, што я карыстаўся сваімі канстытуцыйнымі правамі, таму за законныя дзеянні рабаўнікоў з АЗГ не ўважаю. У мяне на сёння няма магчымасці выплаціць іх. Я ўжо не ўпершыню сутыкаюся з такой сітуацыяй, думаю, выхад мы знойдзем. Разлічваю на салідарнасць і падтрымку беларусаў.