Польскае войска далучылася да барацьбы з каранавірусам
9- 18.03.2020, 18:15
- 12,680
Яно дапамагае лякарням і на межах краіны.
Жаўнеры войскаў тэрытарыяльнай абароны Польшчы даставілі ў некаторыя лякарні краіны маскі, камбінезоны і рэспіратары, паведамляе «Польскае радыё». Пра гэта паведаміў міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак.
- Польскія войскі ўвесь час удзельнічаюць у барацьбе з каранавірусам, - падкрэсліў ён у сацыяльнай сетцы Twittter.
Палітык звярнуў увагу на тое, што ўвесь час працуюць і спецыялісты вайсковага Інстытута гігіены і эпідэміялогіі ў Пулавах. Са слоў міністра, інстытут можа праводзіць да 350 тэстаў на каранавірус за дзень.
Паліцыю і памежнікаў у 15 пунктах кіравання памежным рухам падтрымліваюць жаўнеры 22-га Карпацкага батальёна горнай пяхоты. Таксама жаўнеры з 17-й Вялікапольскай механізаванай брыгады ахоўваюць межы на двух чыгуначных мастах у Куновіцах і Костшыне. У сваю чаргу, жаўнеры 1-й механізаванай брыгады і полк сапёраў з Бжэга працуюць з іншымі сілавымі структурамі на мяжы з Чэхіяй і Славаччынай на тэрыторыі Сілезскага і Малапольскага ваяводстваў.
Міністр абароны Марыюш Блашчак таксама паведаміў, што дзеянні памежнікаў у раёне Сілезскага і Малапольскага ваяводстваў падтрымліваюць жаўнеры 6-й паветрана-дэсантнай брыгады.
З афіцыйных звестак вынікае, што ў Польшчы каранавірусам заражаныя 246 чалавек, а памерлі пяць. Між тым, лякарня ў Зялёнай Гуры абвясціла, што вынікі аналізаў польскага нулявога пацыента ўжо адмоўныя. Гэта першы паляк, які ачуняў пасля каранавірусу.