СААЗ паведаміла пра пачатак першых выпрабаванняў вакцыны супраць каронавіруса
18- 18.03.2020, 21:54
- 25,490
Пра гэта заявіў кіраўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.
Навукоўцы ўжо праводзяць першае тэставанне вакцыны ад новага каронавіруса, паведаміў на брыфінгу кіраўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Гебрэесус, паведамляе РБК.
«Першае выпрабаванне вакцыны пачалося ўсяго праз 60 дзён пасля таго, як была даследавана генетычная паслядоўнасць каронавіруса. Гэта неверагоднае дасягненне», - заявіў ён.
Паводле інфармацыі Гебрэесуса, усяго ў свеце вядома пра больш чым 200 тысяч выпадкаў заражэння, а колькасць ахвяр захворвання перавысіла 8 тысяч чалавек. Пры гэтым больш за ўсё інфіцыраваных - 80% - знаходзяцца ў Еўропе і Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, адзначыў ён.
За апошнія дні ў свеце, паводле звестак СААЗ, выявілі звыш 11,5 тысяч новых выпадкаў заражэння. Пацыенты з каронавірусам да 17 сакавіка з'явіліся ва ўсіх краінах Еўропы, і Еўразвяз у рамках барацьбы з распаўсюджваннем захворвання на 30 дзён абмежаваў уезд для замежных грамадзян: на працягу месяца грамадзяне краін, што не ўваходзяць у ЕЗ,не змогуць перасекчы яго межы, а выключэнне закране толькі тых, хто мае важкую прычыну, права на жыхарства або доўгатэрміновую візу.