ЗША выдаткуюць $4 трыльёны на выратаванне эканомікі і выплацяць па $3000 кожнай сям'і
6- 23.03.2020, 10:51
- 13,493
Запланаваная сума роўная 20% амерыканскага ВУП.
Адміністрацыя Дональда Трампа супольна з Федэральнай рэзервовай сістэмай ЗША падрыхтавалі пакет падтрымкі эканомікі, якая, з ацэнкі банкаў Уол-стрыт, ужо знаходзіцца ў рэцэсіі, што рызыкуе стаць самай глыбокай за апошнія 12 гадоў.
Агулам эканоміка атрымае 4 трыльёны даляраў дадатковай ліквіднасці ў выглядзе падатковых ільгот, крэдытаў бізнэсу, фінансавання медыцынскіх устаноў і прамых выплат амерыканскім сем'ям на кампенсацыю іх паўсядзённых выдаткаў, паведаміў у эфіры Fox Business кіраўнік Мінфіна ЗША Стывен Мнучын.
Запланаваная сума роўная 20% амерыканскага ВУП. Блізу паловы - 2 трлн даляраў - аплаціць бюджэт, для якога абвешчаныя захады эквівалентныя 60% даходаў і 40% расходнай часткі.
«Прэзідэнт рашуча настроены абараніць амерыканскіх рабочых. Першай часткай (плана дапамогі) стануць крэдыты на падтрыманне ўстойлівасці для малога бізнэсу. Калі вы малы прадпрымальнік, вы атрымаеце два тыдні грашовай плыні, каб плаціць сваім супрацоўнікам», - паведаміў Мнучын.
Паводле ягоных слоў, праграма, якая таксама будзе ўключаць прабачэнне часткі крэдытаў і аплату накладных карпаратыўных выдаткаў, дазволіць «малому і буйному бізнэсу пратрымацца 90-120 дзён».
Тым, хто страціў працу праз успышку каранавіруса і карантынных захадаў, улады дадуць пашыраныя дапамогі, на фінансаванне якіх будзе выдаткавана 250 млрд даляраў. Паводле прагнозу банка Bank of America, на мінулым тыдні па дапамогу ў Мінпрацы ЗША звярнуліся прыкладна 3 мільёны чалавек, што ў чатыры разы перавышае гістарычны максімум, усталяваны падчас рэцэсіі 1982 года.
Акрамя таго, прадугледжаны дырэктыўныя выплаты ў выглядзе чэкаў або дэпазітаў для амерыканскіх хатніх гаспадарак. «Сям'я з чатырох чалавек атрымае чэк у сярэднім на 3 тысячы даляраў. Гэта дапаможа ім пратрымацца», - сказаў Мнучын.
Блізу 110 млрд даляраў будзе выдадзена клінікам, якія сутыкаюцца з наплывам пацыентаў. «Мы хочам быць упэўнены, што ў клініках ёсць сродкі», - сказаў міністр, дадаўшы, што канчатковая сума яшчэ абмяркоўваецца.
Пакет падтрымкі разлічаны на 10-12 тыдняў. Узгадненне законапраекта, як чакаецца, будзе закончанае ў нядзелю, і ў панядзелак ён атрымае ўхваленне кангрэса.
Са звестак універсітэта Джонса Хопкінса на нядзелю ў ЗША зафіксавана больш як 26,7 тысячы выпадкаў заражэння каранавірусам. Памерлі не менш за 340 чалавек.
Амаль палова ўсіх выпадкаў - больш за 12 тысяч - прыпадаюць на штат Нью-Ёрк. Далей ідуць штаты Вашынгтон і Каліфорнія. У іх зарэгістраваны адпаведна амаль 1,8 тысячы і каля 1,5 тысячы выпадкаў.