18 лiстапада 2024, панядзелак, 7:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адток капіталу з расейскага рынку пабіў усе рэкорды

Адток капіталу з расейскага рынку пабіў усе рэкорды

Замежныя інвестары прадаўжаюць распрадаваць расейскія актывы.

Паводле вынікаў тыдня з 12 да 18 сакавіка чысты адток капіталу з расейскага фондавага і пазыковага рынку дасягнуў рэкорду за ўсю гісторыю назіранняў, адзначае ў аглядзе BCS Global Markets са спасылкай на звесткі EPFR.

У суме нерэзідэнты вывелі 1,4 млрд даляраў з расейскіх актываў, пабіўшы максімумы як 2014, так і 2008 года. У параўнанні з папярэднім тыднем (590 млн даляраў) адток паскорыўся ў 2,3 разы, а з пачатку сакавіка перавысіў 2 млрд даляраў, паведамляе finanz.ru.

Распродаж на рынку акцый прадаўжаецца чацвёрты тыдзень запар і паскараецца паводле экспаненты ўслед за лікам заражаных каранавірусам у ЗША, Еўропе і Маскве. За пяць гандлёвых дзён да 18 сакавіка нерэзідэнты скінулі паперы на 640 млн даляраў супраць 210 млн даляраў тыдзень таму.

Адток з фондаў, арыентаваных выключна на Расею, паскорыўся ў 12 разоў – з 20 да 240 млн даляраў.

З рынку аблігацый нерэзідэнты вывелі 760 млн даляраў за тыдзень і 1,14 млрд даляраў – за два. Пакуль распрадаюць у першую чаргу фонды, якія набывалі Расею «ў пакеце» з іншымі краінамі з развіццёвымі рынкамі.

Арыентаваныя выключна на РФ інвестары ў масе прадаўжаюць сядзець у паперах, нягледзячы на страты: на мінулым тыдні яны вывелі з рынку толькі 20 млн даляраў, а тыдзень таму – і зусім здзяйснялі пакупкі (на 10 млн даляраў).

На рынку дзяржаўнай пазыкі, куды летась лінула плынь "гарачых" грошай, супастаўная з часамі піраміды ДКА (19,5 млрд даляраў), нервы ў інвестараў пачынаюць паступова здаваць. Паводле звестак Нацыянальнага разліковага дэпазітарыя, на мінулым тыдні замежныя трымальнікі скарацілі дзель у АФЗ на 1,15 адсоткавага пункта, да 31,9%. Гэта азначае скід папераў на суму 105 млрд рублёў (1,3 млрд даляраў), ацэньваюць аналітыкі Расбанка.

Пад «гарачую руку» прадаўцоў патрапілі ў першую чаргу доўгія АФЗ – з тэрмінам большым за 10 гадоў, з якіх нерэзідэнты вывелі 42 млрд рублёў.

Тым не менш на руках у іншаземцаў застаецца амаль 3 трыльёны рублёў укладанняў у расейскія дзяржаблігацыі, якія імкліва абясцэньваюцца разам з расейскай валютай, якая страціла 24% з пачатку года на фоне абвальнага падзення катыровак нафты.

Нягледзячы на рост слабасці рубля, рынак АФЗ здолеў закончыць у плюсе мінулы тыдзень: індэкс RGBI дадаў 0,26 пункта, прыбытковасці знізіліся на 10–20 Б.П. Гэты дысбаланс стварае пэўныя рызыкі для рублёвых дзяржаўных папераў, калі моцнае падзенне рубля адновіцца, адзначае аналітык ФК "Уралсіба" Вольга Стэрына.

Што тычыцца рынку акцый, то пачаўшы гандаль пятніцы «за здароўе», ён скончыў іх «за спачын», і «за спачын» пачаў новы тыдзень, канстатуе прэзідэнт ІГ «Маскоўскія партнёры» Яўген Коган.

Да 13.54 паводле Менска індэкс РТС падае на 4,33%. З 21 лютага індэкс упаў на 40%, а кампаніі, што ў яго ўваходзяць, сумарна патаннелі на 75 млрд даляраў. Індэкс МасБіржы, які адлюстроўвае рублёвы кошт акцый, асеў на 24% за месяц, або 3 трлн рублёў у пераліку на капіталізацыю.

На рынку ўзнікае эфект снежнага кома: падзенне кошту актываў (акцый, аблігацый, тавараў) прыводзіць да маржын-колаў, чаму інвестары вымушаныя скарачаць пазіцыі, што прыводзіць да новай хвалі распродажаў, тлумачыць Коган.

Інвестары бягуць практычна з актываў у кэш, паказваюць аналітыкі Bank of America: на мінулым тыдні 108,9 млрд даляраў было выведзена з бондаў, 20,7 млрд даляраў – з акцый, адток капіталу з пазыкі развіццёвых рынкаў дасягнуў 18,8 млрд даляраў, прычым у панядзелак, 16 сакавіка, ён стаў рэкордным у гісторыі – 4,7 млрд даляраў.

Распрадаюць нават золата (2,5 млрд даляраў за тыдзень), і адзіны актыў, які карыстаецца попытам, гэта гатоўка (95,7 млрд даляраў), паказвае BofA.

Паўнавартасны разварот рынкаў выглядае малаверагоднымі, нягледзячы на беспрэцэдэнтныя захады, якія робяцца ўрадамі і цэнтрабанкамі, якія праз розныя інструменты змякчаюць грашова-крэдытную палітыку і ўводзяць праграмы для стымулявання эканомікі, кажа аналітык Прамсувязьбанка Багдан Зварыча: «У інвестараў адсутнічаюць коштавыя арыенціры, няма магчымасці паўнавартасна ацаніць уплыў распаўсюджвання каранавірусу як на эканомікі асобных краінаў, так і на сусветную ў цэлым, бо няма яснасці датычна маштабаў і тэрміну распаўсюджвання каранавірусу».

У расейскага рынку выстаяць у шторме астраўком стабільнасці не атрымаецца. Эканоміцы «нанесены страшны, патройны ўдар: і крах сусветных фондавых рынкаў, і драматычнае падзенне коштаў на нафту (якое, падобна, яшчэ не скончылася), і, нарэшце, амаль поўнае прыпыненне эканомікі як сусветнай, так і нашай у выніку карантыну», паказвае Коган.

Дэфіцыт нафтадаляраў і вывад капіталу будуць штурхаць яшчэ ніжэй курс рубля. Даляр можа дайсці да 83–85, а магчыма і да 90 рублёў, песімістычны Коган: «Мінфін з ЦБ, зразумела, будуць прадаўжаць утрымліваць сітуацыю. Рэзерваў больш чым дастаткова. І гэта праўда. Пытанне сёння толькі ў тым, якога памеру будзе чарга ахвотных атрымаць субсідыі і дапамогу ад дзяржавы. А вось у гэтых умовах памер рэзерваў – субстанцыя цалкам канчатковая».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках