Былы ахоўнік Лукашэнкі ў судзе: Прасіў у пазыку блізу $300 тысяч
32- 23.03.2020, 15:09
- 29,764
Экс-намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі распавёў, што прасіў грошы ў расейскага бізнэсоўца і свайго былога калегі.
Як паведамляе БелТА, Вярхоўны суд прадаўжае разгляд шматлікіх фактаў атрымання і дачы хабараў пры пастаўках у Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталявання, кампутарнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння.
Абвінавачваюцца ў атрыманні і перадачы хабараў 16 чалавек - 8 службовых асоб дзяржорганаў і банкаў, а таксама 8 прадстаўнікоў камерцыйных структур.
23 сакавіка ў будынку суда Маскоўскага раёна Менска прадаўжаюцца допыты абвінавачаных. Да пачатку свайго допыту Уцюрын папрасіў правесці ў закрытым рэжыме судовае пасяджэнне, бо будзе зачытваць свае службовыя абавязкі.
- Засяродзьцеся на тых належных абавязках, якія пазначаныя ў вас ў абвінавачванні, - адказаў яму суддзя.
Уцюрын распавёў, што аднойчы, прыкладна да 2014 года, у Менск прыехаў ягоны былы калега Гарбачоў з яшчэ адным іх агульным знаёмым і Анатолем Маліным. Тады Гарбачоў распавёў, што займаецца бізнэсам, у яго ў беларускай сталіцы ёсць камерцыйныя інтарэсы, але сам у Менск ездзіць часта не зможа - ягоныя інтарэсы будзе прадстаўляць малады і перспектыўны Малін.
- Я папрасіў у Гарбачова даць мне ў пазыку грошай, якія былі неабходныя для пабудовы дома. На гэты момант ён не мог пазычыць мне, але даў зразумець, што дапаможа ў далейшым, калі з'явіцца такая магчымасць. Я прасіў даць пазыку блізу $300 тысяч, - распавёў Уцюрын.
Калі гэта менавіта адбылося, ён не памятае. Са слоў Уцюрына, ён ведаў, што Гарбачоў дапамагаў калегам: «аднаму агульнаму знаёмаму даў вельмі значную суму на развіццё бізнэсу і пакуль не патрабуе яе аддаваць».
- Мая памылка была ў тым, што мы дэталёва не агаварылі, у якой форме будзе дапамога, - адзначыў Уцюрын. - Я меркаваў, што дапамога будзе ў форме пазыкі, як я пра гэта і прасіў.
Увосень 2017-га Казанцаў у Менску перадаў Уцюрыну скрутак.
- Я зразумеў, што гэта былі грошы, не пералічваў. Я так разумеў, што гэта грошы ад Гарбачова ў рамках ягонай дамоўленасці аб грашовай дапамозе ў выглядзе пазыкі. Пазней дома я пералічыў грошы: сума была блізу $9 тысяч, - падзяліўся падрабязнасцямі Уцюрын.
З ягоных слоў, ён здзівіўся суме. Сцвярджае, што не памятае, ці абмяркоўваў гэты факт з Гарбачовым.
Вясной 2018 года, як распавёў Уцюрын, Казанцаў паведаміў яму: ягонай кампаніі прыйшоў ліст з запрашэннем на тэндэр ад «Белтэлекама». Звычайна так не адбывалася. Казанцаў да гендырэктара, з ягоных слоў, датэлефанавацца не мог. Уцюрын патэлефанаваў кіраўніку «Белтэлекама» Сівадзедаву, той адказаў, што проста патрэбныя былі кампаніі для ўдзелу ў конкурсе. Адказ Сівадзедава Уцюрын перадаў Казанцаву.
Гарбачоў паведаміў, што ў «Белтэлекаме» будзе праводзіцца конкурс на закупку.
- І калі ён запрацуе на гэтым конкурсе, то дапаможа мне грашыма, як мы раней з ім і дамаўляліся. Тут я дапусціў памылку, што не абгаварыў з Гарбачовым канкрэтна, у якой форме будзе гэтая дапамога, я меркаваў, што яна будзе ў форме пазыкі, - сказаў Уцюрын.
Улетку 2018 года Уцюрын быў у Маскве і прапанаваў Гарбачову сустрэцца: «Разумеючы, што неўзабаве, магчыма, Гарбачоў перадасць мне нейкую суму грошай, а таксама тое, што ён вельмі рэдка прыязджаў у Менск, я папрасіў падпісаць яго дамову пазыкі на суму $150 тысяч, што і было зробленае».
У пачатку 2019-га Гарбачоў сказаў Уцюрыну, што прыедзе ў Менск, прапанаваў сустрэцца. На сустрэчы 14 лютага расеец перадаў скрутак Уцюрыну: там было звыш $34 тысячы. Пры гэтым былыя калегі, са слоў Уцюрына, не хаваліся, бо ён думаў, што ўсё законна.
Вясной 2019-га Казанцаў распавёў Уцюрыну, што конкурс «Белтэлекама» праводзіцца з парушэннямі. Той патэлефанаваў Сівадзедаву і перадаў гэтую інфармацыю, папрасіў прыняць і выслухаць Казанцава. Уцюрын сцвярджае, што не даваў указанняў Сівадзедаву на ўкладанне дамоваў.
Ужо 21 красавіка таго ж года Уцюрын і Гарбачоў сустрэліся ў рэстарацыіе пад Менскам. Гарбачоў прынёс з сабой пакет і сказаў, што ў ім прыкладна $150 тысяч.
- Я прапанаваў падпісаць яшчэ адну дамову пазыкі - на $100 тысяч, яе я загадзя падрыхтаваў і ўзяў з сабой, - сказаў Уцюрын.
Гарбачоў падпісаў паперу. Уцюрын пасля выхаду з рэстарацыі сеў у аўтамабіль і паехаў, неўзабаве яго затрымалі.
Нагадаем, пра арышт Андрэя Уцюрына стала вядома 29 красавіка 2019 года. Паведамлялася, што ён можа быць затрыманы паводле падазрэння ў атрыманні хабару ў асабліва значнай суме. Да працы ў Савеце бяспекі Андрэй Уцюрын шмат гадоў кіраваў службай бяспекі Лукашэнкі - з 2007-га да 2014-га. Ён мае два медалі «За бездакорную службу» (2-й і 3-й ступеняў), а таксама ордэн «За службу Радзіме» 3-й ступені.
Пасля затрымання Уцюрына шэраг Telegram-каналаў і СМІ заявілі, што намеснік дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі быў арыштаваны паводле падазрэння ў падрыхтоўцы замаху на Лукашэнку і ягоную сям'ю.
Затрыманне высокапастаўленага сілавіка суправаджалася ператрусамі і арыштамі ў сілавых структурах Беларусі.