Больш за мільярд чалавек ва ўсім свеце атрымалі ўказанні заставацца дома праз каранавірус
- 23.03.2020, 16:08
- 8,041
Аднак людзі не заўсёды прыслухоўваюцца да іх, калі законы носяць рэкамендацыйны характар.
Больш за мільярд чалавек у 50 з лішнім краінах і тэрыторыях атрымалі просьбу заставацца дома, у той час як улады розных краін спрабуюць справіцца з глабальнай пандэміяй каранавірусу. Такія вынікі падліку, праведзенага AFP, паведамляе «Голас Амерыкі».
Каб спыніць распаўсюд віруса, некаторыя краіны ўвялі абавязковую для выканання забарону на выхад з дому, у той час як іншыя абмежаваліся рэкамендацыямі.
Прынамсі 34 краіны і тэрыторыі ўвялі абавязковае прадпісанне заставацца дома, якое распаўсюджваецца прыкладна на 659 мільёнаў чалавек.
Сярод іх Францыя, Італія, Аргенціна, амерыканскі штат Каліфорнія, Ірак і Руанда.
Апошняй краінай, якая ўстанавіла абавязковыя патрабаванні знаходзіцца дома, стала Грэцыя. Новыя правілы набылі моц у панядзелак раніцай.
Калумбія ўводзіць абавязковую забарону на выхад з дому з аўторка, а Новая Зеландыя - з серады.
У большасці выпадкаў людзі ўсё ж могуць выходзіць з дому, каб пайсці на працу, набыць прадметы першай неабходнасці або звярнуцца па медыцынскую дапамогу.
Прынамсі чатыры краіны з агульным насельніцтвам, большым за 228 мільёнаў чалавек, у тым ліку Іран, Нямеччына і Вялікая Брытанія, настойліва заклікалі жыхароў заставацца ў закрытых памяшканнях і максімальна абмежаваць кантакты з іншымі людзьмі.
Аднак эфект ад гэтых неабавязковых рэкамендацый быў абмежаваным.
Урад Вялікай Брытаніі папярэдзіў аб узмацненні жорсткасці захадаў пасля таго, як натоўпы людзей сабраліся ў парках і на пляжах у мінулыя выходныя. Тым часам, мільёны людзей у Іране адправіліся ў паездкі, каб адзначыць персідскі Новы год на мінулым тыдні.
Прынамсі 10 краін і тэрыторый з агульным насельніцтвам 117 мільёнаў чалавек увялі каменданцкую гадзіну і забаранілі начныя паездкі.
Такія захады прынятыя ў Буркіна-Фасо, Чылі, сталіцы Філіпін Маніле, Сербіі і Маўрытаніі. Савудаўская Арабія ўводзіць каменданцкую гадзіну з вечара панядзелка.
Некаторыя краіны ўвялі захады для ізаляцыі асноўных гарадоў, забараніўшы людзям уязджаць або выязджаць з іх.
Такія пастановы прынятыя ў дачыненні да Алматы і Нур-Султана ў Казахстане і Баку ў Азербайджане.
Агулам у гэтых гарадах пражываюць блізу 10 мільёнаў чалавек.