У Вільню даставілі партыю рэагентаў для тэстаў на каранавірус
4- 23.03.2020, 16:51
- 11,102
Рэагенты даставілі ВПС Літвы.
Самалёт вайскова-паветраных сілаў Літвы C-27J Spartan даставіў у краіну 5 тысяч рэагентаў для тэстаў на каранавірус, паведамляе карэспандэнт Charter97.org у Вільні. Партыя, якая прыбыла - толькі частка замоўленых Літвой рэагентаў. Чакаецца, што яшчэ больш за 25 тысяч рэагентаў будуць дастаўленыя ў краіну ў найбліжэйшыя дні.
Рэагенты былі закупленыя ў Бельгіі. Экіпаж самалёта пры выкананні патрабаванняў бяспекі даставіў груз з Льежа.
За тыдзень самалёт ВПС C-27J Spartan здзейсніў тры палёты на запыт міністэрства аховы здароўя Літвы.
Міністр аховы здароўя Літвы Аўрэліюс Вярыга распавёў, што рэагенты будуць неадкладна размеркаваныя паміж асноўнымі лабараторыямі і тэставанне на каранавірус будзе праводзіцца ў адпаведнасці з графікам. Літва таксама замовіла экспрэс-тэсты на каранавірус для тэставання медыкаў - іх дастаўка таксама чакаецца найбліжэйшым часам.
У дзясяці самакіраваннях Літвы працуюць мабільныя пункты тэставання на каранавірус. Прайсці тэст можна пасля папярэдняй кансультацыі на гарачай лініі 1808. Спецыялісты высвятляць, ці неабходна чалавеку рабіць тэст.
Цяпер у Літве тэстуюць усіх, хто ў апошнія 14 дзён выязджаў за мяжу і адчувае хоць бы адзін з сімптомаў вострай рэспіратарнай інфекцыі.
На 23 сакавіка ў Літве зафіксаваныя 143 выпадкі каранавірусу, адна пацыентка памерла.
З 16 сакавіка Літва ўвяла карантын. У краіне закрытыя ўстановы адукацыі і забаўляльныя ўстановы, а таксама ўсе крамы, акрамя прадуктовых і аптэк. Карантын уведзены да 30 сакавіка з магчымасцю падаўжэння.