18 лiстапада 2024, панядзелак, 7:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Жыткавічах жанчыну лячылі ад ВРВІ. Выявілася - каранавірус і пнеўманія

69
У Жыткавічах жанчыну лячылі ад ВРВІ. Выявілася - каранавірус і пнеўманія

Пацыентка не была за мяжой.

У Гомельскай вобласці выявілі яшчэ адзін выпадак заражэння каранавірусам. Захварэла 58-гадовая жыхарка Жыткавічаў. Да гэтага жанчына тыдзень была на бальнічным з дыягназам ВРВІ і прымала антыбіётыкі, але лепш ёй не станавілася, піша tut.by.

Родныя шпіталізаванай распавядаюць, што ў жанчыны яшчэ тыдзень таму паднялася тэмпература, пачаўся сухі кашаль. У раённай паліклініцы ёй паставілі дыягназ ВРВІ і выпісалі антыбіётыкі. Яна прымала лекі, але лепш не станавілася. Нарэшце, у суботу жанчына зноў прыйшла ў жыткавіцкую паліклініку да тэрапеўта. Пасля кансультацыі выйшла з кабінета і страціла прытомнасць. На хуткай яе даставілі ў рэанімацыю - і дыягнаставалі двухбаковае запаленне лёгкіх. А на наступны дзень, у нядзелю, 23 сакавіка, стала вядома, што ў жанчыны COVID-19.

Яніна - пляменніца захварэлай - з панядзелка знаходзіцца ў 6-й лякарні Менска. Учора, калі дзяўчына вярталася ў сталіцу на вучобу з Жыткавічаў, даведалася, што ў цёткі каранавірус. Цяпер дзяўчына - кантакт першага ўзроўню, бо ў суботу яны з мамай наведвалі цётку ў лякарні.

- Я была яшчэ ў дарозе, патэлефанавала мама і сказала, што ў цёткі каранавірус. Мяне ніхто не шукаў, я сама, калі ўжо прыехала ў Менск, выклікала хуткую. Цяпер змясцілі на карантын у чатырохмесную палату, нас тут двое. У нас - масачны рэжым і частыя паласканні горла, больш нічога. Узялі тэст, вынік будзе вядомы праз тры дні.

Астатніх, якія кантактавалі з пацыенткай з каранавірусам - сястру, дзяцей, калег і лекараў - таксама ізалявалі, змясцілі ў гомельскую інфекцыйную лякарню, распавядае Яніна.

- Цётку тыдзень лячылі антыбіётыкамі, якія не дапамагалі. Нават здымак не зрабілі. У суботу яна скардзілася на моцную слабасць. Пасля страты прытомнасці, калі ўжо паставілі дыягназ двухбаковае запаленне, да яе пусцілі ў палату родных. Пазней, калі стала вядома, што ў цёткі каранавірус, усіх іх у адзін час сабралі ў прыёмным пакоі. Кантактаў першага ўзроўню пасадзілі ў аўтобус і павезлі ў Гомель, а дзеці цёткі адправіліся ў гомельскую лякарню на ўласным аўто, - кажа дзяўчына.

Яніна распавядае, што захварэлая не тое што за межы краіны - нават з Жыткавічаў нікуды не выязджала.

Цяпер, кажа дзяўчына, цётка знаходзіцца ў рэанімацыі Гомельскага тубдыспансера. Лекары ацэньваюць яе стан як стабільна цяжкі.

Нагадаем, у Беларусі на 23 сакавіка зафіксаваны 81 выпадак каранавірусу. У нядзелю быў выяўлены другі афіцыйна пацверджаны выпадак у Гомельскай вобласці - і ён не завезены, у адрозненне ад першага, калі хворы спартовец прыляцеў з Партугаліі.

У Міністэрстве аховы здароўя інфармацыю аб другім выяўленым выпадку COVID-19 на Гомельшчыне пацвердзілі: «У пацыенткі была пнеўманія, а ўсіх такіх хворых правяраюць на каранавірус. У інтэнсіўнай дапамозе яна не мае патрэбы, у вентыляцыі лёгкіх таксама. У гэтым раёне ідуць супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы».

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках