«У Жыткавічах за тыдзень нават здымак не зрабілі!»
19- 23.03.2020, 21:34
- 51,584
Новыя падрабязнасці інфікавання жанчыны з Гомельскай вобласці.
У 58-гадовай жыхаркі Жыткавічаў дыягнаставалі каронавірус. «Да гэтага яна тыдзень была на бальнічным. За гэты час нават здымак лёгкіх не зрабілі. У суботу яна страціла прытомнасць, калі выйшла ад тэрапеўта. Трапіла ў рэанімацыю», - распавяла пляменніца жыхаркі райцэнтра.
Пляменніца вучыцца ў Менску. У нядзелю 22 сакавіка яна ехала з Жыткавіч на аўтамабілі на вучобу ў сталіцу, паведамляе «Радыё Свабода».
«Патэлефанавала маці і паведаміла, што ў цёткі выявілі каронавірус. Мы яе наведвалі ў суботу ў бальніцы.
Цётка тыдзень хварэла, быў сухі кашаль, цяжкасці з дыханнем, ёй ставілі дыягназ «вострая рэспіраторная вірусная інфекцыя». Лепш ёй не станавілася. У суботу яна пайшла на чарговы прыём да тэрапеўта ў паліклініку, скардзілася на слабасць. Доктар сказаў: «Ну што вы хочаце, вы ж хварэеце».
Пасля прыёму ў тэрапеўта яна страціла прытомнасць.
Яе паклалі ў рэанімацыю, там паставілі дыягназ «запаленне лёгкіх», - распавяла пляменніца.
Дзяўчына, як прыехала ў Менск, сама выклікала «хуткую». Яе адвезлі ў 6-ю сталічную бальніцу. «Узялі ўсе неабходныя аналізы, чакаю вынікаў», - дадала пляменніца.
Яе маці і іншыя сваякі, якія кантактавалі з жанчынай, цяпер знаходзяцца ў інфекцыйным аддзяленні Жыткавіцкай раённай бальніцы. Іншых «кантактных» накіравалі ў Гомельскую інфекцыйную бальніцу.
Пляменніца дадала, што дзецям захварэлай жанчыны толькі сёння патэлефанавалі з паліклінікі Жыткавіч і прапанавалі зрабіць мазок. «Яны (мясцовыя медыкі. - заўв.) нават не ведалі, што тых яшчэ ўчора шпіталізавалі ў Гомель!», - абурылася дзяўчына.
Як стала вядома журналістам, жанчыне, якая захварэла, 58 гадоў, яна жыве ў Жыткавічах, працуе на адным з прадпрыемстваў начальніцай аддзела кадраў.
На прадпрыемстве журналістам паведамілі, што на вытворчасці ўжо тры дні праводзяць санітарную апрацоўка, з панядзелка лекары мераюць тэмпературу супрацоўнікам.
Са слоў працадаўцы, жанчына не выязджала за мяжу ў апошні час.
Цяпер медыкі высвятляюць, як у жанчыны мог з'явіцца новы вірус.
«Жанчына не на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх, яна ў свядомасці», - паведаміў БелаПАН начальнік Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама Мікалай Кудзянчук.
З яго слоў, сваякоў жанчыны, а таксама ўсіх, хто кантактаваў з ёй - а гэта 42 чалавекі, у тым ліку і супрацоўнікі Жыткавіцкага шпіталя, ізалявалі на каранцін у шпіталях Гомеля і Жыткавічаў.