19 сакавiка 2024, aўторак, 6:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Казлоў: Хлусня пра каранавірус прыняла татальныя маштабы

61
Зміцер Казлоў: Хлусня пра каранавірус прыняла татальныя маштабы

У гэтай сітуацыі людзі маюць права ўводзіць карантын самастойна.

Пандэмія каранавіруса ў свеце забірае ўсё большую колькасць жыццяў. Узрост ахвяр небяспечнай хваробы зніжаецца: італійскія хірургі паведамляюць, што ім ужо даводзіцца інтубаваць 40-гадовых пацыентаў.

На гэтым фоне Лукашэнка працягвае называць эпідэмію «гвалтам» і «псіхозам», раздаючы парады, як можна вытруціць каранавірус лазняй і 100 грамамі гарэлкі.

Чым можа скончыцца такое стаўленне беларускіх уладаў да праблемы №1 у свеце? Сайт Charter97.org пагаварыў з папулярным блогерам, актывістам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітром Казловым («Шэры кот»).

- Вы ўжо казалі сваім падпісчыкам, што беларускія ўлады хлусяць пра колькасць заражаных каранавірусам. Нядаўна было апублікаванае меркаванне аўтарытэтнага бэльгійскага вірусолага, які сцвярджае, што нават у дэмакратычных краінах колькасць хворых каранавірусам у пяць разоў большая за афіцыйныя лічбы. Якія, на вашу думку, маштабы хлусні беларускіх уладаў?

- Напраўду трэба разумець, што ў нас татальныя маштабы хлусні, як у Савецкім Саюзе. Калі трэба, дык скажуць, што наогул няма ніякага віруса. Людзі бачаць, што сусед ідзе па вуліцы і раптам упаў, а ўсе кажуць, што ўсё нармальна. Потым запалоханыя людзі кажуць, што нічога не бачылі. Я чуў, што лекарам сказалі, каб яны не абвяшчалі медыцынскія звесткі, з іх узялі падпіскі аб маўчанні.

Дзеецца поўная хлусня, пачынаючы са слоў Лукашэнкі, які кажа, што ў нас «няма каранавіруса». Ён раней так пра крызіс казаў, што ён толькі ў галовах - маўляў, выпіце гарэлкі і едзьце. Толькі праблема ў тым, што ў свой час ён збіў п'янага трактарыста Бандуркова, за тое, што той быў п'яным за стырном на трактары. Цяпер ён сам гэта раіць. Гэта хворы чалавек і мы ведаем, што ён можа загадаць толькі неадэкватныя рэчы.

Улады хаваюць колькасць ахвяр, маштабы і выдаткаваныя сродкі, гэта значыць, колькі дзяржава выдала ці не выдала на барацьбу з эпідэміяй. Яны хаваюць, колькі сапраўды ёсць рэсурсаў для барацьбы з каранавірусам, хаваюць стан інфекцыйных аддзяленняў. Народ нічога не ведае. Спытай кожнага чалавека, ці гатовая Беларусь да маштабнай эпідэміі? Яны не дадуць выразнага адказу. А колькі пацыентаў гатовыя прыняць лякарні? У якім горадзе? Колькі такіх клінік? Колькі ёсць спецыялістаў?

З нагоды колькасці заражаных - тая ж сітуацыя. Статыстыкі няма. Усе незалежныя статыстычныя цэнтры знішчаныя. Усе загнанае ў падполле, а афіцыйнай «цэнтрам» як загадаюць, так і напішуць.

- Якімі могуць быць наступствы гэтай хлусні? З чым сутыкнецца Беларусь, калі ўлады ўжо не змогуць хаваць маштабаў эпідэміі?

- Заўсёды так бывае: як ні хавай, усё адно гэта выйдзе вонкі. Улады думаюць, што схаваўшы рэальную статыстыку, яны нейкім чынам дапамогуць сабе, падымуць рэйтынг і іншае.

Калі праблема вельмі дробнага маштабу, то гэта, можа быць, і дапамагло б. Дробная праблема пройдзе, усё схаваецца і ніхто нічога не даведаецца... Але мы кажам аб глабальнай пандэміі, таму яе схаваць немагчыма. Колькасць выпадкаў будзе нарастаць, статыстыка ўсплыве так ці інакш праз блогераў або незалежныя СМІ. Выцек інфармацыі ўсё адно будзе і гэта паўплывае на «аўтарытэт» улады, якога і так ужо няма. Спрабуючы выратаваць сябе і спыніць паніку, яны, наадварот, будуць яе спараджаць. Людзі, не ведаючы рэальнай статыстыкі, будуць самі ж прыдумляць міфы і чуткі, што яшчэ больш паспрыяе паніцы. Гэта прывядзе да сур'ёзных праблем.

- З чым можна параўнаць бяздзейнасць беларускіх уладаў? Як яе можна ацаніць з улікам ужо існага досведу гуманітарных катастроф?

- Паводле дзесяцібальнай шкалы гэтай праблемы, я б даў ім дзесьці 5-6. Гэта, вядома, дрэнна, але яшчэ не самы горшы спосаб. Бывала, калі ледзь не расстрэльвалі тых, хто спрабаваў паведаміць праўдзівыя звесткі. Тут, прынамсі, такога няма. Улада стараецца больш замоўчваць і ўводзіць лёгкую дэзінфармацыю - маўляў, «усё добра». Яны, па меншай меры, не выдумляюць жорсткіх фальшывак. Праўда, гэта не тычыцца тых глупстваў ад Лукашэнкі, якія ён перыядычна выплёўвае са сваёй адтуліны на галаве.

Да чаго гэта прывядзе? Выпадкаў будзе больш, народ пра гэта даведаецца і давер да ўлады абрынецца яшчэ мацней. Людзі будуць разумець, што дзяржава, - не апора для народа. Улады не будуць ратаваць народ - для іх у першую чаргу важна меркаванне дыктатара і тое, што ён кажа.

- Лукашэнка ўвесь час спрабуе зрабіць тэму каранавіруса маргінальнай: саму эпідэмію ён назваў «псіхозам», а лячыць небяспечны вірус прапанаваў яздой на трактары, лазняй і гарэлкай. Як вы пракаментуеце заявы дыктатара?

- Першае - гэта ягоная застарэлая мазаічная псіхапатыя, гэта значыць, чалавек гэты даволі-такі хворы. Калі паглядзець на ягоны асабісты жыццёвы досвед, то літаральна 30 ці нават 20 гадоў таму ён збіў чалавека праз тое, што цяпер раіць.

Па-другое, мы ведаем, што такімі парадамі ніякі каранавірус не лечыцца. Гэта магло б быць жартам, калі не было сказана сур'ёзна афіцыйнай асобай проста з трыбуны...

Калі б Лукашэнка сказаў: маўляў, давайце без панікі, мы будзем вас інфармаваць, рэальна нешта рабіць, то тады гэта было б дапушчальна. Але ён проста выдаў глупства.

- Як вы думаеце – ці засцярог Лукашэнка сябе і сваё блізкае кола на выпадак, калі сітуацыя з каранавірусам выйдзе з-пад кантролю?

- Калі сітуацыя выйдзе з-пад кантролю, то ніхто не будзе ў бяспецы. Натуральна, Лукашэнка, як чалавек даволі баязлівы, клапоціцца пра сваё здароўе. Напэўна, як толькі яму паведамілі, што ёсць такая сур'ёзная праблема, ён загадаў максімальна гарантаваць бяспеку ягонага жыцця, наколькі гэта магчыма. Так што, калі хтосьці заразіцца ці памрэ, то ён наўрад ці будзе ў ліку першых. Але сказаць, што ён сябе засцярог на выпадак выхаду сітуацыі з-пад кантролю - то гэта наўрад ці. Усё ж хвароба не кантралюецца ў ручным рэжыме, яе нельга разагнаць АМАПам.

Шмат высокапастаўленых людзей у іншых краінах ужо захварэла, так што Лукашэнка знаходзіцца ў зоне рызыкі. Плюс яшчэ ў яго небяспечны ўзрост, які схільны да максімальнай рызыкі.

- Як вы ацэньваеце кампанію Народнага карантыну, прапанаваную лідарамі беларускай апазіцыі перад тварам бяздзейнасці ўлад?

Выдатна. Гэта дэманструе, што ў нас ёсць грамадзянская супольнасць, ёсць сілы нешта мяняць у краіне. Наогул, усё гэта павінна была зрабіць дзяржава. Гэта разумныя захады, якія забяспечылі ў іншых краінах, іх павінны былі забяспечыць і ў нашай краіне, але ў нас дзяржава занадта неадэкватная. Яна спрабуе замоўчваць праблему, і людзі пачалі браць ініцыятыву ў свае рукі.

Радуе, што ёсць такія людзі, якія могуць арганізаваць усё самі. Гэта сведчыць аб тым, што калі дыктатура абрынецца, будзе каму падхапіць дзяржаўную ўладу. Тым, хто спрабуе крычаць тэксты ў стылі «а хто калі не Лукашэнка», «рэжым падзе і тут нічога не будзе», «апазіцыя ні на што не здольная», - вось ім добры штурхель, каб паказаць, што народ справіцца, а гэты рэжым - не цэнтр Беларусі, і без яго спакойна абыдземся.

- Што яшчэ можна зрабіць, каб прымусіць улады ўвесці каранцін? Чаму гэтыя захады цяпер трэба прымаць неадкладна?

- Каб скараціць колькасць захворванняў, знізіць дынаміку росту, каб адсекчы асяродкі ў дзіцячых садках, школах, ВНУ, каб там не разносілі заразу. Гэта захады, якія арыентаваны яна здаровы сэнс, як гэта робяць у іншых краінах - каб вірус не так хутка разрастаўся. Рана ці позна ён усё адно будзе распаўсюджвацца і многія людзі ім перахварэюць. Але пытанне ў тым, што калі адразу будзе занадта шмат выпадкаў, то сістэма аховы здароўя можа не справіцца адразу з такой нагрузкай, таму яна павінна падрыхтавацца. Карантын, безумоўна, патрэбна, каб кагосьці выратаваць, дапамагчы, забяспечыць належную падрыхтоўку.

Трэба ўвесці татальныя захады, гэта значыць, закрыць усе школы на карантын, ВНУ перавесці на дыстанцыйную форму навучання. Хоць бы на два-тры тыдні, а там ужо паглядзець, што далей будзе.

Простым людзям трэба дзейнічаць так, як заклікалі лідары апазіцыі. Хто можа, няхай бярэ за свой кошт адпачынак, не адпраўляе дзяцей у школу. Каб там не загадвалі, выкладчыкі адэкватныя людзі, можна заўсёды сказаць, што нехта прыхварэў. Трэба шукаць выхад самастойна. Гэта натуральныя захады, каб засцерагчы сябе ад кантакту з заразай. Калі ўлада не абвяшчае карантын, значыць, людзі павінны самі яго абвясціць і патрабаваць яго ад улады: пісаць петыцыі, развешваць плакаты, рабіць заявы, пасылаць запыты чыноўнікам.

- Як думаеце – ці панясе ўлада і Лукашэнка асабіста адказнасць за бяздзейнасць падчас эпідэміі каранавіруса?

- Маральную адказнасць яны ўжо панеслі. Кожны пацярпелы ад бяздзейнасці ўлад чалавек - ужо на іх сумленні. Зразумела, што пакуль Лукашэнка ва ўладзе, з яго ніхто не спытае.

Але ў будучыні, калі будзе праходзіць люстрацыя і расследаванне злачынстваў, у тым ліку, магчыма, у парадак дня будзе ўключаная тэма, звязаная з каранавірусам. У нас ёсць такі артыкул у Крымінальным кодэксе аб злачыннай бяздзейнасці, калі не дапамагаеш, калі гэта трэба было зрабіць. Тое ж самае і тут. Невыкананне належных захадаў дзяржавай - гэта невыкананне дырэктыўных абавязкаў. Гэта злачынства. За гэта трэба судзіць.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках