18 лiстапада 2024, панядзелак, 4:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння пачалося паўстанне Тадэвуша Касцюшкі

Сёння пачалося паўстанне Тадэвуша Касцюшкі

24 сакавіка 1794 года будучы нацыянальны герой звярнуўся да насельніцтва Рэчы Паспалітай.

Нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША нарадзіўся 4 лютага 1746 года ў фальварку Мерачоўшчына каля Косава.

У 1755 годзе Тадэвуш Касцюшка разам са старэйшым братам паступіў у школу манаскага ордэна піяраў у горадзе Любяшове, дзе правучыўся да 1760 года. З 1765 да 1769 года вучыўся ў створанай Станіславам Панятоўскім Рыцарскай школе ў Варшаве - фактычна вайсковай акадэміі, дзе рыхтавалі адукаваных афіцэраў. Ужо тады Касцюшка здзіўляў навакольных аскетызмам, воляй і мэтанакіраванасцю, якія былі нагадвалі яго таварышам пра Карла XII, за што ён атрымаў мянушку «Швед». Тадэвуш стаў адным з самых паважаных кадэтаў. Ён выбраў вайскова-інжынерную спецыялізацыю і скончыў гэтую школу ў чыне капітана.

У 1769 годзе Тадэвуш Касцюшка атрымаў каралеўскую стыпендыю і адправіўся ў Парыж для навучання ў вайсковай акадэміі. Вялікі ўплыў на маладога вайскоўца аказалі ідэі асветнікаў - Вальтэра, Мантэск'ё, Русо. У 1774 годзе Касцюшка вярнуўся на радзіму.

Месцы ў войску Рэчы Паспалітай Касцюшка не знайшлося. Афіцэрскую пасаду на той момант можна было толькі купіць за вялікую суму.

А не знайшоўшы сабе прымянення на радзіме, ён ў 1775 годзе выехаў у Амерыку, каб у чыне палкоўніка змагацца на вайне за незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній Вялікабрытаніі. Займаўся фартыфікацыяй гарадоў і вайсковых лагераў. Вядомасць яму прынёс уклад яго фартыфікацыі пры абароне Тыкандэрогі і пры бітве пад Саратогай 1777 года. Тадэвуш бліскуча справіўся з будаўніцтвам умацаванняў для абароны Філадэльфіі, што дазволіла яму стаць галоўным інжынерам Паўночнага войска, што адбівала напад ангельцаў з боку Канады і Нью-Ёрка. На ўласную просьбу Касцюшка быў пераведзены ў Паўднёвае войска, дзе яго веды вайсковага інжынера таксама дазволілі здабыць шэраг перамог над ангельцамі. У прызнанне яго заслуг Кангрэс ЗША 13 кастрычніка 1783 прысвоіў яму званне брыгаднага генерала амерыканскага войска.

Па вяртанні на радзіму, у пачатку траўня 1792 года Касцюшка быў прызначаны камандзірам адной з трох дывізій, якія складалі войска Рэчы Паспалітай пад камандаваннем князя Юзэфа Панятоўскага (налічвала блізу 17 тысяч салдат). У траўні 1792 годзе Касцюшка вызначыўся ў некалькіх баях з расейскімі войскамі.

Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі Касцюшка эміграваў у Саксонію, затым у канцы 1792 года перабраўся ў Парыж, дзе ад імя патрыётаў Рэчы Паспалітай з французскім рэвалюцыйным урадам вёў беспаспяховыя перамовы аб сумесных дзеяннях супраць Аўстрыі і Прусіі.

Па вяртанні з Францыі ў Саксонію, а затым - у Галіцыю Касцюшка актыўна ўключаецца ў падрыхтоўку агульнанацыянальнага паўстання, «дыктатарам» якога яго прызначылі.

Фактычна паўстанне пачалося 12 сакавіка 1794 году, калі генерал Антоні Мадаліньскі адмовіўся скарачаць I Вялікапольскую брыгаду нацыянальнай кавалерыі і рушыў на чале яе з Астралэнкі на Кракаў. Пачуўшы весці пра гэта Касцюшка неадкладна з'явіўся ў Кракаў і там абвясціў Акт паўстання, прысягнуў сам, прывёў да прысягі жыхароў і гарнізон. Актам паўстання, падпісаным усімі жыхарамі горада, Касцюшка быў абвешчаны «Начальнікам паўстання», і яму была дадзеная ўся паўната цывільнай і вайсковай улады ў краіне. Гэты дзень - 24 сакавіка - звычайна і лічыцца днём пачатку паўстання. У той жа дзень Тадэвуш звярнуўся да насельніцтва, выпусціўшы чатыры патрыятычных заклікі: «Да войска», «Да грамадзян», «Да святароў» і «Да жанчын».

4 красавіка паўстанцы пад камандаваннем Касцюшкі здабылі перамогу над расейскімі войскамі пад Рацлавіцамі. 17-18 красавіка паўстанцы гараджане вызвалілі Варшаву, а 22-23 красавіка Вільню. 7 траўня Касцюшка выдаў Паланецкі ўніверсал, у якім сялянам абяцалася асабістае вызваленне і змяншэнне павіннасцяў. Але ўжо 6 чэрвеня Касцюшка пацярпеў паразу ў Шчэкаціне. Аблога Варшавы злучаным расейска-прускім войскам скончылася няўдачай у значнай меры дзякуючы ўмеламу кіраўніцтву абаронай з боку Касцюшкі. 10 кастрычніка ў бітве пад Мацяёвіцамі з расейскім войскамі ён быў цяжка паранены, узяты ў палон.

Да лістапада 1796 года Касцюшка быў зняволеным у Петрапаўлаўскай крэпасці ў Пецярбургу. Пасля гэтага ён жыў у эміграцыі.

Імем Касцюшкі названыя вуліцы і плошчы ў некаторых гарадах Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны, а таксама - найвышэйшая гара Аўстраліі. Яго імя таксама ўвекавечанае ў ЗША.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках