Меланья Трамп зрабіла тэст на каранавірус
- 24.03.2020, 10:59
- 6,163
Раней тэст прайшлі прэзідэнт ЗША і віцэ-прэзідэнт з жонкай.
Першая лэдзі ЗША Меланья Трамп зрабіла тэст на каранавірус, яго вынік адмоўны. Пра гэта на брыфінгу заявіў прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп, паведамляе The Washington Times.
«Так», - адказаў Трамп на пытанне аб тым, ці прайшла ягоная жонка тэст на наяўнасць каранавіруса. «Адмоўны», - удакладніў затым прэзідэнт, кажучы пра вынік аналізаў.
Раней сам Дональд Трамп таксама здаў тэст на каранавірус. Наяўнасць інфекцыі не пацвердзілася. Асцярогі за здароўе кіраўніка дзяржавы ўзніклі пасля таго, як ён сустрэўся з кангрэсмэнамі, якія маглі кантактаваць з інфікаванымі. Акрамя таго, прэзідэнт размаўляў з чальцамі бразільскай дэлегацыі, у аднаго з удзельнікаў якой пазней выявілі каранавірус.
Віцэ-прэзідэнта ЗША Майкл Пэнс і ягоная жонка Карэн таксама зрабілі тэст на каранавірусную інфекцыю COVID-19 пасля таго, як стала вядома аб заражэнні аднаго з супрацоўнікаў апарата віцэ-прэзідэнта. Тэсты ў мужа і жонкі паказалі адмоўныя вынікі.