18 лiстапада 2024, панядзелак, 4:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі лекар пра дзеянні ўладаў пры каранавірусе: З Нідэрландаў напісалі – што гэта за вар'яты?

54
Беларускі лекар пра дзеянні ўладаў пры каранавірусе: З Нідэрландаў напісалі – што гэта за вар'яты?

Аляксандр Лобан звярнуўся да Міністэрства аховы здароўя і ўсіх беларусаў.

Лекар з Беларусі Аляксандр Лобан, які 16 гадоў працаваў у Нідэрландах, звярнуўся да беларускіх уладаў з заклікам увесці ў краіне карантын і закрыць межы. Чаму ён не здаў тэст на каранавірус у аэрапорце ў Менску, на які рэжым перайшлі лекары ў Амстэрдаме і што цяпер могуць зрабіць святары, паведамляе «Радыё Свабода».

«Гэта пытанне жыцця і смерці»

Аляксандр Лобан скончыў медыцынскі інстытут у Гародні ў 1986 годзе. Паводле спецыяльнасці афтальмолаг. З 2003 да 2019 жыў год у Нідэрландах, працаваў у арганізацыі, якая дапамагае людзям са слабым зрокам. Яму 56 гадоў. Цяпер жыве ў Беларусі.

20 сакавіка Лобан выклаў аўдыязварот да міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка, лекараў і ўсіх беларусаў.

«Я заклікаю вас да салідарнасці і смеласці ў гэты цяжкі час. Не маўчыце! Актыўна выказвайце сваю пазіцыю ў сацыяльных сетках, на YouTube, усюды, дзе зможаце. Патрабуйце ад уладаў дзейсных захадаў, і ў першую чаргу закрыцця межаў Беларусі ад завозу вірусу звонку. Многае цяпер залежыць ад нас. Гэта пытанне жыцця і смерці нашых родных, блізкіх людзей», – кажа лекар.

«Калі прамаўчыш, сам сябе будзеш дакараць, што не зрабіў таго, што было патрэбна», – тлумачыць Аляксандр, чаму выказаў сваю пазіцыю публічна.

«Татальны кантроль на мяжы важнейшы за карантын унутры краіны»

Журналісты сустрэліся з Аляксандрам не ў памяшканні, а на адкрытым паветры. Перад размовай суразмоўца папярэдзіў, што 6 дзён таму вярнуўся з Амстэрдама, сімптомаў каранавірусу ў яго няма, але надзявае на твар марлевую маску, якую набыў у беларускай аптэцы.

Лобан сёлета правёў у Нідэрландах тыдзень у сярэдзіне сакавіка. Прыляцеў з Амстэрдама ў Менск 17 сакавіка. Паводле ягоных словаў, у аэрапорце яго ніяк не праверылі, ці хворы ён, не запісалі ягоныя звесткі.

У аэрапорце можна было добраахвотна здаць тэст на каранавірус. Аднак, як кажа Лобан, мазок браў адзін спецыяліст. Да яго стаяла чарга прыкладна з 30 чалавек, якая магла прасоўвацца і некалькі гадзінаў.

«За 20 хвілінаў прайшлі 2-3 чалавекі. Я не мог столькі стаяць, мне трэба было дабрацца да Гародні. Да таго ж гэта небяспечна: людзі з розных краінаў стаяць шчыльна адзін да аднаго. Мне гэтыя лішнія кантакты не патрэбныя. Варта было б пасадзіць 10 лабарантаў, якія б забіралі мазкі. На маю думку, татальны кантроль на мяжы цяпер самае важнае, ён нават важнейшы за карантын унутры краіны», – кажа лекар.

На ягоную думку, варта тым, хто прылятае і прыязджае ў Беларусь, мераць тэмпературу і запаўняць анкеты: адкуль прыляцеў чалавек, дзе яго потым знайсці.

«Заклікайце вашых прыхаджанаў не хадзіць цяпер у храмы – і на Вялікдзень, і на Вербніцу»

– Што, на Вашу думку, варта зрабіць у Беларусі, каб паменшыць наступствы пандэміі каранавірусу?

– Варта закрыць межы Беларусі для людзей, якія едуць проста так, турыстаў, якія едуць наведаць сваякоў. Абмежаваць уезд для неграмадзянаў, дазваляць толькі ў выключных выпадках. Сваіх грамадзянаў трэба прымаць. Я ацэньваю абстаноўку тут як умоўна спакойную, але колькі яна такой будзе, невядома.

– Вы верыце афіцыйным лічбам, якія дае Міністэрства аховы здароўя?

– У мяне няма падставаў казаць, што гэта хлусня, і няма падставаў казаць, што гэта сапраўдныя звесткі. У нашай краіне афіцыйнай статыстыцы не заўсёды можна верыць, бо яна робіцца паводле найвышэйшых загадаў. Верыць таму, што 76 і больш... Не ведаю. Можа таму, што тэставання нармальнага няма ў раённай лякарні. Памёр чалавек ад пнеўманіі і памёр. Хто яго правярае, ад чаго ён памёр?

– Якія яшчэ захады, на Вашу думку, варта прыняць?

– Скасаваць усе масавыя мерапрыемствы, дзе людзі шчыльна сутыкаюцца адно з адным. Мне з Нідэрландаў напісалі, што за вар'яты жывуць у Беларусі, бо гэта адзіная краіна, дзе прадаўжаюць гуляць у футбол з гледачамі. Усе футболы-хакеі трэба скасаваць.

Я яшчэ раз звяртаюся да служыцеляў царквы – праваслаўнай і каталіцкай: «Заклікайце вашых прыхаджанаў не хадзіць цяпер у храмы і на Вялікдзень, і на Вербніцу». Туды прыйдуць вернікі пераважна сталага веку, яны ў групе рызыкі. Яны там будуць шчыльна стаяць. Калі туды прыйдзе хтосьці інфікаваны, гэта можа стаць такой крыніцай пашырэння вірусу, што пасля ніхто не лакалізуе.

Мяркую, што трэба зачыняць ВНУ, таму што студэнты могуць на адлегласці слухаць лекцыі, праводзіць семінары анлайн. У выпадку з дзіцячымі садамі і школамі ёсць праблема: куды павядуць людзі сваіх дзяцей, калі ім трэба на працу? Але калі будзе дасягнуты пэўны парог захворвання, трэба будзе закрываць і садкі таксама.

– Наколькі правільна было б дазволіць усім ахвотным рабіць тэст на каранавірус, платна або бясплатна?

– Думаю, што няправільна. Гэта створыць натоўпы ў паліклініках, гэта лішнія кантакты. Гэта не супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, яно можа нават спрыяць пашырэнню інфекцыі.

– Хіба не позна цяпер уводзіць нейкія захады ў Беларусі?

– Калі адштурхоўвацца ад лічбаў, якія дае Міністэрства здароўя, то не позна.

Эпідэмія ў Нідэрландах пачалася пасля карнавалу

Аляксандр Лобан расказаў пра досвед Нідэрландаў. Эпідэмія каранавірусу там пачалася з паўднёвых правінцый, дзе 23–25 лютага ладзілі карнавал. Паводле звестак на 23 сакавіка, у 4749 жыхароў Нідэрландаў пацвердзілі каранавірус, 213 з іх памерлі.

«Яны своечасова не зрэагавалі, не ўжылі захадаў. Людзі, якія вярталіся з горналыжных курортаў Паўночнай Італіі, Швэйцарыі, ішлі на карнавал. Цяпер усе лякарні ў паўднёвых правінцыях Нідэрландаў перапоўненыя. Гэта распаўсюдзілася і на ўсю краіну», – кажа Лобан.

– Якія захады дзяржава ўжыла далей?

– Скасавалі ўсе заняткі ў школах, універсітэтах. Забаранілі працу рэстаранаў, бараў, кавярняў, клубаў, спартовых арганізацый. Грамадскі транспарт да апошняга часу працаваў, але кіроўца быў адгароджаны стужкай і больш за 5 чалавек не маглі ўвайсці ў аўтобус. Улады заклікалі людзей заставацца дома, не хадзіць нікуды, толькі па прадукты ці ў вельмі вялікай патрэбе. Заставацца на дыстанцыі 1–1,5 метра адно ад аднаго. Там людзі выконваюць парады, у адрозненне ад нашых людзей.

Каб выконвалі, трэба безупынна казаць. Інакш ты станеш у чаргу ў беларускай краме за метр-паўтара, як мае быць, а да цябе падыдзе нехта ззаду і будзе дыхаць у патыліцу. Пакуль улады і медыя кажуць, што нічога няма, усё спакойна, што гэта фэйк, паніка... Гэта не паніка, гэта неабходныя захады супрацьстаяння вірусу. Лепш больш захадаў, чым трэба, чым атрымаць тое, што цяпер адбываецца ў Заходняй Еўропе.

Мой сын цяпер працуе ў лякарні ў Амстэрдаме. Яны бяруць да ўвагі італьянскі досвед. У Італіі катастрафічна не хапае лекараў, яны захварэлі. Там (у Амстэрдаме. – Рэд.) зрабілі рэарганізацыю. Скасавалі ўсе планавыя прыёмы. Медыцынскі персанал сфармавалі ў брыгады: тыдзень працуе адна брыгада, тыдзень іншая. Калі першыя выйдуць са строю, тады іх заменяць іншымі. Каб не ўсе адразу захварэлі. Гэта прынцып ваеннай медыцыны.

У Італіі лекарам таксама давялося ўжываць прынцыпы ваеннай медыцыны да пацыентаў: дапамагаць асабліва тым, каго можна вярнуць у строй. Вось задыхаюцца 50-гадовы і 70-гадовы пацыенты. Яны ратуюць 50-гадовага. Гэта цяжкі маральны выбар.

«Патрабаваць ад уладаў, даваць ім парады, выказваць сваё меркаванне»

– Вы казалі, жыхары Нідэрландаў спачатку дастаткова бестурботна паставіліся да пагрозы каранавірусу. Што менавіта памяняла іх свядомасць і прымусіла ўжыць захады бяспекі? Што могуць ад іх пераняць беларусы?

– Каб людзі пачалі адэкватна рэагаваць на гэтую небяспеку, ім трэба ўвесь час пра гэта казаць у сродках масавай інфармацыі. Не толькі мыйце рукі, не толькі выключайце кантакты з людзьмі сталага ўзросту. Калі ёсць магчымасць – не карыстайцеся грамадскім транспартам. Трэба быць на адлегласці адно ад аднаго. Не станавіцеся ў чаргу вельмі шчыльна. Не наведвайце масавыя сходы.

Там выступіў прэм'ер-міністр са зваротам да нацыі і заклікаў усе гэта рабіць. Праз мабільныя тэлефоны, калі ёсць агульнадзяржаўная небяспека, рассылаюцца паведамленні. Яны ўсім рэгулярна прыходзяць: «Заставайцеся дома», «Не выходзьце без патрэбы», «Разам пераможам».

Я не чакаю, што ў Беларусі дзяржаўныя асобы на высокіх пасадах выступяць з такой прамовай, бо Лукашэнка сказаў адваротнае. Ён чалавек упарты, ён ніколі не прызнаецца, што сказаў няправільныя рэчы. Ёсць надзея, што нехта з беларускіх медыкаў, Міністэрства здароўя выкажуць сваё меркаванне, якое ідзе насуперак меркаванню Лукашэнкі. Напрыклад, галоўны лекар 3-й дзіцячай лякарні ў Менску (Максім Ачэрэтны. – Рэд.) заклікаў людзей заставацца дома.

– Наколькі ягоны жэст быў рызыкоўны ў беларускай сістэме аховы здароўя, дзе лекар выказаўся з уласнай ініцыятывы без загаду зверху?

– Ён зрабіў так, як мог у гэтай сітуацыі. Ён выказаўся ў той ступені, у якой мог выказацца без наступстваў для сябе. Гэта добры крок. Бо сказаць столькі, колькі сказаў я, у ягонай сітуацыі немагчыма. У маім дыпломе стаіць штамп, што я прыняў прысягу лекара Савецкага Саюза. Цяпер пішуць – прысягу лекара Рэспублікі Беларусь. Гэта нас усіх абавязвае. Калісьці лекары, каб знайсці сродак ад эпідэміі, уводзілі сабе смяротныя бактэрыі, заражалі сябе, ставілі эксперыменты на сабе.

– Цяпер беларуская грамадскасць шукае, чым дапамагчы ў барацьбе з вірусам: ад збору сродкаў на апараты штучнага дыхання да падтрымкі медыкаў-інфекцыяністаў кавай. На Вашу думку, як могуць дапамагчы асобныя людзі і цэлыя кампаніі?

– Дапамагаць людзям сталага веку, каб яны не хадзілі ў краму па прадукты, можна ім прынесці гэта, каб паменшыць іх кантакты. Рабіць гэта бескантактава. Што тычыцца дапамогі медыцынскім установам, я не ведаю, чым могуць небагатыя беларусы дапамагчы. Апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх каштуе 50 тысячаў даляраў. А патрабаваць ад уладаў, даваць ім парады, выказваць сваё меркаванне – гэта можна.

Лобан не выключае, што ім таксама можа заняцца КДБ на загад Лукашэнкі. Але з'язджаць з краіны пакуль не збіраецца. Трымаецца пазіцыі: «Рабі што трэба, і будзе як будзе».

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках