Каранавірус на Данбасе: Украінскія вайскоўцы рыхтуюцца да барацьбы з эпідэміяй
2- 24.03.2020, 14:05
- 12,693
Як пандэмія паўплывала на сітуацыю на ўсходзе Украіны?
З мінулага тыдня зводкі штаба Аперацыі аб'яднаных сілаў (ААС) украінскіх сілавікоў пра колькасць абстрэлаў, колькасць загінулых і параненых дапаўняюцца паведамленнямі пра тое, як армія, якая ваюе ў Данбасе супраць прарасейскіх сепаратыстаў, рыхтуецца да адкрыцця другога фронту – для адбіцця каранавірусу. І хоць пакуль ніводнага пацверджанага выпадку новай інфекцыі сярод украінскіх вайскоўцаў няма, да бронекамізэлек і шаломаў байцоў дадаліся такія раней нязвыклыя для іх сродкі абароны, як медыцынскія ахоўныя маскі і кішэнныя антысептыкі, паведамляе dw.com.
Маскі і пальчаткі – дэфіцыт на фронце
Паводле словаў кіраўніка аддзела медыцынскага забеспячэння ААС Аляксандра Аўраменкі, пакуль сродкамі абароны ўдалося забяспечыць медыкаў, вайскоўцаў з сімптомамі прастуды, а таксама супрацоўнікаў паліцыі і нацгвардзейцаў, якія нясуць службу на блок-пастах.
У той самы час, прызнаецца Аўраменка, маскі і пальчаткі на фронце ў вялікім дэфіцыце. "Калі не будзе занесеная інфекцыі і не ўзнікне неабходнасці ў інтэнсіўным выкарыстанні, то запасаў у нас хопіць на найбліжэйшыя два тыдні, – расказаў ён DW. – На 90 дзён, як таго патрабуе ад нас кіраўніцтва, запас яшчэ не створаны".
Паводле ягоных словаў, вайскоўцы спадзяюцца папоўніць запасы дзякуючы пастаўкам з Кітая: медыцынскі груз прыбыў ва Украіну ў ноч з нядзелі на панядзелак. Акрамя таго, сродкамі абароны ад каранавірусу армію часткова забяспечваюць мясцовыя ўлады Данецкай і Луганскай абласцей і валанцёры.
Валанцёры зноў на крок наперадзе дзяржавы
Як і ў пачатку вайны шэсць гадоў таму, дапамогу арміі першымі прапанавалі прадстаўнікі ўкраінскай грамадзянскай супольнасці, валанцёры зноў апынуліся на крок наперадзе дзяржавы. На мінулым тыдні фонд дапамогі арміі "Вярніся жывым" адправіў на фронт першыя камплекты тэстаў на каранавірус – усяго больш за тысячу набораў.
Акрамя таго, валанцёры з гэтай арганізацыі на добраахвотныя ахвяраванні набываюць для вайскоўцаў у Данбасе ахоўныя касцюмы, маскі, медыцынскія пальчаткі і антысептыкі. Зрэшты, знайсці гэтыя дэфіцытныя тавары цяпер так сама цяжка, як і сродкі на іх, расказаў DW прадстаўнік фонду "Вярніся жывым" Андрэй Рымарук.
"Мы просім людзей далучацца да дапамогі, таму што гэта вельмі вялікая пагроза, – кажа валанцёр. – Калі на лініі размежавання будзе не хапаць нашых вайскоўцаў – хто ведае, на якія дзеянні можа пайсці Расейская Федэрацыя".
Дапамагаюць арміі і неабыякавыя жыхары прыфрантавых раёнаў. Як расказала карэспандэнту DW валанцёрка з станіцы Луганскай Наталля Журбенка, яна і яе аднадумцы набылі спірт і гліцэрыну, каб самім рабіць антысептык, а таксама здабылі тысячу метраў марлі – шыць ахоўныя маскі для байцоў. "Няхай гэтыя маскі і не сертыфікаваныя, але дапамога неабходная ўжо цяпер", – кажа яна.
Вайскоўцы на перадавой: "паперы для прыбіральні не скупляем"
Самі вайскоўцы да пандэміі пакуль ставяцца спакойна, сказаў DW афіцэр украінскай арміі, які не захацеў назвацца. "Менш вітаюцца за рукі, часцей іх мыюць, – кажа вайсковец. – Але панікі ніякай няма, паперу для прыбіральні скрынямі не скупляем".
Каб знізіць рызыку заражэння, у войску адмянілі пастраенні і шматлюдныя нарады, у горад вайскоўцаў адпускаюць аднаго-двух, а адпачынак увогуле не даюць. Зрэшты, армейцаў гэта не вельмі засмучае, бо дабрацца дадому ўсё роўна практычна немагчыма – транспарт у краіне не працуе праз карантын.
У акопе абавязку насіць маску няма – уласна, як і патрэбы, кажа афіцэр. "Па-першае, яны демаскуюць – будуць бегаць такія белыя плямы! – тлумачыць ён. – А па-другое, на перадавой вельмі добрая вентыляцыя – стэп, вецер, людзі там і так знаходзяцца ва ўмовах пэўнай самаізаляцыі".
Зрэшты, поўнай ізаляцыі няма нават у траншэях на пярэднім краі, адзначае ваенны валанцёр Андрэй Рымарук. "Вірус можа патрапіць туды праз вайскоўцаў, якія служаць у гарадах, а потым прыязджаюць на перадавую, напрыклад для дастаўкі прадуктаў", – тлумачыць ён. Паводле словаў валанцёра, ёсць значная пагроза інфіцыравання вайскоўцаў, якія дыслакуюцца ў такіх буйных гарадах, як Марыупаль, дзе ўжо выяўлены выпадак заражэння каранавірусам сярод цывільных асобаў.
Эскалацыя канфлікту малаверагодная
Тое, што каранавірус ва ўмовах пандэміі дабярэцца ў Данбасе і да перадавой – пытанне часу, мяркуе кіраўнік "Украінскага ваеннага цэнтра", рэдактар сайта "Украінскі ваенны партал" Тарас Чмут. Зрэшты, мяркуе ён, прагназаваць, як гэта паўплывае на абароназдольнасць краіны, пакуль рана.
"Усё залежыць ад таго, наколькі эфектыўна спрацуюць армія і дзяржава ў цэлым, – кажа вайсковы эксперт. – Калі сітуацыя будзе развівацца паводле негатыўнага сцэнара і на фронце будуць тысячы тых, хто захварэў, якіх трэба будзе выводзіць, праводзіць ратацыі і дзесьці лячыць, то гэта можа стаць велізарнай праблемай".
У той самы час эксперт не думае, што падкантрольныя Крамлю сепаратысты змогуць скарыстацца сітуацыяй для наступальных аперацый, бо пандэмія не ў меншай ступені ўдарыць і па самаабвешчаным рэспублікам, і па Расеі, якая іх падтрымлівае.
"Сказаць, што праз каранавірус баевікі змогуць пайсці ў поўнамаштабны наступ і захапіць нейкія тэрыторыі, было б абсурдна, таму што ў іх сітуацыя з медыцынай і забеспячэннем значна горшая, чым у нас, – тлумачыць Тарас Чмут. – Акрамя таго, у Расеі цяпер таксама пачынаюцца праблемы, таму я не думаю, што варта чакаць нейкага наступу з таго боку".
Пандэмія паставіць на паўзу мірныя перамовы
Украінскі палітолаг Уладзімір Фясенка эскалацыю на фронце таксама мяркуе малаверагоднай. "Пуцін апошнія два гады робіць стаўку на дасягненне дамоўленасці з Захадам, – тлумачыць ён. – А любая маштабная аперацыя ў Данбасе звядзе ўсе такія намаганні на не". Эксперт мяркуе, што інтэнсіўнасць баявых дзеянняў у перыяд карантыну можа нават зменшыцца.
Зрэшты, як і іншыя апытаныя DW эксперты, Уладзімір Фясенка мяркуе, што пандэмія паставіць на паўзу працэс мірнага ўрэгулявання ў Данбасе. Сярод іншага, гэта тычыцца развядзення войскаў. Палітолаг перакананы, што не варта чакаць сёлета і мясцовых выбараў у непадкантрольных украінскай уладзе раёнах Данбаса.
Праўда, адзначыў эксперт, іх правядзенне адначасова з агульнаўкраінскімі мясцовымі выбарамі восенню гэтага года было нерэалістычным і без каранавірусу – праз недахоп часу на арганізацыю, адсутнасць палітычных дамоўленасцяў і неразвязаныя пытанні ў сферы бяспекі.
На думку Уладзіміра Фясенкі, у той час, калі праз пандэмію скасоўваюцца такія маштабныя падзеі, як саміт G7, а ўвага свету засяроджаная на пераадоленні пандэміі, магчымыя хіба што дыстанцыйныя перамовы для ўрэгулявання канфлікту. "Я думаю, што перамовы з дапамогай сучасных сродкаў камунікацыі будуць прадаўжацца, – мяркуе палітолаг. – Аднак без падпісання дакументаў і прарываў".