18 лiстапада 2024, панядзелак, 4:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Адмаўляюць лёгкія, людзі не могуць удыхнуць»

20
«Адмаўляюць лёгкія, людзі не могуць удыхнуць»
ФОТА: EPA

Беларуска расказала, як працуе з хворымі на каранавірус у швэдскай рэанімацыі.

Паліна пераехала з Беларусі ў Швэцыю ў 2005 годзе, калі выйшла замуж. Цяпер яна жыве ў Стакгольме з мужам і трыма дзецьмі, працуе медсястрой у рэанімацыі адной з лякарняў, піша kp.by.

Першую смерць ад каранавірусу ў Швэцыі зарэгістравалі 11 сакавіка, цяпер у краіне памерлі ўжо 24 чалавекі, агульная колькасць тых, хто захварэў на 23 сакавіка – 1934. З 19 сакавіка там зачыненыя межы, школы і ўніверсітэты пераходзяць на дыстанцыйнае навучанне, усе, хто можа, – працуюць з дому.

– Наша лякарня – трэцяя ў чарзе прымання пацыентаў з каранавірусам, – расказвае Паліна. – Аддзяленне прымеркаванае на 10 чалавек, цяпер там чатыры пацыенты з каранавірусам – усе пажылыя людзі, але ў іншых лякарнях ёсць і моладзь. У нас самыя цяжкія выпадкі: у многіх адмаўляюць лёгкія, яны не могуць удыхнуць. Такіх пацыентаў уводзяць у штучную кому, каб можна было праводзіць з імі медыцынскія маніпуляцыі. Адсоткаў 70 тых, хто захварэў па ўсёй краіне – мужчыны, мабыць, яны цяжэй пераносяць інфекцыю.

– Чым менавіта Вы займаецеся?

– Мы падтрымліваем дыханне хворых з дапамогай апаратаў ШВЛ, пераварочваем пацыентаў на жывот для палягчэння дыхання, потым ізноў на спіну. Наша галоўная задача – аспіраваць у пацыентаў слізь, якая збіраецца ў лёгкіх, і выконваць прызначэнні лекара.

Лекары і медсёстры носяць ахоўны казырок, маску, фартухі з доўгімі рукавамі, апранаюць дзве пары пальчатак.

– Але цяпер у нас заканчваюцца сродкі абароны, чакаем дапамогі з іншых краінаў – абяцалі з Кітая паставіць. Усе гэтыя сродкі абароны аднаразовыя, але цяпер нам кажуць, каб мы пісалі на іх свае ініцыялы і выкарыстоўвалі іх цэлы працоўны дзень, у тым ліку і маскі. Гэта няправільна, але даводзіцца рабіць так.

«Лекары працуюць у дзве змены як робаты, каб дапамагчы пацыентам»

З 23 сакавіка лякарня, у якой працуе Паліна, перайшла на надзвычайнае становішча. Магчыма, лекарам і медсёстрам давядзецца працаваць без выхадных. Цяпер іх змены доўжацца 12 гадзінаў замест звычайных 8.

– Праз тое, што мы ўвесь час працуем у абароне, цяжка дыхаецца, у масках не хапае паветра. Мы спрабуем змяняць адно аднаго раз на дзве гадзіны, каб можна было збегаць у прыбіральню. Працуем у дзве змены 12 гадзінаў і больш, на адпачынак часу няма зусім. Шмат у каго вельмі моцна баляць і апухаюць ногі. Выхадныя ў нас пакуль ёсць, але часта прыходзяць СМС ад каардынатара, што не хапае персаналу. Калі ніхто выйсці не можа – выклікаюць загадам.

Цяпер у рэанімацыі ўдвая павялічылі колькасць месцаў для пацыентаў, але лекараў катастрафічна не хапае. У лякарні ўжо закрылі аддзяленне дыягностыкі – персанал накіравалі ў рэанімацыю.

– Цяпер плануецца зачыніць садкі, але пакінуць месца для дзяцей медсупрацоўнікаў: калі мы сядзем дома з дзецьмі, увогуле не будзе каму працаваць. Выклікаюць на працу нават пенсіянераў. Лекары вельмі стаміліся, яны перажываюць, што ім цяпер трэба працаваць у тры змены, а не ў дзве. Калі прыходзіш раніцай пасля ночы – відаць, якія ў лекара чырвоныя вочы, наколькі ён стаміўся. Але ён прадаўжае працаваць як робат, каб дапамагчы пацыентам, рызыкуючы здароўем.

Медыкі ўжо не змогуць справіцца, калі колькасць пацыентаў будзе павялічвацца.

– Нам кажуць, што ў сярэдзіне красавіка – пачатку траўня будзе пік захворвання і самы вялікі наплыў пацыентаў. Мы просім дапамогі ў вайскоўцаў, каб яны дапамагалі з хворымі – у іх жа таксама ёсць медадукацыя.

Медыкаў у Стакгольме імкнуцца падтрымліваць: многія рэстараны і кавярні бясплатна пастаўляюць у лякарню сняданкі, абеды і вячэры. Адна з службаў таксі прапануе лекарам і сёстрам 10% зніжкі на паездкі. Гараджане кожны вечар а 20-й выходзяць на гаўбцы і хвіліну пляскаюць медыкам.

Першапачаткова ў Швэцыі тэставалі ўсіх, у каго былі прыкметы COVID-19. Цяпер тэсты робяць толькі шпіталізаваным або людзям з групы рызыкі – на ўсіх тэстаў не хапае.

– Ні медперсаналу, ні людзям, якія могуць кантактаваць з хворымі, тэсты не робяць. Усіх тэстуюць перад планавай аперацыяй.

– Ці баіцеся захварэць, заразіць блізкіх?

– За сябе не баюся, больш перажываю за дзяцей, за мужа. Я не ўважаю сябе нейкім героем: ведала, куды іду і якія могуць быць наступствы.

– Якія яшчэ захады ўжываюць улады ў Швэцыі, каб стрымаць распаўсюджванне вірусу?

– Аўтобусы цяпер усе бясплатныя, таму што нельга падыходзіць блізка да кіроўцы, якому трэба паказваць праязны. У нас зачыненыя кінатэатры, спартовыя цэнтры. Ва ўсіх лякарнях і дамах састарэлых забароненыя наведванні, выключэнні – толькі для пацыентаў рэанімацыі, якія знаходзяцца пры смерці. Пацыентаў з каранавірусам, вядома, наведваць нельга. Яны размаўляюць з роднымі толькі праз тэлефон.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках