Беларусы за мяжой: Заставайцеся дома!
3- 24.03.2020, 15:32
- 20,285
Ці вытрымае беларуская сістэма аховы здароўя ўдар каранавірусу?
Беларусы, якія жывуць за мяжой, заклікалі суграмадзян заставацца дома ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. Відэа выйшла на старонцы блога «На карантыне: беларус у Францыі», паведамляе Charter97.org.
У відэа беларусы, якія пражываюць у ЗША, Гішпаніі, Швэцыі і Францыі, распавялі пра сітуацыю з каранавірусам і заклікалі беларусаў па магчымасці заставацца дома.
«У французскіх лякарнях ужо амаль не засталося свабодных ложкаў, востры недахоп апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Жорсткі дэфіцыт масак для абароны медыцынскага персаналу. Як вы думаеце, беларуская сістэма аховы здароўя вытрымае такі ўдар?», - кажа жыхарка Францыі Лідзія.
Улады Беларусі не ўжылі ніякіх захадаў у сувязі з распаўсюдам каранавірусу. На фоне гэтай сітуацыі лідары беларускай апазіцыі і грамадскія дзеячы выступілі са зваротам да грамадзянаў Беларусі.
У звароце адзначаецца, што падчас глабальнай успышкі каранавірусу беларускія ўлады зрабілі ўсё, каб у Беларусі распаўсюджванне гэтай хваробы прыняло некантраляваны характар, што стане смяротнай небяспекай для жыццяў усіх жыхароў нашай краіны.
Грамадскія і палітычныя дзеячы Беларусі прызвалі ў перыяд з 23 сакавіка да 5 красавіка ўвесці Народны карантын. У гэты перыяд беларусаў просяць не ўдзельнічаць у масавых мерапрыемствах, не адпраўляць дзяцей у яслі, дзіцячыя садкі, школы і іншыя навучальныя ўстановы, не наведваць універсітэты, патрабаваць ад кіраўніцтва навучальных устаноў увядзення дыстанцыйнага навучання і абмежаваць свае сацыяльныя кантакты да мінімуму.
Акрамя таго, у рамках народнага карантыну людзей заклікаюць самаізалявацца і выконваць санітарныя правілы.