Незразумелы фінт з Расеяй
73- 24.03.2020, 16:27
- 63,778
Адпраўка расейскага кантынгенту для выратавання Італіі можа прывесці ў перспектыве да выхаду краіны з ЕЗ.
Як вядома надоечы Расея адправіла дапамогу Італіі, якая пакутуе ад буянства каранавірусу, што выклікала мноства пытанняў. Мноства пытанняў аб мэтазгоднасці гэтай «дапамогі», якая ўсё адно не мецьме крытычнага значэння ў барацьбе з Covid-19, так і маральнага аспекту, з улікам утойвання маштабаў эпідэміі ў самой РФ і большай карысці ад спецыялістаў і абсталявання, адпраўленых у далёкую краіну NATO, унутры самой Расеі, піша ўкраінскі вайскова-палітычны аглядальнік Аляксандр Каваленка для сайта "Южный дозор".
Наданне дапамогі для Італіі, на першы погляд, выглядала як развязанне трох стратэгічных, геапалітычных і ўнутраных задач Крамлём. Першая – гэта дэманстрацыя ўсяму свету таго, як Расея, якую на сцвярджэнні Крамля, незаслужана абклалі санкцыямі і абвінавачваюць у агрэсіі ва Украіне, не задумваючыся і без прамаруджання, надала дапамогу адной з краін-крыўдзіцелек. Другая - гэта спроба адцягнуць расейцаў ад таго эпідэміялагічнага і эканамічнага, а таксама канстытуцыйнага калапсу, якія адбываюцца ў іх у краіне. Ну і трэцяя задача - банальны шпіянаж, бо калі яшчэ расейскія спецыялісты апынуцца на вайсковай базе NATO?
Аднак, толькі цяпер высветлілася, што італійскі прэм'ер Джузэпэ Контэ быў больш чым здзіўлены званку Пуціна, які прапануе дапамогу, бо гэта нават не абмяркоўвалася ў італійскім урадзе. А вось да каго зварот разглядаўся, дык да Пентагона. Прычым урад Італіі звярнуўся да ЗША па дапамогу па афіцыйнай вайсковай лініі, праз запыт ад міністра абароны Італіі Ларэнца Гуэрыні да кіраўніка Пентагона Марка Эспера.
Дык што ж гэта тады быў за незразумелы фінт з Расеяй?
Справа ў тым, што дапамогу ў Крамля запыталі не афіцыйныя ўлады Італіі, у асобе, зноў жа, прэм'ер міністра, а дэпутат італійскай партыі «Ліга Поўначы» Матэа Сальвіні. Дэпутат той самай партыі, якая фінансавалася на выбарах па лініі ГРУ, у дачыненні да чаго цяпер у Італіі вядзецца расследаванне і той самы дэпутат, які сваімі прарасейскімі поглядамі ўжо да непрыстойнасці ўсім надакучыў у самой Італіі.
Характэрна, што падтрымку Матэа Сальвіні на ягонай ніве «зазывалы» надаў дэпутат Бундэстага ад правай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ульрых Аеме. Той самы Ульрых Аеме, які заяўляў аб недатычнасці Расеі да вайны на Данбасе, сустракаўся з прадстаўнікамі «ЛДНР» у Менску, які лабіюе ўключэнне прадстаўнікоў несапраўдных рэспублік у Нармандскі фармат.
Менавіта Аеме стаў вяшчальнікам «Лігі поўначы», менавіта, праз яго прайшоў укід прэс-рэлізу, заснавальніка парламенцкай групы «Сябры Пуціна» ў італійскім парламенце - Паола Грымольдзі, які заклікаў Расею надаць дапамогу Італіі.
Такім чынам, візуальна, расейскі бок атрымаў цэлы стос зваротаў ад італійскіх палітыкаў, падтрымоўваных нямецкімі калегамі, адказаць на якія проста не мог бы. Але за гэтай візуальнай шырмай папросту хаваецца гідкая гульня на трагедыі. Гульня, як саміх італійскіх палітыкаў ад «Лігі Поўначы», так і іх калегаў на ніве патурання Крамлю – нямецкай «Альтэрнатывы».
І вось, не паспеў першы Іл-76 прызямліцца ў Італіі, як ужо знаёмыя нам гаваркія галовы, што ў гэтай краіне, што ў Нямеччыне, загаварылі пра тое, што з Расеі неабходна здымаць санкцыі. І калі даслоўна тыдзень таму довадам для зняцця санкцый была агульная барацьба з каранавірусам, то цяпер довад – дабрачыннасць і ўзаемадапамога, дэманстраваная набожным расейскім бокам!
Напрыклад, на авансцэну ўжо выйшаў кіраўнік асацыяцыі італійскіх адвакатаў Camere Penali Diritto del Europeo e Internazionale Аляксандра Марыя Цірэлі, які не толькі заклікаў да скасавання антырасейскіх санкцый, але і абвінаваціў у фінансавых стратах Італіі Нямеччыну і Францыю. Тым самым, у інфармацыйнай прасторы Італіі робіцца акцэнт на сяброўскай Расеі і падступных, ненаедных «бюргерах» і «лягушатніках».
А таму, не выключана, што акрамя згаданых вышэй трох задач, якія паставіў Крэмль у Італіі, а так жа чарговай спробы нагадаць пра неабходнасць скасаваць супраць РФ санкцыі, цяперашні эпідэміялагічны крызіс можа стаць падмуркам для старту кампаніі ў выхадзе Італіі са складу ЕЗ, як гэта было зроблена з Вялікай Брытаніяй. Бо менавіта на агрэсію і варожасць у дачыненні да суседзяў, інфармацыйна і наратыўна робіцца акцэнт.