Сёння - Дзень Волі
21- 25.03.2020, 8:03
- 56,827
Беларусы святкуюць юбілей аднаўлення незалежнасці.
Сёння адзначаецца 102 гадавіна з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Чаму 25 сакавіка мы святкуем юбілей аднаўлення незалежнасці?
25 сакавіка 1918 года ў акупаваным немцамі Менску Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (былы выканкам Усебеларускага з'езду) прыняла Трэцюю ўстаўную грамату, якой БНР абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай. Рада БНР абвясціла, што Берасцейская мірная дамова, падпісаная бальшавікамі і немцамі, страціла моц, таму заклікала перагледзець яе ўмовы.
Немцы адказалі на Акт 25 сакавіка разгонам Рады БНР і Народнага Сакратарыяту, а пасля і яе забаронай. Аднак органы ўлады працягвалі дзейнічаць у Беларусі, а пасля ў эміграцыі. І цяпер у замежжы існуе Рада БНР на чале з Івонкай Сурвілай, якая захоўвае бесперапынныя традыцыі аднаўлення беларускай дзяржаўнасці.
Дзе і як абвяшчалася дзяржаўная незалежнасць БНР
Трэцяя ўстаўная грамата Рады БНР, якой абвяшчалася дзяржаўная незалежнасць Беларусі, была прынятая раніцай 25 сакавіка на пасяджэнні Рады ў Менску на адрасе Серпухоўская, 9 (цяпер гэта Валадарскага, 9). На трэцім паверсе яшчэ ў сярэдзіне сакавіка была арандаваная ў сялянскім пазямельным банку зала для пасяджэнняў.
Як узгадваў удзельнік гэтага пасяджэння Янка Станкевіч, некаторыя сябры Рады БНР не маглі схаваць свайго хвалявання, а ў старшыні — Янкі Серады — дрыжэлі рукі... Калі Трэцяя ўстаўная грамата была прынятая, акурат узыходзіла сонца. Хтосьці усклікнуў: «Узыходзіць сонца незалежнай Беларусі!».
Хто ўваходзіў у першы ўрад (Народны Сакратарыят) БНР
Першы Беларускі ўрад (Народны Сакратарыят) быў створаны Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з'езду 20 лютага 1918 года ў Менску, які пасля ўцёкаў бальшавікоў узялі пад кантроль беларускія паўстанцы. Спачатку ва ўрад на чале з Язэпам Варонкам уваходзілі 7 чалавек, але пасля іх колькасць была даведзеная да 15-ці. Паводле ўспамінаў Канстанціна Езавітава, склад Першага ўрада БНР быў наступны:
Язэп Варонка — старшыня (прэм'ер-міністр) і народны сакратар (міністр) міжнародных спраў, Іван Макрэеў — унутраных спраў, Алесь Смоліч — асветы, Яўхім Бялевіч — справядлівасці, Янка Серада — народнай гаспадаркі, В.Рэдзька — транспарту, Тамаш Грыб — земляробства, Палута Бадунова — апекі, А.Карач — пошты і тэлеграфу, Пятро Крэчаўскі — кантролю, Г.Белкінд — фінансаў, Павел Злобін — вялікарускіх спраў, Мойша Гутман — «першы таварыш» (першы намеснік) старшыні і сакратар габрэйскіх спраў, Канстанцін Езавітаў — «другі таварыш» старшыні і народны сакратар вайсковых спраў, Лявон Заяц — загадчык спраў Народнага Сакратарыяту.
У далейшым склад першага ўраду мяняўся, у тым ліку і праз тое, што ў красавіку на знак пратэсту супраць прыняцця 3-й устаўной граматы падалі ў адстаўку Макрэеў, Злобін і Белкінд.
Узброеныя сілы БНР
БНР не паспела стварыць беларускае войска, але такія спробы неаднаразова рабіліся. Беларускія часткі пачалі стварацца ў складзе расейскага войска яшчэ ўвосень 1917 года. У лютым 1918-га, калі ўладу ў Менску ўзяў у свае рукі выканкам Усебеларускага з'езду, быў створаны 1-ы Менскі беларускі полк, які праіснаваў да прыходу нямецкіх войскаў.
Паводле падлікаў гісторыка Алега Латышонка, аўтара кнігі «Жаўнеры БНР», у беларускіх вайсковых аддзелах на працягу 1917-1923 гадоў служылі блізу 11 тысяч чалавек, пераважна ахвотнікаў. Найбольш гераічны эпізод барацьбы за БНР — Слуцкі збройны чын 1920 году, калі спехам сфармаваная Слуцкая брыгада стральцоў БНР на працягу месяца вяла баі з Чырвонай Арміяй.
Дзясяткі тысяч чалавек уваходзілі ў партызанскія аддзелы, у тым ліку і тыя, што ваявалі за дзяржаўную незалежнасць БНР (Лукаша Семянюка, Юркі Моніча, Вячаслава Адамовіча-«Дзергача» ды іншых). А яшчэ на румынскім фронце ў 1917 годзе ствараўся беларускі корпус, які не выпала перакінуць у Беларусь для падтрымкі ўрада БНР.
Аб сваіх сімпатыях да БНР заяўляў і генерал-маёр Станіслаў Булак-Балаховіч, які са сваім аддзелам у 1919 г. на нейкі час перайшоў «на беларускую службу» («Асобны атрад БНР»), а пасля разам з польскімі войскамі ваяваў супраць бальшавікоў. У лістападзе 1920 Булак-Балаховіч абвясціў у Мазыры «незалежную беларускую дзяржаву», але неўзабаве ягоная армія была разбітая Чырвонай Арміяй і адышла ў Польшчу.
Сталіцы БНР
У адроджанай беларускай дзяржавы былі дзве сталіцы — Менск і Гародня. Падчас Першай сусветнай вайны Беларусь падзяліў фронт. Вільня, галоўны цэнтр беларускага нацыянальнага руху, апынулася пад нямецкай акупацыяй, таму пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расеі новым цэнтрам стаў Менск. Там у снежні 1917 года прайшоў Першы Усебеларускі З'езд, разагнаны бальшавікамі, а ў сакавіку 1918-га была абвешчаная дзяржаўная незалежнасць Беларусі. У канцы 1918 года, перад тым як у Менск вярнуліся бальшавікі, урад БНР выехаў праз Вільню ў Гародню. Гэты горад лічыўся сталіцай БНР да верасня 1919 года, пакуль урад БНР не вярнуўся на некалькі месяцаў у Менск, акупаваны польскімі войскамі.
Якія палітычныя сілы ўдзельнічалі ў стварэнні БНР?
Галоўнай сілай у беларускім нацыянальным руху была Беларуская Сацыялістычная Грамада. Менавіта яе сябры былі стваральнікамі БНР. У першы ўрад БНР Язэпа Варонкі ўвайшлі прадстаўнікі БСГ, расейскіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў і габрэйскіх сацыялістычных арганізацый. Аднак шмат якія расейскія і габрэйскія дзеячы негатыўна ставіліся да ідэі абвяшчэння незалежнасці Беларусі, яны былі прыхільнікамі аўтаноміі Беларусі ў складзе Расейскай дэмакратычнай рэспублікі. У выніку гэтыя дзеячы на пачатку красавіка 1918-га з ураду выйшлі.
Правыя беларускія дзеячы («кансэрватары») групаваліся вакол «Менскага беларускага прадстаўніцтва», лідарам якога быў Раман Скірмунт. Яны выступалі супраць нацыяналізацыі зямлі і ў гэтым мелі супярэчнасці з сацыялістамі. Таксама Скірмунт і ягоныя прыхільнікі спадзяваліся на дапамогу Нямеччыны ў адбудове беларускай дзяржаўнасці. У склад Рады БНР правыя былі кааптаваныя толькі ў красавіку 1918-га. Некаторыя беларускія даследчыкі мяркуюць, што адсутнасць паразумення паміж беларускімі левымі і правымі палітычнымі сіламі значна зменшылі шанцы на поспех барацьбы за незалежную беларускую дзяржаўнасць.
Як улада БНР распаўсюджвалася па Беларусі
12 ліпеня 1918 года ў зале магілёўскага суда (раней памылкова меркавалася, што цяпер гэта будынак абласнога краязнаўчага музея, напраўду — сярэдняй школы № 1 на вуліцы Першамайскай) сабралася блізу 400 прадстаўнікоў мясцовых грамадскіх і палітычных арганізацый. Абсалютная большасць прысутных падтрымалі ідэю незалежнасці Беларусі (супраць прагаласавалі толькі 2 чалавекі, 9 чалавек устрымаліся).
Магілёў стаў адзіным губернскім горадам у Беларусі, які ў той час правёў такі прадстаўнічы сход, які выказаўся ў падтрымку БНР. Аднак такія сходы праходзілі ў дзясятках павятовых гарадоў, дзе ствараліся беларускія Рады, на якія і абапіраліся органы ўлады БНР.
Рада БНР здолела атрымаць падтрымку ў шмат якіх рэгіёнаў Беларусі і спакваля пашырала свой уплыў. У Менск дасылаліся пастановы з павятовых местаў аб прызнанні ўлады Ураду БНР. Яны прыйшлі з Бабруйска, Радашковічаў, Барысава, Слуцка, Нясвіжа, Наваградка, Койданава, Рэчыцы ды іншых гарадоў. Беларускія рады выказваліся за стварэнне «адзінай непадзельнай Беларусі ў форме БНР».
Грошы БНР
Беларускіх грошай у той час не было створана. На тэрыторыі Беларусі адначасова выкарыстоўваліся царскія рублі, «керанкі», польскія, нямецкія грошы. Аднак часам можна сустрэць згадку пра «рубель БНР». Так некаторыя даследчыкі называюць «кароткатэрміновую бону на суму 1 рубель», выдадзеную Слуцкім павятовым земствам у 1918 годзе.
У лютым 1918 Рада і Народны Сакратарыят БНР існавалі на грошы з скарбу, які менскія чыгуначнікі не дазволілі вывезці ў часе ўцёкаў бальшавікоў. Аднак нямецкія акупанты іх канфіскавалі. У лютым 1919 года беларускі ўрад, які знаходзіўся ў той час у Гародні, атрымаў ад украінскага ўраду дзяржаўную пазыку на 4 мільёны карбованцаў. Частка гэтых грошай пайшла на стварэнне дыпламатычных місій БНР у замежжы, на паездкі прадстаўнікоў БНР на міжнародныя канферэнцыі, на выданне беларускай прэсы, на дапамогу школам, прытулкам.
На просьбу савецкай Расеі значная частка ўкраінскага крэдыту была замарожаная нямецкім банкам. Напэўна, на пачатку 1920-х гэтыя грошы выкарыстоўваліся Літвой для фінансавання беларускага антыпольскага партызанскага руху.
Складаныя стасункі з Нямеччынай
Нямеччына не прызнала незалежнасць БНР і разглядала яе як расейскую тэрыторыю, а таксама заклад пад кантрыбуцыю, якую мусілі выплаціць бальшавікі. 25 лютага 1918 года нямецкія жаўнеры занялі ў Менску будынак Народнага Сакратарыята (урада) БНР, знялі беларускі сцяг, канфіскавалі грашовыя сродкі. На пачатку красавіка 1918-га акупантамі была забароненая дзейнасць Народнага Сакратарыята.
Аднак пасля таго, як у кіраўнічых органах БНР умацаваліся пазіцыі правых на чале з Раманам Скірмунтам (адным з аўтараў тэлеграмы кайзэру Вільгельму II), камандаванне 10-й нямецкай арміі ў чэрвені 1918-га дазволіла інстытут дарадцаў пры палявых камендатурах. Калі ж урад БНР абвясціў нядзейнымі на тэрыторыі Беларусі пастановы ўраду савецкай Расеі, нямецкія ўлады дазволілі Народнаму Сакратарыяту займацца пытаннямі гандлю, прамысловасці, сацыяльнай апекі, культуры і асветы.
Якія краіны прызналі незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі
Пытанне з прызнаннем БНР іншымі краінамі яшчэ недастаткова даследаванае, звесткі часам супярэчлівыя. Напрыклад, гісторык Анатоль Сідарэвіч у адной з публікацый адзначае, што ў 1919-1920 гадах БНР дэ-юрэ або дэ-факта прызналі Нямеччына, Латвія, Літва, Эстонія, Чэхаславаччына, Балгарыя, Фінляндыя, Турцыя, Украіна. У гэтых краінах працавалі беларускія дыпламатычныя і вайскова-дыпламатычныя місіі, консульствы і прадстаўніцтвы (у Коўне, Рызе, Канстанцінопалі, Кіеве, Адэсе, Празе, Бэрліне, Стакгольме, Капенгагене ды іншых гарадах).
Дзяржаўныя сімвалы БНР
У 1918 годзе кіроўныя органы БНР зацвердзілі ў якасці дзяржаўнай сімволікі бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».
Упершыню бел-чырвона-белы сцяг быў узняты над будынкам губернатарскага дома ў Менску пасля выгнання з места бальшавікоў 19 лютага 1918 года.
Гімн БНР
Гімнам БНР у 1920 годзе стаў ваяцкі марш «Мы выйдзем шчыльнымі радамі...», які напісаў Макар Краўцоў, беларускі паэт і вайсковец. У Краўцова быў трагічны лёс — у канцы 1939 года ён быў арыштаваны НКВД і з таго часу пра ягоны лёс нічога невядома.
Дзяржаўны мова
У красавіку 1918 года Народны Сакратарыят БНР прыняў пастанову аб абвяшчэнні беларускай мовы дзяржаўнай. З таго часу ўся дакументацыя мела весціся выключна на беларускай мове.
Пашпарт БНР
Кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі паклапацілася аб вырабе беларускіх пашпартоў. Агульнаграмадзянскі пашпарт Беларускай Народнай Рэспублікі быў выпушчаны ў 1918 годзе ў славянскай друкарні І.Галеўскага ў Бэрліне. Ён складаўся з 12 старонак, на яго вокладцы была выява герба «Пагоня». У пашпарце пазначаліся месца і дата нараджэння, падданства, асаблівыя прыкметы (рост, колер валасоў, вачэй). Пашпарт можна было выкарыстоўваць для выпраў за мяжу. Афіцыйныя ўрадавыя асобы БНР мелі дыпламатычныя пашпарты.
У Адэсе беларускае консульства зарэгістравала блізу 16 тысяч грамадзян-беларусаў і выдавала ім пашпарты БНР. Бэрлінская місія БНР атрымала ад нямецкіх улад дазвол выдаваць пашпарты грамадзянам Беларусі, а былым ваеннапалонным-беларусам — урадавыя пасведчанні. Так было выдадзена дзве тысячы пашпартоў. Іхнія ўладальнікі, дарэчы, маглі жыць у краінах Еўропы і атрымаць візу на пераезд у Амэрыку або вярнуцца на радзіму.
Гісторык Уладзімір Ляхоўскі сцвярджае, што пашпарты БНР выкарыстоўваліся да канца 1920-х гадоў.
Грамадзянства БНР
Закон аб грамадзянстве Беларускай Народнай Рэспублікі быў прыняты ў снежні 1919 года Радай БНР. Паводле гэтага закону, беларускім грамадзянінам лічылася кожная асоба, якая да 1914 года жыла на тэрыторыі Беларусі і карысталася правам расейскага падданства. Такіх людзей у беларускае грамадзянства прымалі аўтаматычна і выдавалі нацыянальныя пашпарты. Падвойнае грамадзянства забаранялася і ўважалася за «дзяржаўную здраду».
Колькі праіснавала Беларуская Народная Рэспубліка?
Актыўная дзейнасць Рады і Урада БНР працягвалася ў Беларусі ў 1918-1919 гадах. Кіроўныя органы БНР з'ехалі на эміграцыю ў 1919 годзе, знаходзіліся ў Літве, Нямеччыне, Чэхіі. У 1925 годзе савецкія спецслужбы спрабавалі арганізаваць ліквідацыйны сход Рады і Урада БНР. Аднак старшыня Рады БНР Пётра Крэчаўскі, а пасля яго і Васіль Захарка засталіся вернымі ідэалам беларускай незалежнасці. Яны жылі ў Празе, дзе захоўвалі архіў БНР. У паваенны час Рада і Урад БНР былі адноўленыя ў Заходняй Нямеччыне новай хваляй беларускай эміграцыі.