«Не знізіў арэнду да $450 - цяпер спрабуе здаць за $350»
24- 25.03.2020, 10:04
- 27,724
Што адбываецца на рынку арэнднага жылля ў Беларусі?
Прайшло нейкія два тыдні вясны, а рынак арэнды жылля ў Менску змяніўся да непазнавальнасці. Колькасць арэндных кватэр у аб'явах вырасла на 30%, прычым 10% з іх - ад гаспадароў, якія не пайшлі насустрач кватарантам і адмовіліся саступіць у кошце. У выніку старыя жыхары з'ехалі, пакінуўшы ключы на стале, а новыя за старыя кошты здымаць не хочуць і ў найлепшым выпадку пачынаюць размову з пытання пра зніжку. Як выглядае сітуацыя на рынку арэнды - для сайта onliner.by распавядае Павел Таратута, выканаўца абавязкаў кіраўніка аддзела арэнды АН «Мольнар».
У сакавіку бізнэсоўцы, якія здаюць кватэры на дзень, апынуліся ў цяжкай сітуацыі: закрыццё межаў, скасаванне рэзервацый, адсутнасць гасцей. Многія бізнэсоўцы сыходзяць з гэтага рынку, а тыя кватэры, ад якіх яны адмовіліся, уласнікі пачынаюць здаваць ужо на працяглы тэрмін. І, хоць кошты там завышаныя, толькі за мінулыя два тыдні на рынак арэнды выйшла блізу 300 кватэр з добрым рамонтам у цэнтры горада. За кошт іх колькасць прапаноў вырасла на 20%.
Яшчэ 10% рынку дадалося за кошт гаспадароў кватэр, якія не пайшлі насустрач сваім кватарантам, не саступілі ў кошце і спынілі з імі кантракты. Такім чынам, за апошнія два тыдні колькасць прапаноў вырасла на 30%.
Пры гэтым арэндадаўцы пакуль трымаюць кошты і зніжаюцца толькі ў прыватным парадку. Аднак патэнцыйныя арандатары, якія тэлефануюць па аб'явах аб арэндзе кватэр, пачынаюць дыялог з пытання пра зніжку.
Даляр вырас у кошце, а большасць беларусаў атрымлівае заробак у рублях. Лагічна, што кошт арэнды жылля, намінаваны ў далярах, павінен знізіцца. Таму трэба дамаўляцца аб зніжэнні цэн на 10-30%. Гэта ўжо адбываецца, хоць і ў прыватным парадку.
Тыя, хто не пайшоў на саступкі і не змог дамовіцца з кватарантамі, цяпер зазнаюць страты. Напрыклад, мы супрацоўнічаем з уласнікам, які апошнія два гады здаваў кватэру за $500. Два тыдні таму арандатары прапанавалі знізіць квартплату да $450. Уласнік адмовіўся. На сёння кватэра выстаўлена за $350 за месяц, і званкоў па ёй практычна няма. Прычым гэта кошт за «двушку» на Мястроўская, 20, у новабудоўлі з добрым рамонтам.
Калі меркаваць з аб'яў, кошты яшчэ не знізіліся. Такую пастанову прымаюць адзінкі. Але самы хадавы сегмент арэндных кватэр, які раней здаваўся за $250-300, цяпер здаецца за 200-250. Гаворка ідзе пра аднапакаёвыя і двухпакаёвы «бабуліны» кватэрах недалёка ад метро. У гэтым сегменце можна смела адымаць $50 ад старога кошту. А калі вы здавалі кватэру за $400 за месяц, то на просьбу кватарантаў кошт можна знізіць і да $300.