У Гомелі новыя падазрэнні на каронавірус
42- 25.03.2020, 20:01
- 99,152
Медыкі ў ахоўных касцюмах павезлі некалькі чалавек.
Маладая дзяўчына, жыхарка Гомеля, на мінулым тыдні вярнулася з Францыі. На мяжы ў яе ўзялі мазок і адправілі дадому. Учора, 24 сакавіка, дзяўчыну забралі з падазрэннем на каронавірус. У пад'ездзе дома, дзе яна жыла, медыкі правялі дэзінфекцыю. На дзверы змясцілі абвестку.
«Іншапланецяне! Мы столькі адрэналіну атрымалі!»
Адна з жыхарак дома распавяла «Радыё Свабода» пра ўчорашнія падзеі.
«Мы ўжо ведалі, што суседку нашу забралі. Чакалі медыкаў для дэзінфекцыі пад'езда. Але як убачылі іх, Божа мой! Іншапланецяне! Мы ўсе атрымалі адрэналіну. Працавалі яны аператыўна, старанна - усё апрацавалі, дзверы, вокны, ліфт, пляцоўку. Мы і да гэтага, па сваёй ініцыятыве, калі пачалася пандэмія, самі рабілі дэзінфекцыю з суседкамі па чарзе, усё мылі, са сродкамі», - кажа жанчына.
Цяпер у яе кватэры пахне хлоркай. Жанчына сама апрацоўвае памяшканне. Пра маладую суседку яна кажа, што тая ездзіла ў Францыю, прыкладна ў мінулую сераду вярнулася.
«Мы з суседзямі жывём дружна, але яе маці мы папярэдзілі, каб дзяўчына да нас не заходзіла, ці мала што, у нас маленькія дзеці. Маці дзяўчыны сказала, што вядома, яна ўсё разумее. І мы дзяўчыну не бачылі, толькі ведаем, што ўчора яе забралі», - адзначыла жанчына.
Раніцай 25 сакавіка, з яе слоў, прыехала «хуткая» за маці дзяўчыны, якая была ў Францыі.
«Звычайная «хуткая». Толькі калі яе саджалі ў машыну, то прапанавалі надзець маску», - успомніла суседка.
Яна сама звярталася ў паліклініку з тэмпературай. «Там вельмі аператыўна мне зрабілі аналізы, рэнтген, сказалі, што баяцца няма чаго, каронавіруса ў нас няма і быць не можа. Прымаюць хутка, арганізавана, усе ў масках, трымаюць адлегласць», - кажа жыхарка Гомеля.
«Нічога не адбываецца! У нас усё добра!»
Ад жыхароў іншага шматпавярховага дома ў спальным раёне Гомеля паступіла інфармацыя, што ў іх пад'ездзе ўчора праходзіла дэзінфекцыя. З адной з кватэр «хуткая» забрала з падазрэннем на каронавірус маладую дзяўчыну, якая лётала раней у Лондан.
У пад'езда карэспандэнты сустрэлі дарослую жанчыну. Яна зняпраўдзіла інфармацыю, што адтуль забіралі маладую дзяўчыну і што праходзіла санітарная апрацоўка.
«Гэта ўсё няпраўда. У нас усё добра», - злосна адказала жыхарка дома. Праз некалькі хвілін да пад'езда пад'ехала «хуткая», прычым яе супрацоўнікі былі апранутыя ў ахоўныя касцюмы.
Жанчыну і мужчыну сталага веку, якія выйшаў з пад'езду, забралі на гэтай «хуткай» і павезлі ў бок інфекцыйнага шпіталя.
Журналісты не здолелі атрымаць каментар ні ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя, ні ў Гомельскім аблвыканкаме.