Беларуска паспрабавала зняць уклад пасля росту даляра, але ёй адмовілі
31- 25.03.2020, 21:04
- 79,814
Што кажа банк?
У Алены з Менска на дэпазіце без права адклікання ў «Тэхнабанку» ляжаць 5000 рублёў. Як толькі даляр стаў расці, дзяўчына наважыла зняць уклад. Яна кажа, што 20 сакавіка прыйшла ў аддзяленне, але грошы ёй так і не вярнулі. Са слоў Алены, супрацоўніца банка спаслалася на інструкцыю, але паказаць яе не змагла.
- У пятніцу, 20 сакавіка, я прыйшла ў ЦБП №1 «Тэхнабанка», каб датэрмінова скасаваць дамову з банкам, - тлумачыць дзяўчына. - Я была гатовая страціць працэнты, абы мне аддалі грошы. Супрацоўніца банка адмовіла мне ў скасаванні, спасылалася на ўнутраную інструкцыю, якая паступіла ім 2020/03/20 і якую знайсці і паказаць яна не змагла. Мне нават не прапанавалі напісаць заяву. Ці правамерныя дзеянні супрацоўніка «Тэхнабанка»? Па якой прычыне мне не прапанавалі напісаць заяву на скасаванне дамовы? Ці ёсць нейкае сакрэтнае распараджэнне Нацбанка? І чаму банк вырашае свае пытанні за кошт укладчыкаў?
У Нацыянальным банку Onliner адзначылі, што ніякай сакрэтнай інструкцыі наконт дэпазітаў банкам не рассылалі. Рэгулятар спасылаецца на артыкул 186 «Права ўкладчыка на вяртанне ўкладу (дэпазіту)» Банкаўскага кодэкса.
- Тэрміновыя банкаўскія ўклады без права адклікання (дэпазіт) або ўмоўныя банкаўскія ўклады без права адклікання (дэпазіт) могуць быць вернутыя датэрмінова толькі са згоды ўкладаатрымальніка, - цытуе рэгулятар пятую частку артыкула.
У «Тэхнабанку» адзначаюць, што, як правіла, уклады без права адклікання (дэпазіты) прыцягваюцца банкамі па істотна больш высокіх стаўках, чым з правам адклікання. Але вяртаць гэты ўклад банк абавязаны строга пасля пэўнай даты.
- У адпаведнасці з часткай 5 артыкула 186 БК банкаўскі ўклад без права адклікання можа быць вернуты датэрмінова толькі са згоды ўкладаатрымальніка. На практыцы банкі прымаюць рашэнне па датэрміновым вяртанні грашовых сродкаў у выключных выпадках, - кажуць у «Тэхнабанку». - Такім чынам, у момант размяшчэння грашовых сродкаў ва ўклад кожны кліент самастойна прымае рашэнне, які варыянт для яго найбольш пераважны, зыходзячы з сумы адсоткаў і тэрміну вяртання ўкладу.
Разам з тым ААТ «Тэхнабанк» прыносіць кліенту прабачэнні за непаразуменне, якое ўзнікла і прапануе звярнуцца ў банк з пісьмовай заявай на датэрміновае вяртанне ўкладу з прыкладаннем дакументаў, якiя абгрунтоўваюць выключную неабходнасць. Заява кліента будзе разгледжаная банкам ва ўстаноўленым парадку.