19 сакавiка 2024, aўторак, 11:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія лекары пра каранавірус: Усе далёка не так маляўніча, як паведамляюць народу

99
Беларускія лекары пра каранавірус: Усе далёка не так маляўніча, як паведамляюць народу

Ёсць вялікая імавернасць, што нашае Міністэрства аховы здароўя не справіцца з эпідэміяй.

Медыкі - адна з груп рызыкі падчас пандэміі каранавіруса. Журналісты пагаварылі з беларускімі лекарамі пра тое, што цяпер адбываецца ў медыцынскіх установах і ці патрэбны беларусам карантын, паведамляе «Радыё Свабода».

«Вялікая імавернасць, што нашае Міністэрства не справіцца з гэтым»

«Усе далёка не так маляўніча, як пра гэта паведамляюць народу, - кажа лекар адной з менскіх клінік. - Вельмі шмат людзей хварэюць цяпер. Дыягнастуюць і свіны грып, і сезонны грып. Паміраюць людзі ад пнеўманіі, і толкам ніхто не можа сказаць, ад якога ўзбуджальніка. Бяруць мазкі для аналізу на «карону». Як і што будзе далей - ніхто не ведае».

Са слоў лекара, клінікі, якія перапрафілявалі пад «кантакты першага і другога ўзроўню», ужо загачаныя.

«Больш за тое, як мне сказалі, сярод лекараў, якія працуюць з «кантактамі», ужо выпадкаў дзесяць заражаных ёсць. Частка маіх знаёмых лекараў чакаюць вынікаў, так як іх шпіталізавалі як «кантакты».

Дзяўчына распавядае, што ў яе клініцы заканчваюцца маскі, таму іх шыюць з марлі самі лекары. Планавую шпіталізацыю часова скасавалі - засталася толькі тэрміновая.

Лекар раіць беларусам лішні раз пасядзець дома, чым хадзіць па горадзе, бо «зараза сярод людзей ходзіць».

«Гэта дакладна. Захворванне расце ў геаметрычнай прагрэсіі. Вялікая верагоднасць, што наша Міністэрства не справіцца з гэтым. Цяпер сезон грыпу і ВРВІ. Але, я думаю, і «карона» ў нас расце».

Увядзенне карантыну лекар падтрымлівае.

«Тут можна падумаць лагічна. Карантын увялі краіны, у якіх медыцына значна вышэйшая за нашую, магчымасцяў больш, чым у нас. Кітай стрымаў успышку ў сябе толькі дзякуючы жорсткім мерам карантыну.

Калі ўводзіць карантын, то жорсткі. Каб сапраўды сядзелі дома. Скасаваць мерапрыемствы ды іншае. Некаторыя лекары і медсёстры не водзяць дзяцей ні ў школу, ні ў садок. Хтосьці, наадварот, не бачыць праблем - маўляў, дзеці ж так не хварэюць».

Словы Лукашэнкі аб «40-50 грамаў у разліку на чысты спірт» сталі ў медыкаў нагодай для жартаў.

«Лекары ёсць лекары. Жартуем, смяёмся. Перасцярога ўсё роўна ёсць, але праца наша такая. Але выконваць захады бяспекі імкнуцца ўсе. У масках хворых глядзяць, рукі апрацоўваюць. Хоць маску трэба насіць хвораму, але ўсё адно масачны рэжым для лекараў ва ўсім шпіталі».

На ейную думку, найбольшая праблема ў тым, што ў беларусаў няма доступу да ўсёй інфармацыі аб каранавірусе.

«У нас ёсць маскі! Зробім выгляд, што яны дапамагаюць»

Іншая суразмоўніца некалькі гадоў працуе афтальмолагам у адной з менскіх паліклінік.

«Да мяне прыходзіць шмат людзей заўсёды - у сярэднім ад 50 да 70 за дзень. Да мяне рэдка прыходзяць з ВРВІ, з тэмпературай і з усім, што падобна да сімптомаў каранавіруса, бо іх проста не пускаюць.

Да мяне не прыходзілі людзі, у якіх потым выявілі каранавірус, - па меншай меры я спадзяюся. Хто ж ведае, можа са схаванай формай. Хутчэй за ўсё, так».

Але, кажа яна, тэрапеўты ў свае выходныя дні абыходзілі ўсіх людзей, якія кантактавалі з хворымі каранавірусам на другім узроўні.

Са слоў лекара, у паліклініцы паток пацыентаў падзеленая: для тых, у каго ёсць сімптомы каранавіруса, асобны ўваход. Для тых, у каго тэмпература, асобны паверх. Так было заўсёды, кажа лекар, але зараз выдзелілі яшчэ адзін паверх, а таксама зачынілі аддзяленне дзённага стацыянара.

«У нас ёсць маскі! Зробім выгляд, што яны дапамагаюць. Ёсць антысептыкі. Мы абзвоньваем усіх, каб не прыходзілі на прыём без тэрміновай патрэбы. Але гэта не пра мой прыём».

«Паджылыя лекары, якія працуюць на пенсіі, зусім не ў захапленні»

З назіранняў спадарыні, людзей у паліклініцы стала менш і вялікая частка носіць маскі.

«Дасведчанасць пра вірус надзвычай нізкая. Калі спытаць, навошта чалавек прыйшоў у паліклініку ў такі час, то цябе, хутчэй за ўсё, пашлюць на сухі лес, - я правярала. Будуць глядзець вялікімі вачамі».

Дзяўчына кажа, што ўсе лекары баяцца і працуюць. Калі заражаных будзе больш, то хадзіць па хатах на выклікі будуць усе.

«Усе спецыялісты сядуць на агульны прыём, - разважае лекарка. - А з наяўнасцю масак і антысептыкаў ў арсенале гэта не так ужо весела. Але я спакайней стаўлюся да гэтага. Паджылыя лекары, якія працуюць на пенсіі, зусім не ў захапленні ад таго, што адбываецца. Праца, абавязак - гэта ўсё зразумела, але абарона для нас таксама патрэбна. Крыху больш за маскі».

Яна дадае, што паводзіны беларускіх уладаў супакойваюць насельніцтва, але «лепш была б сярэдняя паніка».

«Страх спарадзіў бы хоць мінімальны клопат пра сябе і сваё здароўе. Без адэкватных карантынных захадаў працэс можа зацягнуцца і прынесці вельмі сумныя наступствы. Асабліва, калі ёсць краіны з прыкладамі развіцця гэтай эпідэміі. Для лакалізацыі такіх сітуацый трэба дзейнічаць больш жорстка. Чаму не ўводзяць карантын у школах, дзіцячых садках - гэта для мяне загадка».

Напісаць каментар 99

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках