Борыс Джонсан пра каранавірус: Хачу даць адну простую інструкцыю
8- 29.03.2020, 10:19
- 56,878
Прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі выступіў з адкрытым зваротам да суграмадзянаў.
Сітуацыя з распаўсюдам каранавіруснай інфекцыі ў Вялікай Брытаніі пагоршыцца. Пра гэта гаворыцца ў лісце брытанскага прэм'ер-міністра Борыса Джонсана да жыхароў краіны, які апублікавала канцылярыя кіраўніка ўрада, паведамляе zn.ua.
"Мне важна быць адкрытым з вамі. Усё будзе толькі горш перад тым, як палепшыцца. Чым больш строга вы будзеце выконваць правілы, тым менш жыццяў мы страцім. Тады звыклае жыццё вернецца хутчэй", – кажа ў лісце Джонсан.
Прэм'ер-міністр заявіў, што галоўнай мэтай брытанцаў цяпер з'яўляецца стрымліваць распаўсюджванне хваробы і максімальна скараціць колькасць людзей, якія ў адзін момант маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе. Інакш нацыянальная сістэма аховы здароўя не справіцца з эпідэміяй.
"Вось чаму мы даем вам адну простую інструкцыю – вы павінны заставацца дома. Вы не павінны сустракацца з сябрамі або сваякамі. Пакідаць дамы толькі для набыцця ежы, медыцынскай дапамогі", – падкрэсліў Джонсан.
Прэм'ер дадаў, што ўрад зробіць усё магчымае, каб дапамагчы тым, чыё фінансавае становішча праз каранавірус пагоршылася.
Паводле актуальных звестак універсітэта Джона Хопкінса, у Вялікай Брытаніі налічваецца 17,3 тыс. тых, хто захварэў на каранавірусную інфекцыю COVID-19. Памёр 1021 пацыент, яшчэ 151 – ачуняў. Прэм'ер-міністр краіны Борыс Джонсан таксама заразіўся каранавірусам.