18 лiстапада 2024, панядзелак, 10:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Універсальны творца

3
Універсальны творца

Что значыў Ніл Гілевіч для сучаснікаў?

Прайшло чатыры гады, як не стала Ніла Гілевіча.

У той жалобны час нібы самі прыйшлі да мяне словы смутку ад цяжкае страты і словы натуральнага гонару за здзейсненае Ім. Атрымаўся верш «Паэт купалаўскага гарту»:

Спачыў пясняр, не скажа больш

Слоў пранікнёных, палымяных,

За нашу Бацькаўшчыну боль

Больш не вярэдзіць сэрца рану.

Ён, дум высокіх валадар,

Прайшоў сваю дарогу годна,

А больш за ўсё жадаў змагар,

Каб Беларусь жыла свабодна.

За мову і за родны сцяг

Змагацца ўсёй істотай мусіў,

Праз церні церабіў ён шлях

Да незалежнай Беларусі.

Герой, над кім не ўладны час,

Любові нашай вечнай варты.

Быў, ёсць і будзе ён у нас,

Паэт купалаўскага гарту.

29–30.03.2016

Адначасова з вершам і ўслед за ім у памяць хлынулі ўспаміны пра слыннага творцу і прыязнага чалавека. Узгадваліся шматлікія сустрэчы, сумесныя паездкі (у прыватнасці, у снежні 1994-га ў Берасце, дзе праводзілі ў апошні шлях Уладзіміра Калесніка, і ў верасні 2003-га ў Белаазёрск, дзе віншавалі з 60-годдзем Ніну Мацяш). Успомнілася і тое, як хораша Ніл Сымонавіч прамаўляў на маёй юбілейнай вечарыне ў касцёле імя святых Сымона і Алены і як жыва жартаваў пасля на вячэры…

Ляцеў час, і падкрадваліся хваробы. Народны паэт у апошнія гады рухаўся толькі ў межах кватэры. Калі ж я прачытаў у «Народнай волі», што ён пабываў у Бараўлянах, то не без трывогі, але спадзеючыся на лепшае, набраў нумар яго хатняга тэлефона. Калі запытаўся, чаго давялося быць у Бараўлянах, ён сказаў, што туды трапляюць не проста так. І адчуўшы мой неспакой, працягваў: «Васіль Аляксеевіч! Я гляджу на гэта па-філасофску: мне амаль 85. І я адбыўся!..». Ён ужо ведаў прысуд: анкалогія! І так па-багдановічаўску светла заявіў з прыцемку… нібыта ў працяг аднаго з вершаў:

Ніякі рахунак, ніякі разлік

Ужо мне не страшны:

я збыўся, Айчына.

Я марна не згінуў, бясследна не знік.

Мяне для цябе ўратавала Жанчына.

Ніл Гілевіч — не проста яскравая, адметная постаць нацыянальнае літаратуры, культуры, навукі, а постаць легендарная. Народны паэт Беларусі (1991), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы (1980), кавалер ордэна Кірылы і Мяфодзія. Прафесар (1978). Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1980). Паэт, празаік, драматург, публіцыст, літаратуразнаўца, перакладчык, фалькларыст.

Вялікая чытацкая аўдыторыя не магла не заўважаць: знакаміты наш класік надзелены ўніверсальным талентам. Усе віды літаратуры і ўсе жанры яму былі падуладныя. Найбольш поўна і разнастайна праявіў сябе Ніл Сымонавіч у цэху паэзіі, тут ён майстра на ўсе рукі: паэт-лірык, паэт-публіцыст, паэт-гумарыст і сатырык, паэт-песеннік, аўтар рамана ў вершах «Родныя дзеці» (1985), арыгінальнага маленькага лірычнага рамана «...І плямы на табе няма» (2003), унікальнага «Сказу пра Лысую гару» (1972), шэрагу кніжак для дзяцей... Які дзівосны паэтычны дыяпазон!

Звяртае на сябе ўвагу ягонае ўменне выказаць сябе, свае пачуцці, думкі, назіранні ў самых розных вершаваных формах, уласцівых найперш еўрапейскай паэзіі. Няхай у сучаснай беларускай літаратуры ўжо даўно не з’яўляюцца навінкамі вянкі вянкоў санетаў, ды ім дарогу праклаў у гісторыі нашай літаратуры вянок санетаў «Нарач» (1964), створаны Нілам Гілевічам. Выбітны паэт аблюбаваў яшчэ адну класічную форму верша, у выніку з’вілася кніга «Актавы» (1976). І на мінімальнай плошчы Майстру ўдавалася напоўніцу выказаць глыбіню пачуццяў і думак, данесці да чытача сваё запаветнае, што засведчыў яшчэ адзін яго зборнік васьмірадкоўяў «Святлынь» (1984). Дасканалае валоданне размаітымі вершаванымі формамі асацыюецца з майстэрствам Максіма Багдановіча.

У Ніла Гілевіча дужа цікавыя, багатыя зместам пры дасканалай форме і сюжэтныя вершы, вершаваныя апавяданні, праўдзівыя проза, драматургія, эсэ, бездакорныя пераклады, узрушальныя прадмовы да выбраных твораў нашых класікаў. Нельга не заўважыць яго вялікай прыхільнасці да вуснай народнай творчасці. Ён уклаў і адрэдагаваў цэлыя тамы беларускага фальклёру, стварыў, апроч таго, кнігі пра паэтыку беларускай народнай лірыкі ды беларускіх загадак.

Але найбольш уражвае і радуе тое, што ён цягам усёй сваёй творчасці выступаў як няўхільны і паслядоўны патрыёт нашай мілай Бацькаўшчыны — за родную мову, культуру, за адраджэнне нацыянальнае свядомасці, супраць нацыянальнага нігілізму. Мне, яго сучасніку, прыемна знайсці і ў залатым фондзе каласальнай духоўнай культуры чыста гілевічаўскія красу лірыкі, моц публіцыстыкі, дасціпнасць гумару, сакрушальную сілу сарказму, багаты ўзор эпічнага палатна, кампетэнтнае слова пра паэтычную і спеўную спадчыну беларусаў, пераствораныя на матчынай мове мастацкія ўзоры знаных замежных творцаў.

Яшчэ ў 1966 годзе я з радасцю чытаў простыя і пранікнёныя яго радкі:

Край мой беларускі, край!

Дай ты мне паслухаць, дай!

Як на лад пявучы

Старажытнай мовы

Тут гамоняць пушчы,

Там шумяць дубровы, —

Дай жа мне паслухаць, дай!

Тады ж усхвалявалі яшчэ больш праніклівыя словы заключнага чатырохрадкоўя верша «Не баюся, што мой век не вечны...»:

А мацней за ўсё я пашкадую

Перад тым, як свет пакінуць весні,

Што ўжо больш ніколі не пачую

Нашай роднай беларускай песні.

Але маё чытацкае знаёмства з паэзіяй Ніла Гілевіча пачалося нашмат раней — калі я толькі паступіў у Берасці ў педагагічны інстытут. У вольны час хадзіў па кнігарнях, набываў літаральна ўсе зборнікі беларускіх паэтаў. І вось займеў кніжку «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959). Яго (другую па ліку) кніжку. Мне не забыць, як жа ўскалыхнула яна мне душу вершам «Маці»…

Я гляджу ў яе вочы,

Што свецяцца шчасцем,

Гладжу рукі сухія,

Прапахлыя зеллем,

І хілюся да сэрца...

А трэба б упасці

Перад ёю — нядужай, сівой —

На калені...

Паэт гэтак прачула распавядае пра сустрэчу з матуляю-сялянкаю ў родным двары, у сваёй вясковай хаце, куды ён, відаць, прыехаў з горада, з пяшчотаю гаворыць пра яе, вечна стомленую ў вірах бясконцае працы, звяртаецца (ад імя не толькі свайго — і ўсіх братоў, сёстраў) да маміных вачэй: «Вы над намі вясёлымі зоркамі ззялі», да вачэй, якія, калі нават «у нясцерпнай дрымоце зліпаліся», «усміхаліся нам, забаўлялі», звяртаецца да матчыных рук, якія аж нылі ўвечары, «спавіваючы нас перад сном галубіным» (я не ведаў тады, што паэт рос у вялікай сям’і, у якой было дзесяць дзяцей, двое з якіх памерлі малымі), звяртаецца да сэрца маці:

Наш боль быў тваім,

Не іначай,

Сорам наш

Ты насіла вялізарным горам,

Кропля ж кожная

Радасці светлай дзіцячай

Напаўняла цябе,

Разлівалася морам...

Гэтыя словы мною ўспрымаліся так, быццам яны — пра маю матулю, якую страціў юнаком, і таму яны, асабліва заключныя радкі пра тое, як позна мы, дзеці, «няўдзячнасць сваю разумець пачынаем», абуджалі ў душы шчымлівае пачуццё шкадавання. Невыпадкова кампазітар Павел Яроменка стварыў з верша цудоўную песню. Дарэчы, на вершы Ніла Гілевіча напісана мноства песняў вядучымі кампазітарамі: У. Буднікам, Я. Глебавым, Э. Зарыцкім, Л. Захлеўным, І. Лучанком, Э. Ханком ды іншымі. Я быў сведкам аншлагу ў Белдзяржфілармоніі, дзе цягам усёй вечарыны гучалі такія песні, а пасля выступа́ў улюбёнец публікі Ніл Гілевіч. Паломніцтва нагадвала і вечарына (з яго ўдзелам) у Доме літаратара, праведзеная паэтычным тэатрам «Зьніч» на чале з Галінаю Дзягілевай.

Як чытач і як літаратар я з добрым хваляваннем разгортваў кожную новую кнігу Майстра: «Неспакой», «Бальшак», «Перазовы», «А дзе ж тая крынічанька», «У добрай згодзе», «Родныя дзеці» і многія іншыя. На іх у друку з’явілася шмат выдатных рэцэнзій такіх відушчых літаратараў, як У. Калеснік, Р. Бярозкін, А. Вярцінскі, М. Ермаловіч, Н. Мацяш, П. Макаль. Можна не сумнявацца: наперадзе і грунтоўныя даследаванні творчасці Ніла Гілевіча, ёмістыя манаграфіі, жыццяпіс народнага паэта, вучонага, фалькларыста, асветніка, грамадскага і дзяржаўнага дзеяча.

У Ніла Гілевіча ўнушальная колькасць (больш за сто) выдадзеных кніг. Паспяхова прайшла і справа з выданнем 23-х тамоў выбраных твораў. Выбранае — гэта, вядома, частка ўсяго, што падараваў апостал духу свайму народу амаль за 60 гадоў актыўнай творчасці. Але не ў колькасці здзейсненага сапраўдная заслуга аўтара, а ў красе і сіле яго мастацкага слова, у тым, наколькі дзейсна служыць ягонае слова чалавеку, Бацькаўшчыне. Кнігі Ніла Гілевіча маюць невычэрпныя выхаваўчыя магчымасці, трывалы патэнцыял. Відаць, яны будуць цікавыя і карысныя і з цягам часу — для новых і новых генерацый.

Найбольш відавочная выхаваўчая роля вершаў для дзяцей. Здымаю з палічкі адзін з дзіцячых зборнікаў паэта — «Калі рана ўстанеш», разгортваю. На 13-й старонцы чытаю пра шпака:

Ён цяжкі шлях пераадолеў,

Пакуль вярнуўся ў родны край.

.......................................

Смяецца сонца. Дзень прыгожы.

А шпак ля доміка свайго

Сядзіць і кліча ўсіх прахожых

Паслухаць песеньку яго.

Шпак спяваў у родным раздоллі, на волі. А вось злоўлены хлопчыкам конік (верш «Конік у палоне») спяваць не захацеў — і, шкрабаючы па дне шклянкі, ён нібы з крыўдаю кажа:

Сумна мне тут без сяброў

Аднаму ў палоне.

Адпусці мяне дамоў —

У прастор зялёны.

І прыходзь тады гуляць

На лужок мурожны:

Буду я табе спяваць

Дзень і вечар кожны.

І яшчэ адзін верш не магу не працытаваць:

Бацька ўзяў вялікі кош,

Сын — маленькі кошык.

У кішэні ў бацькі — нож,

А ў Сяргейкі — ножык.

Бо Сяргейка знае ўжо:

Рваць грыбы няможна —

Трэба нізенька нажом

Рэзаць асцярожна.

Вось вам і выхаванне дзяцей: і патрыятычнае, і маральнае, і працоўнае, і экалагічнае, а найперш — эстэтычнае.

У заключэнне скажу: у Ніла Гілевіча ёсць што пачытаць чалавеку любога ўзросту, бо ён — творца ўніверсальны.

Васіль Жуковіч, «Новы Час»

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках