У Берасці праціўнікі завода АКБ выйшлі на плошчу ў масках
1- 29.03.2020, 13:36
- 9,098
У акцыі ўдзельнічала блізу 160 чалавек.
У Берасці блізу поўдня 29 сакавіка чарговы раз сабраліся на плошчы Леніна праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць на гэтай пляцоўцы кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.
Паводле звестак праваабаронцы Рамана Кісляка, у 12.40 на плошчы было блізу 160 чалавек, пішуць naviny.by.
Беручы да ўвагі эпідэміялагічную сітуацыю, людзі разгрупоўваюцца па плошчы невялікімі групамі. Многія прыйшлі на сустрэчу ў масках.
Людзі, якія сабраліся, абмяркоўвалі сітуацыю з правядзеннем дзяржаўнай экалагічнай экспертызы праектнай дакументацыі акумулятарнага завода ТАА «АйПаўэр».
Як паведаміла прэс-служба групы кампаній 1AK-GROUP, у якую ўваходзіць «АйПаўэр», 24 лютага праектная дакументацыя прадпрыемства пасля карэктавання была пададзеная на дзяржаўную экалагічную экспертызу (ДЭЭ). 24 сакавіка прэс-служба 1AK-GROUP паведаміла, што Цэнтр экалагічных экспертызаў ацаніў разлікі, прыведзеныя ў праекце, як празмерныя, выкананыя з вялікім запасам. ТАА «НПФ “Экалогія”», якое з'яўляецца генеральным праектавальнікам, адклікала пакет дакументаў, выканала дапрацоўку і падало іх у Рэспубліканскі цэнтр дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і павышэння кваліфікацыі кіраўнічых работнікаў і спецыялістаў Мінпрыроды.
Як заявіў Канстанцін Астапук, «усё гэта нагадвае цырк». «Колькі ўжо можна падаваць дакументы на дзяржаўную экалагічную экспертызу!» – заявіў ён.
Актывіст Дзмітрый Андрасюк адзначыў, што «дзівіцца няма чаму». «За гэтыя два гады “АйПаўэр” цалкам дыскрэдытаваў сябе», – мяркуе ён.
На думку актывіста Алега Вялава, «хутчэй за ўсё, “АйПаўэр” сказалі, што паводле гэтых дакументаў не можа быць станоўчай высновы... і цяпер яны чарговы раз нешта перадалі і спрабуюць уцюхаць гэты праект на дзяржаўную экалагічную экспертызу», – мяркуе ён.
Пасля сустрэчы на плошчы, якая доўжылася прыкладна да 12.40, праціўнікі будаўніцтва завода прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця – Пушкінскай і Савецкай – да кінатэатра «Беларусь».