«Калі эканоміка лясне, прыйдзецца градкі саджаць»
14- 29.03.2020, 14:44
- 22,376
Рэпартаж з пасёлка беларускіх дачнікаў.
У суботу на вуліцы прыкметна пацяплела, і частка беларусаў адправіліся на лецішчы. І хоць прафесіяналы агароднага мастацтва кажуць, што адкрываць сезон яшчэ ранавата, на пероне ля ранішняй электрычкі Менск-Маладэчна людзей нямала. Паходныя торбы, важкія заплечнікі і саджанцы ў руках выдаюць у іх гаспадароў невялікіх участкаў - людзей, якія нарэшце дачакаліся канца зімы і цяпер спяшаюцца навесці парадак на зямлі. «Таму што, - як заўважыла адна сталічная дачніца, - вірус вірусам, а расада сама сябе не пасадзіць», піша tut.by.
Наша электрычка стартуе а 9.42, пасажыраў у вагоне стае. Ніхто не стаіць, але і свабодных месцаў не сказаць каб шмат. На наша пытанне, куды звычайна едзе большасць тутэйшых дачнікаў, пасажыры адказваюць - станцыя Пралескі. Там праз гадзіну і сходзім. Усе, каму таксама сюды, не спяшаючыся разыходзяцца па сваіх сотках. Не спяшаецца і Яўген Захаравіч.
- Зямля ж яшчэ мокрая, куды яе капаць, сёння нават рыдлёўку не планую ў рукі браць, - дзеліцца планамі на дзень суразмоўца. - Толькі гляну, што на ўчастку пасля зімы дзеецца, ну і цюльпаны адкрыю.
Нягледзячы на цёплую зіму, кажа ён, «дачны» аншлаг у Пралесках чакаецца як звычайна - у сярэдзіне або канцы красавіка. Сёння ж, працягвае, пакуль надвор'е добрае, усе выбраліся на разведку.
А яго сусед па ўчастку Генадзь Цімафеевіч яшчэ і на ўборку. З Менска ён выехаў а 8 раніцы і да 10.30 ужо ўсё смецце са сваёй тэрыторыі выграб.
- Бабуля мая таксама хацела паехаць, але віруса баіцца, - звяртаецца ён да актуальнай цяпер тэмы COVID-19. - Мы з ёй пагаварылі і вырашылі: паеду я сам. Усё ж трэба пасля зімы на дачы парадак навесці. Рукі сродкам (антысептыкам. - Заўвага. TUT.BY) працёр і пайшоў на цягнік крыху раней, каб людзей сустрэць менш. Ехаў без маскі, але заняў самы кут, на крэслах побач не было нікога, нібы ў купэ сядзеў.
- Як думаеце, чаму, нягледзячы на каранавірус, людзі ва ўзросце ўсё роўна едуць на лецішчы?
- Не могуць нашы людзі без справы. Палова жыхароў Менска родам з вёсак, вось ім па спадчыне гэтая цяга да зямлі і перадаецца, - дзеліцца меркаваннем суразмоўца. - Ну, а чаму маскі ў грамадскіх месцах не апранаюць - спадзяюцца на авось. Ды і я такі ж. Хоць і сядзіць у галаве думка, што трэба быць асцярожным, але тут жа іншая: куля - дурніца. Думаеш, калі што і здарыцца, то не са мной.
«Кажуць, да Звеставання, 7 красавіка, зямля спіць і чапаць яе нельга»
Чым бліжэй да поўдня, тым цяплей. Людзей за глухімі і празрыстымі платамі заўважаем няшмат. Затое чалавека зверху бачым адразу: на даху двухпавярховага дома хтосьці ўсталёўвае антэну. «Вусікі» побач з комінам - яшчэ адна прыкмета таго, што дачнікі вярнуліся з гарадской зімоўкі.
- А мы ўжо печку прапалілі, бульбачку паставілі, зараз двор прыбяром - і пойдзем гарбату піць, - адразу агучвае свой спіс спраў Валянціна Каўрус. З дачкой яны прыехалі на дачу электрычкай у 6-й раніцы, хоць яшчэ пару дзён таму сюды нават не збіраліся.
- Кажуць, да Звеставання - 7 красавіка, зямля спіць і чапаць яе нельга, таму мы хацелі прыехаць крыху пазней, - тлумачыць суразмоўца. - Але ў нас тут каля прыпынку жанчыны «хатнім» гандлююць, - усміхаецца яна, паказваючы ў кірунку невялікага рынка. - Я ў адной з іх увесь час тварог бяру. Роўнага яму нідзе няма. Учора яна мне патэлефанавала, паведаміла, што сёння будзе. І я сваім абвясціла: «Заўтра едзем на лецішча». Так што мы ўжо і тварагу паелі, і бульбу насенную прывезлі.
Участак у Валянціны Іванаўны з'явіўся восем гадоў таму. Хоць пра лецішча, не хавае, марыла даўно, але ўсё ніяк не магла падабраць патрэбнае месца.
- Першы раз патрапілі ў Пралескі зімой, на вуліцы снег ляжаў, а з'язджаць адсюль не хацелася, - вяртаецца яна да тых падзей. - Мне тады 71 год быў. Бацька зяцю казаў: «Так вам жа ўжо...» А я перабівала: «Хай год тут змагу папрацаваць, але я такое задавальненне атрымаю».
Нягледзячы на надыходзячы крызіс, пашыраць агарод гаспадыня не плануе. Саджаць, кажа, трэба столькі, каб «працаваць і атрымліваць асалоду ад гэтага», а не падаць ад стомы.
На слыху і тэма каранавіруса.
- У краму цяпер іду, дачка: «Мама, апранай маску». Апранаю. Заходжу дадому, унучка: «Бабуля, рукі памый». Мыю. Вядома, беражонага бог беражэ, - дзеліцца меркаваннем субяседніца. - Учора ў навінах распавядалі, што Леў Лешчанка нездаровы. Нібыта з гэтым вірусам. Але я сябе заўсёды настройваю на лепшае. Вось некаторыя скардзяцца, заўтра надвор'я не будзе, а я адказваю: а паслязаўтра будзе. Я аптыміст па натуры. Так і жыць лягчэй.
У суседзяў Валянціны Іванаўны таксама няма прычыны для суму. На моры яны не збіраліся, таму закрытыя межы іх не хвалююць. Людзей, разважаюць, можна падзяліць на дзве катэгорыі: адным бліжэй лецішча, другім - падарожжа. Яны належаць да першых.
- У мужа на працы калега ёсць. Раней, калі пра лецішчы чуў, увесь час паўтараў: «Навошта мне гэтыя соткі, я лепш паеду свет пагляджу», - перадае тыя гутаркі суседка. - Мы цяпер жартуем: «Вось і табе прыйдзецца на лецішчы пасядзець».
«Можна пасадзіць два лішніх качаны капусты, але ў краме яны абыдуцца ў паўтара разы танней»
Лецішчаў у Пралесках так шмат, што дамы непрыкметна перацякаюць з Маладэчанскага раёна ў Валожынскі. Адзін домік змяняе іншы. Нечакана трапляюцца амаль пустыя, без пабудоў соткі. Гаспадараць тут Яўген з Анжалікай.
Участак маладыя людзі купілі два тыдні таму. Знеслі адну старую гаспадарскую цяпліцу, на чарзе другая. Цяпер, кажуць, будаўніцтва свайго дома для іх важней чым памідоры.
- Але паглядзім, што будзе далей з гэтым вірусам і эканомікай, - не адрываючыся ад спраў, працягвае Яўген. - У мяне, напрыклад, сястру на працы ўжо на месяц адправілі за свой кошт. Калі эканоміка «лясне», прыйдзецца градкі саджаць.
Пакуль жа планы ў маладой сям'і пазітыўныя. Рыхтуецца праект іх дома, і ў жніўні яны хочуць адпачыць у Грузіі.
А медработніца Ала з участку непадалёк збіраецца саджаць рададэндран. З мужам Сяргеем Уладзіміравічам яны прыехалі на лецішча яшчэ ў пятніцу - пасля працы. Жартуюць, сышлі на выхадныя ў самаізаляцыю. На ўчастку, тлумачаць, людзей менш і паветра свежае. Спраў, распавядаюць, за ранак перарабілі нямала. Муж ужо шклярніцу перакапаў, бойлер павесіў. Жонка абрэзала ружы.
- У сувязі з надыходзячым крызісам агарод пашыраць не плануеце? - цікавімся ў сям'і.
- Калі б у нас гектар зямлі быў, я разумею, але там шэсць сотак. Яны моцна не выратуюць, - тлумачыць сітуацыю Сяргей Уладзіміравіч. - Можна пасадзіць два лішніх качаны капусты, але ў краме яны абыдуцца ў паўтара разы танней. На ўчастку ў нас у асноўным газон. Наша бабуля, мая мама, наогул кажа, навошта вам агарод - засейце ўсё травой.
Іх дачнае таварыства, працягваюць суразмоўцы, існуе з 1989 года. У людзей, што гаспадараць тут з самага пачатку - гэта значыць у старэйшага пакалення, і з крызісам, і без кожны кавалачак зямлі чымсьці засаджаны. Новыя ўладальнікі, дзеліцца назіраннямі Сяргей Уладзіміравіч, у асноўным купляюць участкі для адпачынку. Каб шашлыкі арганізаваць, з дзецьмі на свежым паветры пабыць.
- А ці ёсць штосьці, што можа прымусіць людзей перакапаць газоны ў градкі?
- Толькі калі крамы спусцеюць, але цяпер не такая сітуацыя.