«Завод нежыццяздольны!»: Як сёння пратэставалі ў Берасці
2- 29.03.2020, 14:57
- 35,111
Жыхары горада дадалі да сваіх акцый важную дэталь.
Удзень 29 сакавіка на плошчы Леніна ў Берасці прайшло традыцыйнае нядзельная кармленне галубоў у знак пратэсту супраць акумулятарнага завода «АйПаўэр», які пабудаваны за некалькі кіламетраў ад абласнога цэнтра. Гэтым разам многія ўдзельнікі маўклівай акцыі пратэсту былі ў масках і на плошчы стаялі на адлегласці адзін ад аднаго, паведамляе «Бресткая газета».
Людзі, якія сабраліся, між іншым, абмяркоўвалі навіну пра тое, што генеральны праекціроўшчык завода АКБ адклікаў і зноў падаў дакументы на дзяржаўную экалагічную экспэртызу.
«Гэта ўжо шостая падача (на дзяржаўную экалагічную экспертызу - заўв. рэд.). Пры гэтым завод ужо стаіць паўтара года. Ніякага газаачышчальнага абсталявання дадаткова туды не ставіцца. Усе гэтыя нібыта перапрацоўкі праектаў - гэта фікцыя, падгонка пад жаданы вынік заказчыка», - сказаў на плошчы адзін з лідараў пратэстнага руху Дзмітрый Бекалюк. На яго думку, чыноўнікі павінны прызнаць, што ў тым выглядзе, у якім завод пабудаваны, «ён нежыццяздольны на гэтай тэрыторыі».
Паводле звестак праваабаронцы Рамана Кісляка, на плошчы сабралася больш за 160 чалавек. Міліцыя згодна з традыцыямі папярэдзіла іх пра адказнасць за парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах.
Завяршылася нядзельная акцыя пратэсту шпацырам па вуліцах Пушкінскай і Савецкай.