Праз арышт Сяргея Сацука выданне «Ежедневник» змяняе фармат працы
4- 29.03.2020, 15:29
- 12,254
Журналісты звярнуліся да чытачоў.
«Ежедневник» абвясціў пра часовую змену канцэпцыі праз арышт свайго галоўнага рэдактара Сяргея Сацука.
У заяве рэдакцыі адзначаецца, што спачатку ў журналістаў была надзея, што галоўнага рэдактара Сяргея Сацука хутка выпусцяць. Але з 27 сакавіка ён быў змешчаны пад арышт, у доме Сацука прайшоў ператрус і была канфіскаваная ўся кампутарная тэхніка, уключаючы планшэт унука.
«Ператрус прайшоў і ў рэдакцыі «Ежедневника», практычна ўсе яго супрацоўнікі былі выкліканыя на допыты ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. У сувязі з гэтым рэдакцыя «Ежедневника» абвяшчае пра часовую змену канцэпцыі.
З гэтага часу на партале будзе публікавацца толькі інфармацыя (уласныя матэрыялы і матэрыялы іншых СМІ), якія належаць да «Справы Сяргея Сацука». Усе яны будуць сабраныя ў адмысловым раздзеле, у якім мы будзем старанна і падрабязна фіксаваць ход гэтай справы.
Журналіста-даследчыка, галоўнага рэдактара ej.by Сяргея Сацука 25 сакавіка затрымаў Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК. Сацука падазраюць у атрыманні хабару. Паводле ч. 2 арт. 430 КК яму можа пагражаць да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.
Раней Сацук заяўляў, што яму пагражаюць праз яго антыкарупцыйныя расследаванні. Журналісты «Ежедневника» назвалі арышт Сацука фрагментам барацьбы карупцыянераў з чалавекам, які адважыўся паквапіцца на іх выбудаваную сістэму». Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікае ўлады неадкладна вызваліць Сацука і спыніць яго крымінальны пераслед.