Беларус у Літве: Для тых, хто сядзіць без працы, прыпынілі выплаты ў крэдытах
6- 29.03.2020, 21:30
- 15,664
Як COVID-19 змяніў жыццё Літвы.
Эмігрант з Баранавічаў Аляксандр Сушко распавёў intex-press.by, што цяпер адбываецца ў Літве ў сувязі з пандэміяй каранавіруса.
Аляксандр Сушко шмат гадоў жыве ў Літве ў сельскай мясцовасці побач з невялікім мястэчкам Гаргждай, што прыкладна за 20 км ад Клайпеды. Са слоў Аляксандра, у Літве каранавірус падзяліў людзей на дзве катэгорыі: адным усё роўна, іншыя панікуюць і перыядычна ладзяць набегі на крамы, змятаючы з паліц усё запар.
- У нас ёсць невялікая крамка побач з домам. І ўжо другі раз за месяц сюды прыязджаюць людзі з горада і скупляюць усё запар. Я ўжо нават не вытрымаў адзін раз, кажу: «Навошта вы гэта робіце, потым самі будзеце скардзіцца, што кошты растуць?!» - распавядае Аляксандр. - Дэфіцыту няма, прадукты адразу завозяць, але тая ж грэчка, да прыкладу, гляджу, ужо падаражэла амаль удвая. Хтосьці проста нажываецца на гэтым. А кошты пасля каранавіруса ўжо ніхто не знізіць!
Літва, як многія еўрапейскія краіны, цяпер на карантыне. Садкі працуюць толькі для дзяцей пажарных, паліцэйскіх і медыкаў, для астатніх - зачыненыя.
Школы і ўніверсітэты - на дыстанцыйным навучанні, многія работнікі сышлі на дыстанцыйную працу.
Са слоў Аляксандра, дзяржава стараецца падтрымліваць сваіх грамадзян. Да прыкладу, для тых, хто вымушаны сядзець без працы, прыпынілі выплаты ў крэдытах. Уладальнікам рэстарацый, кавярняў і іншага падобнага бізнэсу дзяржава паабяцала аплаціць усе страты, калі тыя ў гэты перыяд не будуць звальняць сваіх работнікаў.
- Былыя калегі-паліцэйскія распавядалі, што ім дадалі заробак на 10% за тое, што ездзяць на выклікі і вымушаныя кантактаваць з вялікай колькасцю людзей, - кажа Аляксандр.
Са слоў суразмоўцы, усіх, хто прыязджае з-за мяжы, адпраўляюць на двухтыднёвы карантын.
- Зараз вельмі шмат літоўцаў вяртаецца з-за мяжы. І практычна з кожнага парома і самалёта здымаюць людзей з прыкметамі каранавіруса, - кажа суразмоўца. - Таму нават калі ў чалавека няма сімптомаў, але ён вярнуўся з-за мяжы, ён можа ўзяць бальнічны і сядзець дома два тыдні. Пры гэтым нікуды ісці па бальнічны не трэба: проста тэлефануеш свайму лекару.
Аляксандр кажа, што людзі самі імкнуцца пры прыкметах нядужання заставацца дома. А тых, хто ўсё ж адважваецца прыйсці на працу, працадаўцы ўсё роўна прымушаюць ісці на бальнічны. Тым больш што ён аплачваецца.