Невядомыя факты пра самага апазіцыйнага мастака Беларусі
4- 30.03.2020, 14:40
- 10,078
Сёння Алесь Марачкін святкуе 80-годдзе.
Ён кіраваў кафедрай жывапісу ў Акадэміі мастацтваў — і адначасова ўзначальваў Управу Беларускага народнага фронта. Быў галоўным у Згуртаванні беларусаў свету — і сядзеў пяць сутак нібыта за нецэнзурную лаянку. Аляксей Марачкін — адзін з самых вядомых беларускіх мастакоў, чые творы і грамадская пазіцыя выклікаюць як захапленне, так і крытыку. 30 сакавіка 2020 года ён святкуе сваё 80-годдзе. Вашай увазе — невядомыя факты з яго біяграфіі, а таксама рэдкія кадры, на якіх можна ўбачыць знакамітага мастака падчас працы ва ўласнай майстэрні, піша tut.by.
«Можна забяспечыць сябе харчаваннем на многія месяцы нават без крамы»
Свой юбілей Алесь Мара (гэта псеўданім мастака) нечакана сустракае ў Чарнагорыі. Ён накіраваўся туды разам з іншымі беларускімі мастакамі на плэнер, але з-за каранавірусу не змог своечасова вярнуцца дадому.
Як тлумачыць Ігар Марачкін, сын Аляксея Антонавіча, гэты пленэр ужо не першы год ладзіць чарнагорскі бізнесмен Ратка Паповіч. Беларусы жывуць за яго кошт у віле высока ў гарах і займаюцца творчасцю.
Праца на Балканах атрымалася надзвычай плённай. З пачатку сакавіка Марачкін-старэйшы стварыў ужо 19 карцін. Некаторыя з іх застануцца ў Чарнагорыі.
— Звычайна мастак пакідае гаспадару некалькі твораў, пра якія з ім дамовіцца. Так прынята: творцы выказваюць удзячнасць за гасцінны прыём, — кажа Ігар Марачкін.
Умовы для працы сапраўды створаныя выдатнейшыя, — працягвае спадар Ігар і прыводзіць наступны прыклад.
— У краму звычайна выязджае гаспадар: згодна з правілам у машыне падчас карантыну можна ездзіць толькі ўдваіх: кіроўца і пасажыр на заднім сядзенні. Але вялікай патрэбы ў вандроўках няма. У спадара Раткі надзвычай вялікая гаспадарка. Усё як звычайна на нашых сядзібах: ёсць і жывёлы, і птушкі. Адпаведна ёсць ежа, таксама — запасы віна. Можна забяспечыць сябе харчаваннем на многія месяцы нават без крамы.
На мінулых выходных беларусы арганізавалі на віле выставу: павесілі на сценах свае творы.
— Яны зрабілі гэтую выставу больш для сябе. Былі запрошаныя літаральна некалькі мясцовых мастакоў, якія жывуць паблізу. Каб падтрымаць аўтараў, паказаць, што зараз яны не адныя.
А так беларусы жывуць на віле амаль у поўнай ізаляцыі. Бліжэйшыя населеныя пункты размешчаныя на адлегласці ў дзесяць кіламетраў.
— Настрой ва ўсіх добры, бадзёры. Песімізму няма. Так, бацька хоча вярнуцца на Радзіму, але падпарадкоўваецца міжнародным правілам. Перасядзець гэтую сітуацыю ў гарах будзе больш правільна.
«Ты, Ляксейка, гультай. Нічога не ўмееш — толькі маляваў бы»
Алесь Марачкін — чалавек з дзюма датамі нараджэння.
— Я заўсёды тлумачу гэтую блытаніну, — казаў мастак у інтэрв'ю «Нашай Ніве». — Сапраўдны мой дзень нараджэння — 30 сакавіка, «на Божага чалавека Ляксея нарадзіўся», як маці казала. А калі я пайшоў у першы клас, ведаў толькі, што ў сакавіку, але не ведаў даты. Чамусьці дзясятка спадабалася. Так і з’явілася 10 сакавіка. І пачало «гуляць» у афіцыйных дакументах. А ў даведніках па мастацтве ўжо фігуруе 30 сакавіка.
Малым дзіцём Марачкін, які нарадзіўся на Чэрыкаўшчыне (усход Магілёўшчыны), стаў сведкам боя паміж нямецкімі і савецкім лётчыкамі - ішла Вялікая Айчынная вайна. Як згадваў мастак у інтэрв'ю «Новаму часу», аднойчы ён схаваўся ў жыта, каб лепш паглядзець на бой. Убачыў, як за адным самалётам з’явіўся чорны дым. Выбуху не было. Прайшло больш за сорак гадоў, і калі пачалі асушаць балоты, знайшлі і той самалёт, і нават савецкага лётчыка ў ім — у торфу захавалася амаль усё.
— Загінуўшы лётчык выглядаў нібы жывы. Пазней дазналіся яго імя і паставілі помнік.
Маляваць Марачкін пачаў яшчэ ў школе.
— [Бацька] казаў: «Ты, Ляксейка, гультай. Нічога не ўмееш — толькі маляваў бы». А я на замерзлых шыбах розныя ўзоры цвіком шкрабаў. Не памятаю, каб ён з вайны прывёз швейную машынку ці нешта такое, а прывёз ахапак паштовак. Як пасля высветлілася, гэта былі рэпрадукцыі з Дрэздэнскай галерэі, Луўра. Яму не было абыякава, што я малюю. Але я ўсё самастойна спасцігаў, — расказваў ён у інтэрв'ю «Нашай Ніве».
Першыя творы Алеся Мары (гэта псеўданім творцы) былі надрукаваныя ў школьных альбо калгасных сценгазетах.
— Адзін раз мяне пабіў аднакласнік. «За што ты майго бацьку скрытыкаваў?» А ён быў п’яніца: намаляваў яго з бутэлькай. Гэта быў першы «ганарар».
«Сістэма не вытрымала напругі - і пачала гарэць праводка, схапілася полымя. Я ледзь уцёк»
Пасля школы Марачкін вырашыў паступаць у Мінскае мастацкае вучылішча, але не прайшоў па конкурсу. Яму пашанцавала: яго і іншых калег па няшчасці прынялі на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута (яго Аляксей Антонавіч скончыў у 1962-м).
Потым была служба ў арміі, дзе мастак спаліў танк.
— Зімой сказалі: на макетах ты навучыўся кіраваць, сядай у сапраўдны танк. Я залез і ўсе кнопкі ўключыў. Сістэма не вытрымала напругі - і пачала гарэць праводка, схапілася полымя. Я ледзь уцёк. І танк выгарэў ушчэнт: чорны стаяў на белым снезе, — расказваў Марачкін «Нашай Ніве». — <…> На гаўптвахту мяне не пасадзілі. А пасля навучылі на танку ездзіць. Мне падабалася, што не трэба вучыць правілы дарожнага руху.
Вярнуўшыся з войска, Аляксей Антонавіч пэўны час выкладаў жывапіс у Жодзіне, а потым паступіў у Акадэмію мастацтваў (скончыў у 1972-м).
Ужо ў тыя гады мастак меў рэпутацыю дысідэнта. Так, да 100-годдзя з дня нараджэння Леніна студэнтам загадалі намаляваць што-небудзь адпаведнае. Марачкін стварыў твор пад назвай «Смаленне чорнага кабана». Зразумець маштаб крамолы могуць толькі тыя, хто ведае, якім заідэалагізаваным было тагачаснае савецкае грамадства. Да таго ж мастак яшчэ і заявіў чыноўнікам, што Ільіч, маўляў, любіў таксама паесці сала, таму не бачыць у сваім учынку праблемы.
«Ад мастакоў запатрабавалі зняць творы, у якіх прысутнічае герб „Пагоня“. Тыя адмовіліся»
У глухія брэжнеўскія часы Марачкін з’яўляўся ўдзельнікам творчага асяродка «На Паддашку» — так называлася майстэрня мастака Яўгена Куліка на цяперашнім праспекце Незалежнасці, што месцілася насупраць будынка КДБ.
Там сабіраліся будучы лідар БНФ Зянон Пазняк, гісторык Міхась Чарняўскі, даследчык Міхась Раманюк, паэт Алесь Разанаў. Менавіта падчас гэтых дыскусій нарадзіліся ідэі двух гучных выстаў: выставы да стагоддзя з дня нараджэння паэтэсы Алаізы Пашкевіч (Цёткі) у 1976-м і выставы да юбілея паэта Міколы Гусоўскага (у 1980-м).
— Рашэннем ЮНЕСКА юбілей Міколы Гусоўскага быў унесены ў сусветны каляндар выдатных культурных падзей. У гэтых абставінах не адзначыць падзею было для кіраўніцтва БССР тое ж самае, што прадэманстраваць усяму свету абыякавасць ці нават варожасць да беларускай нацыянальнай культуры. Адзначыць — паспрыяць распаўсюджванню ў Беларусі нацыяналістычных настрояў, — пісаў мастацтвазнаўца Пётра Васілеўскі. — Вырашылі ўсё ж юбілей аўтара «Песні пра зубра» адсвяткаваць, але трактаваць беларускага генія як носьбіта духоўнай велічы «ўсходнеславянскіх народаў».
— А паколькі ніякіх святочных мерапрыемстваў падрыхтавана не было, давялося ўхапіцца за паўпадпольную, «нацыяналістычную» выставу, надаць ёй афіцыйны статус, — працягвае Васілеўскі. — Але афіцыйнае — значыць падцэнзурнае. Ад мастакоў запатрабавалі зняць з экспазіцыі творы, у якіх прысутнічае герб «Пагоня». Тыя, зразумела, адмовіліся. Астатнія іх падтрымалі і заявілі: калі здымуць гэтыя творы — мы паздымаем свае і выставы ўвогуле не будзе. Экстрэмальныя абставіны прымусілі ўладу саступіць: ніводзін твор не быў зняты з экспазіцыі.
Галоўным супернікам на выбарах быў Чаргінец
Падчас перабудовы Марачкін уключыўся ў грамадскае жыццё, якое тады літаральна віравала. У 1986-м ён разам з мастаком Міколам Купавам арганізавалі ў Траецкім прадмесці «Выставу аднаго дня». Тое свята скончылася скандалам: на дзяцей (навучэнцаў Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве) нацкавалі былых «афганцаў». Тых падманулі: расказалі, што дзеці, якія бралі ўдзел у абрадзе Гукання вясны, святкуюць дзень нараджэння Гітлера. Марачкін ды Купава скардзіліся у пракуратуру, але атрымалі толькі адпіску.
У 1988-м Марачкін увайшоў у грамадскую раду «Мартыралога Беларусі» — грамадскага таварыства, якое займалася тэмай сталінскіх рэпрэсій. Між іншым менавіта на ўстаноўчым сходзе «Мартыралога» быў створаны арганізацыйны камітэт Беларускага народнага фронта, сябрам якога стаў і Марачкін.
У наступным годзе Марачкін разам з аднадумцамі сустракаўся з кіраўніцтвам БССР і марна спрабаваў дамовіцца, каб устаноўчы з’езд БНФ адбыўся ў Мінску (урэшце ён прайшоў у Вільнюсе). У 1990-м разам з Зянонам Пазняком і Юрыем Хадыкам Аляксей Антонавіч падаваў заяўку, каб адсвяткаваць у Мінску Дзень волі (25 сакавіка).
У 1990-м ён вылучыў сваю кандыдатуру на парламенцкія выбары ў Вярхоўны Савет 12-га склікання — першыя, якія праходзілі на альтэрнатыўнай аснове. Мастак ішоў на выбары як сакратар праўлення БНФ. Яго галоўным сапернікам па сталічнай Чкалаўскай акрузе быў пісьменнік, генерал міліцыі Мікалай Чаргінец. Але ніхто з іх так і не стаў дэпутатам — яўка выбаршчыкаў аказалася занадта нізкай. А на паўторныя выбары Марачкін сваю кандыдатуру ужо не выстаўляў.
Сакратаром управы БНФ Марачкін з’яўляўся да 1993 года.
— Што мы зрабілі не так? Адзін надта свядомы спрачаўся з другім, які не дарос да яго свядомасці, і ўвесь час казаў: «Згода!» Таму і прафукалі. Я маю на ўвазе Зянона Пазняка і [Станіслава] Шушкевіча, — казаў мастак.
«Мяне вызваў рэктар і расказаў, што наверсе жадаюць ад мяне пазбавіцца»
Палітыкай Аляксей Антонавіч займаўся на грамадскіх пачатках, бо знаходзіўся на вольных хлябах толькі ў 1970-я. Пасля стаў галоўным мастаком Мастацкага фонда, у 1988-м — выкладчыкам у Акадэміі мастацтваў. Праз два гады ўзначаліў кафедру жывапісу.
Цяпер цяжка ўявіць тую вольніцу, якая панавала ў сталічных ВНУ. Як расказваў Марачкін, разам са студэнтамі ён зладзіў перформанс да аднаго з «Чарнобыльскіх шляхоў». Дарэчы, Чарнобыль паўплываў і на жыццё нашага героя — Ігар, сын мастака, быў ліквідатарам аварыі.
Падчас «Шляху» студэнты Марачкіна ішлі ўнутры кардонных чорных труб, з якіх дзьмуў дым — запальваліся дымавыя шашкі. Цяпер мастак нават не марыць, каб студэнты выйшлі на мітынг гэтак жа свабодна.
— Каб была свабода ўнутры чалавека, то сёння з Акадэміі мастацтва выйшлі бы з такім перформансам! Каб студэнтам сказалі, што трэба пайсці і выказаць свае адносіны — моладзь ішла бы.
У 1997-м мастак быў вымушаны сысці з Акадэміі.
— У канцы 1990-х многія выкладчыкі страцілі свае пасады. Тады галоўным ідэолагам быў сумнавядомы Замяталін <…>. Дык вось, мяне вызваў рэктар Васіль Пятровіч Шаранговіч і расказаў, што наверсе жадаюць ад мяне пазбавіцца. Я яго падводзіць не хацеў, таму зволіўся, але не па ўласным жаданні. Праўда, у хуткім часе знялі і самога Шаранговіча, — расказваў Марачкін.
З таго часу Алесь Мара працуе як вольны мастак і рэгулярна трапляе на старонкі газет ды сайтаў. Праўда, адпаведныя нагоды часам стварае не сам творца, а іншыя асобы.
Так, у 2008-м Марачкін — на той момант кіраўнік Рады згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» — быў затрыманы на пяць сутак — нібыта за тое, што брыдкасловіў каля будынка Цэнтральнага РУУС. Пад выглядам пакупнікоў да яго прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, якія зрабілі ператрус і канфіскавалі расцяжкі і плакаты да Дню волі.
Зрэшты Марачкін сапраўды ніколі не заставаўся ў баку ад палітыкі і выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю ў творах. Так, у 2006 годзе, калі пасля прэзідэнцкіх выбараў на Кастрычніцкай плошчы ладзіліся пратэсты, ён стварыў карціну «За Свабоду! Плошча Каліноўскага». У яго карцінах увасоблена і дзяжурства ля рэстарана «Поедем поедим», што месціцца ля Курапат.
— Палітычная тэма — не асноўная ў маім жыцці, але яна асноўная ў маёй грамадзскай пазіцыі. Скажыце, хто сёння бярэ смеласць выказацца сродкамі мастацтва ў адносінах да пануючага ў краіне палітычнага рэжыма? Адзін-два чалавекі, — адказваў Марачкін на крытыку ва ўласны адрас.
Дзеля аб’ектыўнасці, часам пазіцыя юбіляра выклікае пярэчанні і здзіўленне. Так, сярод яго твораў - і карціна «Меня неправильно поняли». На ёй Марачкін увасобіў партрэт Святланы Алексіевіч і заявіў, што Нобелеўскай прэміі былі вартыя шмат іншых пісьменнікаў, якія пісалі па-беларуску. Маўляў, хоць у кнігах Святланы Аляксандраўны ёсць пра чырвонага чалавека, пра СССР, яна пісала іх па-руску.
— Што да крытыкі… Лічу, што мастак сам сабе найгалоўнейшы суддзя. Я ведаю як і свае хібы, так і станоўчыя якасці. На сваіх выставах я ніколі не кладу кнігу водгукаў, — казаў Марачкін. — Мне казалі, што і ў Сеціве на мае творы шмат каментарыяў. Але я не давяраю ўсім гэтым словам. Я давяраю сабе, маім калегам-мастакам альбо мастацтвазнаўцам, якія прааналізуюць творы, зробяць нейкія заўвагі. Па-другое, калі ў мастака шмат непрыяцеляў, то гэта нармальна. У кепскага мастака ўсё добра.