Cтаніслаў Шушкевіч: Задума вусатага троечніка ўяўляе вялікую небяспеку
30- 30.03.2020, 14:51
- 64,372
Успышка каранавірусу можа адбыцца дастаткова хутка.
Беларускія ўлады ігнаруюць пандэмію каранавірусу і не інфармуюць грамадзянаў пра галоўныя захады прафілактыкі. Пра гэта ў каментары выданню "Гордан" заявіў экс-кіраўнік Вярхоўнай рады Беларусі Станіслаў Шушкевіч.
"Я цяпер пераважна знаходжуся дома. Як я бачу са свайго акна, на вуліцах не людна. Але паводле словаў жонкі, у горадзе дастаткова шмат людзей на вуліцах. Беларусы назапасілі трохі прадуктаў харчавання, каб радзей выходзіць. Але панікі няма. Я сустракаюся з нашымі медыкамі досыць часта. Высока іх цаню. Гэта добрасумленныя, прыстойныя, прафесійныя людзі. Баюся, яны могуць зазнаць большую рызыку, чым заслугоўваюць", – сказаў Шушкевіч.
На ягоную думку, Лукашэнка слаба арыентуецца ў пытаннях эпідэміялогіі, таму схільны недаацэньваць пагрозу.
"У нас у краіне нават захады засцярогі не прапагандуюцца так, як, напрыклад, у Польшчы ці Украіне. Мне здаецца, што Лукашэнка ў такіх справах арыентуецца слаба. Ягонае старое савецкае выхаванне і бравада спартовай формай небяспечныя для краіны. Бо гэта нейкая недарэчнасць – трактарам, алкаголем і спортам спраўляцца з каранавірусам", – адзначыў палітык.
Ён мяркуе, што ў сувязі з распаўсюджваннем COVID-19 пільнасць неабходна ўзмацняць.
"Успышка можа адбыцца дастаткова хутка. І мне здаецца, што дзяржава не ўжывае ўсіх захадаў, якія абавязаная ўжываць. У той самы час да нас прыязджае прадстаўнік САЗ і хваліць, што ў Беларусі ўсё добра. Ну, паказнікі ў лічбах у нас нядрэнныя. Але захапляцца афіцыйнымі лічбамі небяспечна. Мне здаецца, пільнасць трэба ўзмацняць. Неразумна ігнараваць пагрозу. Гэтая задума нашага вусатага троечніка Лукашэнкі ўяўляе вялікую небяспеку для насельніцтва Беларусі", – рэзюмаваў Шушкевіч.