«Куды і навошта вязуць нашых дзяцей?!»
50- 30.03.2020, 22:56
- 231,564
На Капыльшчыне школьнікаў масава правяраюць на каранавірус.
Прычына - падазрэнне хваробы ў адной з настаўніц Доктаравіцкай сярэдняй школы. Яна была шпіталізаваная больш за два тыдні таму, паведамляе «Радыё Свабода».
Доктаравіцкая сярэдняя школа знаходзіцца ў Капыльскім раёне, тут вучацца дзеці з некалькіх суседніх вёсак. У сярэдзіне сакавіка адну з настаўніц паклалі ў раённую лякарню. А 29 сакавіка, у нядзелю раніцай, па вёсцы Новыя Доктаравічы пачалі хадзіць лекары і браць аналізы ва ўсіх дзяцей. Дарослым было адмоўлена, ім толькі мералі тэмпературу.
«Яны прыйшлі блізу 9 гадзін раніцы», - распавядае мясцовая жыхарка Наталля. - Мазкі бралі толькі ў дзяцей, у дарослых - не. Мы прасілі, але адмовілі. Сёння намеснік дырэктара патэлефанаваў са школы і сказаў, што трэба збіраць дзяцей, маўляў, іх даставяць у лякарню ў Капылі.
Журналісты размаўлялі з Наталляй каля школы, у прызначаны адміністрацыяй час сюды прыводзілі дзяцей мясцовыя жыхары. Хто на аўто, хто на ровары, хто пешшу. Большасць дзяцей былі ў масках, дарослыя таксама.
«Разумееце, мы баімся, - кажа Наталля. - Яны нам нічога не тлумачаць. Куды цяпер дзяцей забяруць, чаму? Некаторыя бацькі, я ў тым ліку, збіраюцца пісаць адмову. Баюся, маё дзіця можа заразіцца там. І калі нам вернуць дзяцей? Гэта невядома. І чаму правяраюць толькі дзяцей, а не дарослых? Муж настаўніцы ўчора гуляў па вёсцы, яго бачылі на вуліцах. Чаму яго не праверылі?»
Называць прозвішча хворай настаўніцы Наталля адмовілася. Яна кажа, што пра яе станоўчы аналіз на каранавірус ведае ад лекараў, якія прыходзілі браць аналізы ў дзяцей. Яшчэ ўзімку да настаўніцы прыязджаў сваяк, які працуе дальнабойнікам і быў у Еўропе.
Настаўніцу нібыта ўжо перавезлі ў Менск, аб яе стане ў вёсцы нічога не вядома. Са слоў жыхароў Новых Доктаравічаў, яшчэ некалькі пацыентаў былі вывезеныя ў сталіцу з Капыльскай лякарні. Але падрабязнасці жыхары вёскі не ведаюць, усё на ўзроўні чутак.
«Куды і навошта вязуць нашых дзяцей?! - казалі бацькі вучняў на школьнай верандзе. - Я свайго нікому не аддам, няхай яны робяць тое, што хочуць».
Мужчыны поўныя рашучасці. З іх слоў, адміністрацыя школы нікому нічога не тлумачыць. Журналістам таксама.
«Я вам нічога каментаваць не буду, ідзіце адсюль, якое вы маеце права тут знаходзіцца? - катэгарычна адмаўляецца размаўляць з журналістамі працаўніца школьнай адміністрацыі. - Гэта тэрыторыя школы, ідзіце!»
Канікулы ў Доктаравіцкай школе пачаліся толькі ў панядзелак. Са слоў бацькоў, дзяцей папрасілі прывесці ў школу ў абед, 30 сакавіка. Але не з усіх класаў, а толькі з некаторых. Дарослыя думаюць, правяраць будуць толькі тых, з кім кантактавала захварэлая настаўніца.
Аўтобус з вучнямі Доктаравіцкай школы ўжо прыехаў у Капыль, у раённую лякарню. Па стане на раніцу 30 сакавіка лякарня была закрытая для наведвання «праз рост захворванняў».
Зіновій Гозман, першы намеснік начальніка ўправы аховы здароўя Менскага аблвыканкама, сказаў, што «эпідсітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь можа каментаваць Міністэрства аховы здароўя».