«Стаю толькі і плачу»: медыкі падазраюць распаўсюд COVID-19 у Капыльскім раёне
45- 30.03.2020, 21:20
- 79,761
Лекары ў спецвопратцы заходзілі ў кожны дом і вымяралі жыхарам тэмпературу.
«Хадзілі па хатах, да нас прыходзілі таксама, - распавядае Еўрарадыё Святлана, касірка з прадуктовай крамы ў Новых Доктаравічах, аграгарадку ў Капыльскім раёне Менскай вобласці. - Бралі мазкі і аналізы на каранавірус. Ва ўсіх настаўнікаў бралі, таму што агмень пачаўся са школы. Настаўніца і прыбіральшчыца ляжаць у рэанімацыі... Пнеўманія, двухбаковае запаленне... Там шмат чалавек».
29 сакавіка ў вёсках Доктаравічы, Новыя Доктаравічы і Вуглы (усё - Капыльскі раён Менскай вобласці) з'явіліся медыкі ў спецвопратцы. Яны заходзілі ў кожны дом і вымяралі жыхарам тэмпературу.
Са слоў Святланы, усіх, у каго тэмпература была вышэй за 37,2, адвезлі ў бальніцы ў Менску і ў Барысаве. Шпіталізавалі і мужа суразмоўніцы - з тэмпературай 37,4.
«Я не ведаю пакуль, у якую бальніцу. Стаю толькі і плачу, - кажа жанчына. - З вёскі забралі чалавек 15. Яшчэ вязуць школьнікаў чацвёртых - пятых класаў».
У Доктаравічы кажуць, што вірус у вёску прывёз кіроўца-дальнабойнік - сваяк адной з супрацоўніц школы, які вярнуўся з-за мяжы. Святлана расказвае, што да 29 сакавіка ніхто і не падазраваў пра каронавірус, хоць «у вёсцы хварэюць ужо, напэўна, месяц».
Каментаваць сітуацыю ў школе Еўрарадыё не сталі. Дырэктарка сказала, што яна вельмі занятая.
Аператар машыннага даення Анжэла з Новых Доктаравіч таксама распавядае, што ў нядзелю лекары з Менска і Капыля хадзілі па хатах і правяралі тэмпературу ў мясцовых жыхароў.
«У нас тэмпературы не было, нам дома не казалі заставацца, - распавядае яна. - Сказалі, што ўсё роўна гаспадаркі не будуць зачыняць. Усё роўна каму-небудзь трэба кароў даіць. Мы ўсё адно ходзім на працу. Маскі нам далі. Шмат людзей з Новых Доктаравіч хварэюць і ляжаць у бальніцах. Каранавірус гэта ці не - ніхто не ведае, нам пра гэта не кажуць».