18 лiстапада 2024, панядзелак, 10:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Заходжу ў беларускі банк - сядзіць натоўп народу, жанчына чхае»

6
«Заходжу ў беларускі банк - сядзіць натоўп народу, жанчына чхае»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА MINSKNEWS.BY

Гісторыі беларусаў, якія сутыкнуліся з каранавірусам.

Эпідэмія каранавірусу набірае абароты ва ўсім свеце. Сотні тысяч хворых і дзясяткі тысяч памерлых. Большасць краін робіць сур'ёзныя захады супраць віруса. Беларускія ж улады - не. Што кажуць беларусы?

Таццяна Яфрэмава падчапіла вірус у Мілане акурат у тыя дні, калі яшчэ ніхто не ведаў пра эпідэмію. А мерапрыемствы моднай індустрыі праходзілі ў звычайным парадку, паведамляе «Белсат».

«Вярнуўшыся ў Беларусь, я была ў стане прастуды: тэмпература 37, нос закладзены... Першы тэст быў адмоўны, але потым мне паведамілі, што вынікі сумнеўныя. І тут усё пачалося, - кажа Таццяна. - У мяне гэта працякала як прастуда. Вядома, я кашляла. Прыслухоўвалася да кожнага руху свайго арганізма. Патрапіўшы ў такія абставіны, першы час мне было страшна і за сябе, і за родных, і за ўсіх, з кім я кантактавала».

Не менш эмацыйна выказваюцца нашы землякі, якія сядзяць на карантыне ў Італіі, Нямеччыне, Канадзе, Гішпаніі ды іншых краінах, дзе каранавірус штодзень забірае сотні жыццяў.

Пад гукі сірэн і відэа з пустымі паліцамі ў крамах беларусы замежжа распавядаюць аб надзвычайным становішчы, штрафах парушальнікам карантыну, інфікаванні COVID-19 высокіх дзяржаўных асоб і асабістых трывогах.

«Напэўна, людзі саромеюцца прызнаць, што ў іх каранавірус, адчуваюць сябе пракажонымі...»

Звычайныя беларусы, якія ў рознай ступені сутыкнуліся з каранавірусам, дзеляцца думкамі аб магчымых прабелах у захадах для барацьбы з распаўсюджваннем інфекцыі.

Лідар аб'яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка адправіў у шпіталь дачка Маргарыту - студэнтку БДУ, якая апынулася кантактам другога ўзроўню. Праўда, каранавірус у яе не пацвердзілі.

«Калі б студэнтаў адправілі на карантын, як толькі стала вядома пра першага носьбіта каранавіруса ў Беларусі [студэнт з Ірана. - Заўвага belsat.eu], то мая дачка не была б у шпіталі, - эмацыйна выказваецца спадар Шумчанка. - Яна была ў 16-й з ліку «хуткай», а ззаду яшчэ 54 машыны. Падумайце нават пра эканамічныя чыннікі. Таму трэба прызнаць, што момант з карантынам мы праваронілі»

У ранейшых выданнях ток-шоў «Кожны з нас» мы распавядалі гісторыю беларускай студэнткі, якая вярнулася ў Менск з Шанхая і не змагла дамагчыся тэсту на каранавірус ў нашым Нацыянальным аэрапорце. Як высветлілася, трывога была абгрунтаваная.

Нягледзячы на небяспечную эпідэмію, жыццё на вуліцах нашых гарадоў віруе. Гэта здзіўляе журналіста «Белсата» Алеся Сіліча, які нядаўна вярнуўся з Бэльгіі.

«Я заходжу ў беларускі банк - сядзіць натоўп народу, жанчына чхае. Супрацоўнікам банка ўсё адно, людзям усё адно, жанчыне ўсё адно, - абураецца Алесь Сіліч. - Пра што тут можна казаць? Пакуль ты сам не будзеш захоўваць нейкія правілы і найперш трымаць дыстанцыю з іншымі людзьмі, ніякія загады, ніякія захады не дапамогуць».

Мянчук Багдан Швайбовіч распавядае, як двух ягоных суседзяў з пад'езду забралі ў лякарню з падазрэннем на каранавірус. Якія напраўду аналізы ў «падазраваных», ён дагэтуль не ведае.

«Напэўна, людзі саромеюцца прызнаць, што ў іх каранавірус, - выказвае здагадку Багдан. - Яны адчуваюць сябе пракажонымі. Я як адказны чалавек надумаў прытрымаць сваіх дзяцей у карантыне, каб не пусціць гэты вірус далей...»

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках