Кошт расейскай нафты Urals знізіўся да $13 за барэль
21- 31.03.2020, 16:23
- 29,238
Гэта ўзровень коштаў сакавіка 1999 года.
Кошт расейскай нафты гатунку Urals у Паўночна-Заходняй Еўропе апусціўся да мінімальнага ўзроўню з сакавіка 1999 году - 13 даляраў за барэль. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы агенцтва Argus Media, паведамляе finanz.ru.
Зніжка на Urals засталася ранейшай - 4,75 даляра на барэль. Гэта максімальнае значэнне дысконту з чэрвеня 2008 года, адзначае агенцтва.
Паводле інфармацыі Argus, сёння ф'ючэрсы на Brent на біржы ICE пачалі павольна расці, бо трэйдараў падбадзёрыла навіна аб магчымым супрацоўніцтве Расеі і ЗША ў стабілізацыі рынкаў.
«Удзельнікі рынку не выключаюць даволі працяглага перыяду захавання нізкіх коштаў нафты праз скарачэнне нафтаперапрацоўкі. Попыт на многія нафтапрадукты ў свеце імкліва паменшыўся з прычыны значнага зніжэння сусветнай эканамічнай актыўнасці праз пандэмію каранавірусу. Заканчэнне тэрміну дзеяння ўгоды АПЕК + пагоршыла сітуацыю і прывяло да павелічэння прапановы сыравіны на сусветным рынку», - гаворыцца ў справаздачы.
31 сакавіка кошт ф'ючэрса на нафту маркі Brent з пастаўкай у чэрвені 2020 года на біржы ICE ў Лондане вырас на 1,6% - да 26,85 даляра за барэль. Пры гэтым у піку росту кошт нафты гэтага гатунку дасягаў 27,4 даляра за барэль. Кошт маркі WTI ўзрос на 5,4% - да 21,18 даляра за барэль.
Напярэдадні кошт нафты Brent апускаўся да ўзроўню сакавіка 2002 году - да 21,76 даляра за барэль, кошт нафты WTI падаў да 20,1 даляра за барэль.