Прынц Гары і Меган Маркл страцілі статус каралеўскіх сямейнікаў
- 31.03.2020, 17:17
- 12,978
Муж і жонка апублікавалі развітальнае пасланне ў сваім Instagram.
Брытанскі прынц Гары і ягоная жонка Меган Маркл 31 сакавіка афіцыйна склалі з сябе паўнамоцтвы каралеўскіх сямейнікаў. Развітальнае пасланне супольнасці было апублікаванае ў афіцыйным запісе герцага і герцагіні Сасекскіх у Instagram, паведамляе «Зеркало недели. Украина».
«Паколькі мы ўсе знаходзім ролю, якую мы павінны адыгрываць у гэтым глабальным зруху і змене звычак, мы засяроджваем увагу на гэтым новым раздзеле, каб зразумець, якім чынам мы можам зрабіць наш найбольшы ўнёсак... Дзякуй супольнасці - за падтрымку, натхненне і агульную прыхільнасць дабру ў свеце. Мы з нецярпеннем чакаем хуткага яднання з вамі. Вы былі шыкоўныя! А да таго моманту, калі ласка, турбуйцеся пра сябе і адзін пра аднаго», - гаворыцца ў паведамленні.
Прынц Гары і Меган Маркл захаваюць свае тытулы, але не змогуць імі карыстацца. Гары па-ранейшаму застаецца шостым у чарзе на брытанскі трон, а ягоны сын Арчы - сёмым.
Нагадаем, 8 студзеня прынц Гары і Меган Маркл паведамілі пра пастанову пакінуць каралеўскую сям'ю. Муж і жонка збіраюцца адмовіцца ад пажыццёвага ўтрымання за кошт бюджэту Кароны, самастойна забяспечваць сябе, жыць як у Брытаніі, так і ў Паўночнай Амерыцы, а таксама заснаваць уласную дабрачынную арганізацыю. Сваю пастанову герцаг і герцагіня Сасекскія не абмяркоўвалі ні з Элізабэт II, ні з іншымі старэйшымі сямейнікамі каралеўскай сям'і.