У галоўнага лекара лякарні, з якім кантактаваў Пуцін, знойдзены каранавірус
51- 31.03.2020, 17:44
- 40,288
Расейскі лекар кантактаваў з кіраўніком Крамля тыдзень таму.
У галоўнага лекара расейскай лякарні ў Камунарцы Дзяніса Працэнкі дыягнаставаны каранавірус, паведамляе РБК са спасылкай на тэлеканал «Расія 24».
У заяве ўказваецца, што стан Працэнкі ацэньваецца як здавальняючы. цяпер ён знаходзіцца на лячэнні ў гэтай жа лякарні.
Суразмоўцы тэлеканала паведамілі, што сур'ёзных змен у працы інфекцыйнага цэнтра пакуль няма, аднак пераход на іншы рэжым не выключаны.
Сам Працэнка ў сябе ў Facebook прызнаў, што ў яго станоўчы тэст на каранавірус. «Адчуваю сябе цалкам добра. Ізаляваны ў сваім кабінеце, дзе ёсць усе ўмовы для дыстанцыйнай працы, кіравання і тэлемедыцынскіх кансультацый. Думаю, што выпрацаваны за гэты месяц імунітэт робіць сваю справу», - паведаміў ён.
З галоўным лекарам 24 сакавіка сустракаўся кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін падчас наведвання інфекцыйнага цэнтра. Тады Працэнка папярэдзіў кіраўніка дзяржавы аб магчымым паўторы ў Расеі «італійскага сцэнару» з вялікай колькасцю захварэлых і памерлых.