У Арменіі забаранілі ўскрываць целы памерлых ад каранавіруса
1- 31.03.2020, 19:26
- 14,707
Пакуль невядома, колькі можа існаваць каранавірус у арганізме памерлага чалавека.
Парламент Арменіі на пазачарговым пасяджэнні ў аўторак занёс дапаўненні ў закон «Аб медыцынскай дапамозе і абслугоўванні насельніцтва», якім прадугледжанае, што ў выпадку смерці чалавека ад каранавіруса яго ўскрыццё не ажыццяўляецца, паведамляе interfax.by.
У мінулы панядзелак кіраўнік Міністэрства юстыцыі Арменіі Рустам Бадасян, падаючы законапраект, заявіў, што кампаніі, якія прадстаўляюць патолагаанатамічныя паслугі ў Арменіі, не маюць неабходных умоў для ажыццяўлення ўскрыцця памерлых з прычыны каранавіруса, і не адпавядаюць міжнародным патрабаванням што да гэтага.
«З улікам тых абставін, што ступень «заразнасці» каранавіруснай інфекцыі пакуль не вядомая, працэс ўскрыцця можа прывесці да незваротных наступстваў, і не ясна, колькі можа існаваць каранавірус у арганізме памерлага чалавека, таму варта не ажыццяўляць ускрыцця ў выпадку смерці ад каранавіруса», - заявіў кіраўнік Міністэрства юстыцыі Арменіі.
Акрамя таго, у аўторак парламент прыняў папраўкі да законаў «Аб прававым рэжыме надзвычайнага становішча» і «Аб электронных камунікацыях», якія прадугледжваюць дадатковыя захады ў рамках барацьбы з распаўсюдам каранавіруса.
Прадстаўляючы законапраект, Бадасян паведаміў, што аператары мабільнай сувязі будуць абавязаны падаць ураду звесткі аб тэлефонных размовах абанентаў, між іншым, пра іх месцазнаходжанне, час пачатку і заканчэння размовы.
«Асобы, перамяшчэнне якіх абмежаванае, будуць абавязаны выкарыстоўваць спецыяльныя мабільныя дадаткі. Гэтыя захады прымаюцца ў перыяд рэжыму надзвычайнага здарэння і з мэтай раскрыцця кола зносін, прадухілення распаўсюджвання віруса, сачэння за напрамкам, схемай распаўсюджвання віруса, абмежавання кола распаўсюджвання хваробы», - адзначыў Бадасян.
З ягоных слоў, штраф за парушэнне абмежавальных патрабаванняў што да каранавіруса прадугледжаны сумаю 100 тысяч - 250 тысяч драмай ($200- $500).
Кіраўнік Міністэрства юстыцыі адзначыў таксама, што сабраныя звесткі будуць знішчаныя не пазней, чым праз месяц пасля скасавання рэжыму надзвычайнага здарэння ў Арменіі.