Прэзідэнт Польшчы падпісаў пакет дапамогі эканоміцы
2- 1.04.2020, 18:06
- 16,871
На рэалізацыю «Антыкрызіснага шчыта» ўрад Польшчы выдзеліць больш за 210 млрд злотых.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў законы, вядомыя таксама як «Антыкрызісны шчыт», мэта якіх змякчыць эканамічныя наступствы пандэміі каранавірусу, паведамляе «Радыё Польшча».
«Антыкрызісны шчыт» быў распрацаваны з мэтай захаваць працоўныя месцы і дапамагчы фірмам падтрымаць фінансавую ліквіднасць. На яго рэалізацыю ўрад выдзеліць больш за 210 млрд злотых, а гэта блізу 46 млрд еўраў.
«Прэзідэнт шматкроць публічна казаў пра тое, што хоча як мага хутчэй падпісаць гэтыя законы, гэта значыць, «Антыкрызісны шчыт»», - адзначыў прэс-сакратар кіраўніка польскай дзяржавы Блажэй Спыхальскі.
У падпісаных законах гаворка ідзе аб пастановах, ініцыяваных лідарам краіны, напрыклад, аб скасаванні ўнёскаў у Фонд сацыяльнага страхавання (ZUS) тэрмінам на тры месяцы для мікрафірмаў, у якіх працаўладкаваных менш за 9 чалавек, чый даход знізіўся як мінімум напалову.
«Для прэзідэнта вельмі важная падтрымка гэтай групы, а таксама падтрымка фермераў, польскай сельскай гаспадаркі. На ініцыятыву прэзідэнта ў «Антыкрызісным шчыце» з'явілася палажэнне аб вызваленні ад унёскаў у касах сельскагаспадарчага сацыяльнага страхавання (KRUS). У гэтым пакеце законаў фермеры нароўні з прадпрымальнікамі», - сказаў Блажэй Спыхальскі.
Прадпрымальнікі могуць запоўніць заяву на субсідаванне заробку працаўнікам, - адзначыла міністр сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы Марлена Малонг.
Кіраўніца міністэрства дадала, што прадпрымальнікі таксама могуць запоўніць заяўку на атрыманне мікрапазыку ў рамках «Антыкрызіснага шчыта». Марлена Малонг нагадала, што субсідыю могуць атрымаць прадпрымальнікі, якія цягам апошніх двух месяцаў зафіксавалі зніжэнне абарачэння.
«Прадпрымальнікі могуць атрымаць субсідыі ў суме да 40% сярэдняга заробку. Падчас прастою ўрад выплачвае да паловы мінімальнага заробку. Сродкі на гэта будуць выдзелены з дзяржаўнага бюджэту. Вядома, у сітуацыі, калі цягам апошніх двух месяцаў прадпрыемства зафіксавала зніжэнне абарачэння на 15%, або на 25% - за апошні месяц, то гэтыя фірмы атрымаюць дапамогу ад урада», - сказала міністр Малонг.
Міністр сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі заявіла, што, на ацэнку экспэртаў міністэрства, да канца года ўзровень беспрацоўя можа скласці 10%. Міністр дадала, што рост беспрацоўя будзе прыкметны ўжо ў канцы красавіка.