Што кажуць жыхары Новых Доктаравічаў, дзе ад каранавіруса памерла жанчына?
4- 1.04.2020, 19:55
- 28,420
З вёскі шпіталізавана блізу 30 чалавек.
Настаўніца з Новых Доктаравічаў Капыльскага раёна памерла ў ноч на 1 красавіка ў цэнтральнай раённай бальніцы, куды яе шпіталізавалі з пнеўманіяй. Аднавяскоўцы адклікаюцца пра яе і сям'ю як пра людзей ціхіх, ветлівых, спакойных. І выказваюць спачуванне родным, піша «Белсат».
Сітуацыя ў вёсцы Новыя Доктаравічы выглядае напружана. На вуліцах практычна няма людзей. Рэдкія ж мінакі адмаўляюцца каментаваць падзеі апошніх дзён, спасылаючыся на тое, што не валодаюць ніякай інфармацыяй, нават пакуль пра вынікі мазкоў, якія ў іх бралі напярэдадні, а таксама праз нежаданне мець праблемы з мясцовымі ўладамі:
«Нам жа яшчэ тут жыць, вы зразумейце. Ды і не спецыялісты мы ў гэтай справе».
У мясцовым ФАПе рэкамендуюць звярнуцца ў санстанцыю горада Капыль:
«Мы, тут на месцах, людзі маленькія. Уся інфармацыя ў іх».
На вуліцы, дзе стаіць дом мясцовай настаўніцы, пра апошнія падзеі ведаюць. Пажылая суседка пацвярджае інфармацыю пра смерць Наталлі А.
«Мне 80 гадоў, я ўжо нікуды не хаджу. Сям'ю ведаю, добрыя людзі, сумленныя, спакойныя. Яны пераехалі сюды гады два таму з Менска. Ніколі ад іх не даносілася ні лаянак, ні сварак. Муж так кожны дзень хадзіў яе да школы сустракаць. У іх такія адносіны былі, быццам толькі пажаніліся. Добрыя людзі. Тое, што здарылася з імі, жудасна. Адкуль тут што ўзялося, хто ж скажа. Нам нічога не гавораць. Ведаем, што толькі са школы пачалося. А там жа дзеці. Усё гэта страшна».
Цёплымі і шчырымі словамі пра сям'ю адклікаецца і іншая суседка, якая жыве зусім побач. Родныя ж пакуль каментаваць здарэнне не гатовыя.
Пра тое, што з вёскі шпіталізавана блізу 30 чалавек, паведамляе мясцовы мужчына. З яго слоў, у бальніцы знаходзяцца яшчэ некалькі чалавек з Доктаравічскай сярэдняй школы: настаўніца фізічнай культуры і дырэктар.
«У горшым стане забіраюць у Менск. Хто лепей сябе адчувае -развозяць па раённых медыцынскіх установах. Астатнім людзям сказалі сядзець па хатах, бачыце, нікога ж няма на вуліцы. Сказалі ні з кім чужым не размаўляць, у двор не пускаць», - адзначае ён.
Застаюцца ў бальніцы і дзеці, якіх забралі 30 сакавіка. Аддзяленне закрыта для наведвання, але магчыма перадаць прадукты і рэчы. Як распавёў Belsat.eu яшчэ адзін мясцовы жыхар, адзенне, у якім дзеці з'ехалі, бацькам не аддаюць.
Да суседняй хаты, дзе пражывала Наталля А. з сям'ёй, пад'язджае аўтамабіль хуткай дапамогі. Ад каментароў медыкі адмаўляюцца, сыходзячы ў глыб двара.
У суседняй вёсцы Вуглы, са слоў мясцовай жыхаркі, пакуль шпіталізаваныя два чалавекі з дыягназам пнеўманія. Прадстаўнікі санстанцыі або медыкі больш ні да каго не прыязджалі.
Праверыць інфармацыю аб колькасці шпіталізаваных, іх стане і ў якім рэжыме працуе бальніца ў прадстаўнікоў медыцынскай установы немагчыма. У прыёмнай Капыльскай цэнтральнай раённай бальніцы перанакіроўваюць у Міністэрства аховы здароўя:
«Мы зусім не маем права нічога каментаваць».
Па нумары галоўнага лекара Капыльскай ЦРБ Сяргея Пацейковіча ўвесь дзень адказвае аўтаадказчык.